Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Дата пачатку:
1930 Мінск, г.
Кароткая даведка:
навучальна-дапаможная база для падрыхтоўкі студэнтаў-біёлагаў, правядзення навуковых даследаванняў і культурна-асветнай работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды
Варыянты назвы:
Батанічны сад БДУ
Назвы на іншых мовах:
Ботанический сад БДУ (руская); Ботанический сад Белорусского государственного университета (руская);
2178 сімвалаў
Даведка
Гісторыя стварэння батанічнага сада пры Беларускім дзяржаўным універсітэце пачынаецца з 1930 г. Сярод яго арганізатараў і кіраўнікоў – выдатныя вучоныя ў галіне батанікі С. П. Мельнік, У. У. Адамаў, Н. О. Цэтэрман, Л. М. Ніканаў і інш. У даваенны перыяд ён размяшчаўся на тэрыторыі ўніверсітэцкага гарадка ў цэнтры Мінска. У памяшканнях біялагічнага факультэта, а таксама ў невялікай аранжарэі на даху захоўваліся калекцыі трапічных і субтрапічных раслін. У 1945 г. быў выдадзены першы каталог і пачаўся абмен насеннем з батанічнымі ўстановамі іншых краін. У 1952–1956 гг. батанічная калекцыя з цэнтра была перанесена на біёлага-геаграфічную станцыю “Чырвонае ўрочышча”, а ў 1967 г. – у в. Шчомысліца Мінскага раёна (цяпер у межах Мінска), дзе ў той час працавала дэндралагічная вопытная станцыя Усесаюзнага інстытута расліназнаўства. Арганізатарам стварэння сада на новым месцы і кіраўніком навукова-даследчай работы з’яўляўся Ю. А. Бібікаў. Батанічны сад быў выдзелены ў навучальна-дапаможнае падраздзяленне біялагічнага факультэта, а яго калекцыя ў гэты перыяд складала каля 100 відаў.
У цяперашні час у складзе батанічнага сада Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта маюцца дэндрарый, участкі травяністых раслін адкрытага грунту, навучальная аранжарэя. Пад ахоўныя абавязацельствы таксама перададзены батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння “Дубрава Шчамысліцкая” (Мінскі раён), дзе растуць стараўзроставыя чарэшчатыя дубы. У дэндрарыі расце каля 250 каштоўных і рэдкіх экзотаў з Сібіры, Далёкага Усходу, Заходняй Еўропы, Паўночнай Амерыкі. Калекцыя травяністых раслін адкрытага грунту налічвае каля 900 відаў і сартоў дэкаратыўных, лекавых, харчовых, вастраводарных, тэхнічных і кармавых раслін. У аранжарэі вырошчваецца больш за 350 відаў з 80 сямействаў трапічных і субтрапічных экзотаў Еўропы, Азіі, Амерыкі і Афрыкі. Сабраныя калекцыі служаць базай навуковых даследаванняў і банкам для зберажэння генафонду раслін свету. Штогод тут збіраецца каля 500 відаў насення для абмену з іншымі батанічнымі садамі, рэгулярна выпускаюцца каталогі раслін. Батанічны сад праводзіць экскурсіі, аказвае дапамогу ў азеляненні тэрыторыі горада.