Імёны на іншых мовах:
Глебка Пётр Фёдорович (руская); Глебка Петро (руская);
4990 сімвалаў
Даведка
Пачатак творчага шляху Пятра (Пятра Фёдаравіча) Глебкі быў тыповым для многіх прадстаўнікоў маладога літаратурнага пакалення 1920-х гг. – выхадцаў з вясковага асяроддзя.
Нарадзіўся будучы паэт у в. Вялікая Уса Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1923 г. закончыў сямігодку. У 1924 г. паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум, з 1927 г. працягваў навучанне на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). У 1925 г. П. Глебка стаў членам літаратурна-мастацкага аб’яднання “Маладняк”, праз год членам літаратурна-мастацкага аб’яднання “Узвышша”. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1930) працаваў у рэдакцыях газеты “Калгаснік Беларусі”, часопіса “Полымя рэвалюцыі”. У 1934–1936 гг. быў кансультантам па паэзіі ў Саюзе пісьменнікаў БССР. Аднак асноўным заняткам П. Глебкі заставалася літаратурная творчасць. Першыя вершы з’явіліся ў 1925 г. у газетах “Беларуская вёска”, “Савецкая Беларусь”, часопісах “Работніца і сялянка”, “Беларускі піянер” і інш. У 1927 г. выйшаў першы зборнік “Шыпшына” – красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, глыбокае выяўленне душы П. Глебкі, сведчанне яго самабытнага таленту. Вершы прысвечаны роднаму краю, у якім адбываліся істотныя змены; у іх творча асэнсоўваюцца палітычныя, эканамічныя і ваенныя падзеі гісторыі Беларусі. Тэма кахання стала адным з важных сродкаў самавыяўлення П. Глебкі (нізка вершаў “Краса маладосці” (1927)). Створаны паэтам эскіз прыроды ў яго прыродаапісальных цыклах спрыяе раскрыццю стану лірычнага героя (“Дрыжаць у шэрані”, “Клён завяў”, “Гнуцца вербы”, “Спаткаем вясну”, “Месяц нурцуе” і інш.). У пазнейшых зборніках паэзіі – “Урачыстыя дні” (1930), “Хада падзей” (1932), “Чатыры вятры” (1935), “Мужнасць” (1938) – яскрава адбілася атмасфера літаратурнага жыцця 1930-х гг. з яе натхнёным услаўленнем гераічнай сучаснасці і апафеозам рэвалюцыі.
У час Вялікай Айчыннай вайны паэт працаваў у рэдакцыях франтавых газет “За Савецкую Беларусь”, “За свабодную Беларусь”. Пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя творы ў газеце-плакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну” і “Партызанскай дубінцы”. У 1943–1945 гг. з’яўляўся рэдактарам выдавецтва ЦК КП(б)Б “Савецкая Беларусь”, галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве. У 1944 г. быў прызначаны кіраўніком групы па складанні “Руска-беларускага слоўніка” (1953). Сярод лепшых вершаваных твораў ваеннага часу – “Партызаны”, “Смерць салдата”, “Родны хлеб”, “Пасылка”, “Гай”, “Жывое слова”, “Пра кнігі”, “Беларусі”, “Пералом”, “Зварот” і інш. Лірыка ваеннага перыяду адметная ў маштабе ўсёй беларускай савецкай літаратуры 1941–1945 гг. і лічыцца вяршыняй літаратурна-мастацкай працы паэта.
Пасляваенная дзейнасць П. Глебкі цесна звязана з Акадэміяй навук БССР (АН БССР). Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва, затым загадчыкам сектара лексікаграфіі (1952–1956), з 1956 г. дырэктарам Інстытута мовазнаўства. За час, калі быў дырэктарам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957–1969) П. Глебка надрукаваў дзясяткі навуковых прац і артыкулаў па праблемах беларускай лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Ён стаў ініцыятарам выдання шматтомнага “Збору беларускага фальклору” (з 1970 г.). У 1950 г. быў выбраны членам-карэспандэнтам, а ў 1957 г. акадэмікам АН БССР. У 1968–1969 гг. выконваў абавязкі акадэміка-сакратара Аддзялення грамадскіх навук.
Плённай была і творчая дзейнасць П. Глебкі. Галоўнымі тэмамі пасляваеннай творчасці з’яўляліся аднаўленне беларускіх гарадоў і вёсак, памяць вайны, барацьба за мір. Стылю паэта ўласцівы публіцыстычнасць, героіка-рамантычны пафас, лірызм, палемічная вастрыня. Былі надрукаваны кнігі “Пад небам бацькаўшчыны” і “Нашай славы зара” (1947), “Размова аб шчасці” (1948), “У тыя дні” (1957), “Вершы” (1975), “На спатканні дарог” (1990) і інш. Таксама П. Глебка з’яўляецца аўтарам драматычнай паэмы “Над Бярозай-ракой” (пастаўлена ў 1940 г.), лібрэта опер “Кветка шчасця” (з В. Барысевіч, П. Броўкам; пастаўлена ў 1940 г.), “Андрэй Касценя” (пастаўлена ў 1970 г.), вершаванай п’есы “Святло з Усходу” (пастаўлена ў 1957 г.). Для дзяцей выдадзены зборнікі паэзіі “Пад сцягам перамог” (1952), “Прывітанне Радзіме” (1961), “Вобразы роднай краіны” (1964), “Наш сцяг” (1972), “Наш лес” (1973), “Шчаслівы май” (1985). Дасканала валодаючы беларускай літаратурнай мовай, ён пераклаў творы А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Горкага, У. Маякоўскага, Т. Шаўчэнкі і іншых аўтараў.
Пятро Глебка прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1955–1967). Як член дэлегацыі БССР неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН. Пісьменнік і вучоны быў узнагароджаны ордэнамі Леніна (1965), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949, 1955), Чырвонай Зоркі (1943), “Знак Пашаны” (1939), медалямі. Імя паэта прысвоена Літвянскай школе (Уздзенскі раён), яго імем названа вуліца ў Мінску. На доме, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка.