Дата нараджэння:
24.05.1904 Пясочнае, в., Слуцкі павет, Мінская губерня (аг. Пясочнае, Капыльскі раён, Мінская вобласць)
Дата смерці:
21.03.1987 Мінск, г.
Кароткая даведка:
паэт, многія вершы якога пакладзены на музыку і сталі папулярнымі песнямі ("Бывайце здаровы", "Ой, бярозы ды сосны...", "Не за вочы чорныя" і інш.), заслужаны дзеяч культуры Беларусі, узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў і "Знак Пашаны", медалямі
Імёны на іншых мовах:
Русак Адам Герасимович (руская);
3896 сімвалаў
Даведка
Адметнай старонкай нацыянальнай паэтычна-песеннай культуры Беларусі з’яўляецца творчасць Адама Герасімавіча Русака, многія вершы якога былі пакладзены на музыку. Кампазітараў прываблівала іх багатая паэтычная палітра, глыбокая думка, песеннае гучанне і меладычная інтанацыя.
Нарадзіўся А. Русак у в. Пясочнае Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Яго бацька добра іграў на скрыпцы, стварыў у вёсцы невялікі аматарскі аркестр, дзе А. Русак атрымаў першыя ўрокі музыкі. Пасля заканчэння ў 1914 г. Песачанскай пачатковай школы ён некаторы час працаваў на гаспадарцы. У 1922 г. паступіў у Мінскі будаўнічы тэхнікум, аднак пакінуў вучобу і ў 1925 г. стаў студэнтам музычнага тэхнікума, які адкрыўся ў Мінску. У час вучобы іграў у сімфанічным аркестры Беларускага радыё, два гады (1928–1930) служыў у Чырвонай арміі (быў музыкантам вайсковага аркестра). У 1930 г. А. Русак скончыў тэхнікум і паступіў у Ленінградскую кансерваторыю (клас прафесара М. Буяноўскага). Адначасова, з 1932 г. і пасля заканчэння кансерваторыі (1934), працаваў у аркестры Ленінградскага Малога опернага тэатра. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Арэнбургу. У 1949 г. яго запрасілі ў сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Вершы А. Русак пачаў пісаць яшчэ ў Пясочным. 27 мая 1927 г. у часопісе “Чырвоны сейбіт” быў апублікаваны яго першы твор “Мая песня”. Больш рэгулярна друкаваўся з 1932 г. (у часопісах “Заклік”, “Полымя рэвалюцыі”, газетах “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”). У 1940 г. быў падрыхтаваны зборнік “На родных палетках” (выдадзены ў 1946 г.). Потым з’явіліся кнігі “Песні і вершы” (1951), “Песні” (1954), “Пад голас баяна” (1957), “Звонкія крыніцы” (1965), “Закрасуйся, Нёман” (1978) і інш. Ёсць у паэта і творы для дзяцей, якія ўвайшлі ў зборнікі “У Буслаўцы” (1967), “Добра ведаю ўрок” (1981), “Дружбакі” (1987). Прывабнасць паэзіі А. Русака ў яе напеўнасці, музычнасці, лірызме, арганічнай сувязі з фальклорам. Асабліва ярка гэта выяўляецца ў вершах “Чырвоная вяргінечка”, “Вясельная”, “Зімовы вечар”, “Крынічанька”, “Як правёў мяне Цімох” і інш. Глыбінёй і шчырасцю кранае любоўная лірыка А. Русака (вершы “Толькі з табою”, “Дзе ты, зорка мая…”, “Ціхі вечар”, “Сярожка” і інш.). Шмат твораў прысвяціў паэт роднаму краю, сваім землякам, Радзіме і яе абаронцам у час Вялікай Айчыннай вайны (“Мой край”, “Веснавыя плыні”, “Жніўная песня”, “Закрасуйся, Нёман”, “Мяцеліца”, “Люблю лугі квяцістыя”, “На Прыпяці”, “Прыляцелі гусі”, “Купчастая вішня”, “Край палескі”, “Лясная песня” і інш.).
У пачатку творчага шляху А. Русак не ставіў за мэту пісаць песні, але кампазітары самі звярталі ўвагу на яго творы – задушэўныя, лірычныя, некаторыя з мяккім народным гумарам. На думку Э. Зарыцкага, у іх між радкоў гучыць мелодыя, яе трэба толькі запісаць. Менавіта таму каля 300 вершаў паэта сталі песнямі, выканаўцамі якіх былі Л. Александроўская, І. Балоцін, Л. Уцёсаў, І. Кабзон і іншыя, а таксама вакальна-інструментальныя ансамблі “Песняры”, “Верасы”, “Чараўніцы”. Музыку да іх стваралі Р. Пукст, А. Туранкоў, У. Алоўнікаў, Ю. Семяняка, І. Лучанок і іншыя беларускія кампазітары. Найбольшую вядомасць атрымала песня “Бывайце здаровы” (музыка У. Захарава і І. Любана), якая стала народнай. Пра гісторыю яе стварэння на кінастудыі “Беларусьфільм” у 1983 г. быў пастаўлены аднайменны фільм (сцэнарый Л. Гедравічуса і І. Цішчанкі). Вялікі ўклад унёс паэт у папулярызацыю беларускай этнаграфічна-музычнай творчасці. Ён стварыў фальклорны ансамбль “Нёманцы”, які выступаў па ўсёй Беларусі.
У 1964 г. А. Русак атрымаў званне “Заслужаны работнік культуры БССР”. Ён узнагароджаны ордэнамі Дружба народаў і “Знак пашаны”, медалямі. У апошнія гады жыцця паэт цяжка хварэў. Памёр 21 сакавіка 1987 г. Пахаваны на могілках у роднай вёсцы побач з бацькамі. Імем А. Русака названы вуліцы ў Капылі і Пясочным.