Адным з першых даследчыкаў расліннасці Беларусі быў вучоны-батанік Уладзімір Уладзіміравіч Адамаў.
Нарадзіўся ён у Санкт-Пецярбургу ў сям'і землеўладальніка: бацькам належала зямля ў в. Вялікія Лётцы (Віцебскі раён), куды сям'я прыязджала на лета. У гэтым маляўнічым кутку Віцебшчыны прайшло дзяцінства і юнацтва Уладзіміра. Пасля заканчэння гімназіі ён паступіў на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы на працягу 10 гадоў У.У. Адамаў працаваў у Батанічным інстытуце ўніверсітэта, дзе вывучаў флору Сярэдняй Азіі, апрацоўваў гербарыі, што дасылаліся ў навучальную ўстанову, прымаў удзел у экспедыцыях і экскурсіях па розных рэгіёнах Расіі. Важнай вяхой у навуковай дзейнасці У.У. Адамава быў удзел у складанні «Гербария русской флоры» і шэрагу іншых гербарыяў прыкладной батанікі. Вядомасць яго як вучонага-батаніка і садавода хутка расла: у якасці спецыяліста па навуковым і мастацкім садаводстве вучонага запрашалі на працу буйныя землеўладальнікі Цвярской губерні. Тут У.У. Адамаў арганізаваў вопытна-біялагічныя станцыі, паркі з пладовымі садамі, дэндралагічнымі аддзяленнямі, гадавальнікамі і аранжарэямі.
У 1890 г. вучоны пераехаў у Беларусь. У маёнтку Вялікія Лётцы, што дастаўся яму ў спадчыну, стварыў батанічны і вопытна-акліматызацыйны сады, пабудаваў цяпліцы, парнікі, займаўся вывучэннем і развядзеннем лекавых раслін. Насенне і расліны яму дасылалі батанічныя сады Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, Акадэміі навук Расіі, садовыя арганізацыі Варшавы, Парыжа, Жэневы і інш. Да 1910 г. у Вялікалятчанскім садзе (каля Віцебска) было сабрана 13 відаў папаратнікаў, 344 віды драўняных, 664 – травяністых і паўхмызняковых раслін. Для больш актыўнага абмену з айчыннымі і замежнымі калегамі У.У. Адамаў выдаў у Санкт-Пецярбургу некалькі каталогаў раслін свайго саду. У 1913 г. пасля вяртання з-за мяжы, дзе ён ўдасканальваў свае веды, вучоны быў абраны асістэнтам кафедры батанікі Санкт-Пецярбургскіх вышэйшых сельскагаспадарчых курсаў. З 1916 г. У.У. Адамаў жыў у сваім радавым маёнтку. У 1918 г. сад і парк былі перададзеныя ў распараджэнне Віцебскага агранамічнага пададдзела губернскага зямельнага аддзела, у 1923 г. – Віцебскаму сельскагаспадарчаму тэхнікуму, а праз год – Віцебскаму ветэрынарнаму інстытуту. У канцы 1924 г. сад меў каля 400 відаў драўняных парод, калекцыю шматгадовых травяністых раслін, цяпліцу з трымастамі відамі экзотаў, гербарый, гадавальнік, дзе вырошчвалася больш за 2000 відаў лекавых, тэхнічных, ягадных і іншых раслін, батанічны музей. Па патрабаванні У.У. Адамава было прынята рашэнне аб стварэнні ў Вялікіх Лётцах запаведнай зоны.
У пачатку 1920-х гг. частка раслін з калекцыі вучонага была перавезена ў Віцебск, дзе пры яго ўдзеле быў закладзены гарадскі Батанічны сад. У гэты перыяд У.У. Адамаў актыўна займаўся выкладчыцкай работай у Віцебскім інстытуце народнай адукацыі, сельскагаспадарчым тэхнікуме, Політэхнікуме і іншых установах. У 1924 г. вучоны пераехаў у Мінск. Працаваў загадчыкам батаніка-лізіметрычнага аддзела Мінскай балотнай доследнай станцыі, узначальваў секцыю натуралізацыі Беларускага аддзялення Усесаюзнага інстытута прыкладной батанікі. У.У. Адамаў стаў адным з заснавальнікаў Батанічнага сада Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і сфарміраваў большую частку яго калекцыі. Быў кіраўніком геабатанічнай экспедыцыі Упраўлення меліярацыі Наркамзема БССР. Апошнія гады цяжка хворы У.У. Адамаў жыў у Крыме, дзе сумяшчаў лячэнне з працай у Нікіцкім батанічным садзе.
Вучоным-батанікам напісаны і выдадзены шэраг навуковых прац, якія і цяпер маюць тэарэтычнае і практычнае значэнне. Першая фларыстычная праца У.У. Адамава з'явілася ў часопісе Батанічнага аддзела Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта ў 1900 г. Яна была прысвечана невядомаму азіяцкаму віду Стрэлаліста плаваючага. Вучоны прывёў даныя аб распаўсюджванні гэтага віду ў Сібіры і Еўрапейскай Расіі. У 1919 г. у Віцебску была выдадзена праца «Исландский мох (исландский лишай или сухобор)». У 1924 г. у трэцім томе «Записок Белорусского государственного института сельского хозяйства» была змешчана праца вучонага «Alisma submersum», у якой ён даў падрабязнае апісанне новага віду лішайніку, зробленае на падставе дваццацігадовых назіранняў над гэтай раслінай, знойдзенай у наваколлях Віцебска. У 1930 і 1932 гг. У.У. Адамаў апублікаваў дзве вялікія працы пра беларускія бярозы, у 1930 г. тыражом 5000 экзэмпляраў была надрукавана яго работа «Кароткі паказальнік жывых насаджэнняў Усебеларускай выстаўкі сельскай гаспадаркі і прамысловасці з больш падрабязным апісаннем калекцый раслін Мінскай цэнтральнай балотнай станцыі» (сумесна з М.М. Ганчарыкам). У 1948 г. у Маскве пабачыла свет работа У.У. Адамава «Деревья и кустарники. Часть 3. Покрытосеменные». Многія працы вучонага па сістэматыцы раслін, дэндралогіі, геабатаніцы засталіся неапублікаванымі.
Доўгія гады імя батаніка, заснавальніка першых у Беларусі батанічных акліматызацыйных садоў У.У. Адамава знаходзілася ў нябыце. Толькі ў 2000 г. у сувязі з 125-годдзем з дня нараджэння вучонага-батаніка на сядзібным доме ў Вялікіх Лётцах, дзе ён жыў і працаваў, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.