Кароткая даведка:
вучоны-эканаміст, акадэмік НАН Беларусі, дзеяч міжнароднага сялянскага руху
Імёны на іншых мовах:
Dąbal Tomasz (польская); Домбаль Томаш Францевич (руская);
2010 сімвалаў
Даведка
Тамаш Францавіч Домбаль, беларускі вучоны-эканаміст, нарадзіўся ў в. Собаў Жэшаўскага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям’і. У 1909–1914 гг. вучыўся ў Венскім і Кракаўскім універсітэтах. Скончыў Маскоўскую сельскагаспадарчую акадэмію імя К.А. Ціміразева (1927), Інстытут чырвонай прафесуры (1932).
З 1918 г. быў арганізатарам і кіраўніком сялянскага руху ў Галіцыі. У 1919 г. з’яўляўся дэпутатам польскага сейма. У ліпені 1921 г. удзельнічаў у стварэнні камуністычнай фракцыі. У снежні 1921 г. арыштаваны і асуджаны на шэсць гадоў катаржных работ. У 1923 г. вызвалены ў выніку абмену палітвязнямі паміж Польшчай і СССР.
Тамаш Францавіч быў адным з ініцыятараў стварэння Сялянскага Інтэрнацыянала (1923). Прцаваў у выканкаме Камінтэрна, Міжнароднай арганізацыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі. У 1926 г. заснаваў навукова-даследчы Міжнародны аграрны інстытут. У 1932 г. яму прысвоена вучонае званне прафесара, у 1934 г. стаў доктарам эканаічных навук. У 1932–1935 гг. быў віцэ-прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук і дырэктарам Інстытута эканомікі. За гады работы ў інстытуце правёў шэраг мерапрыемстваў па ўладкаванні структуры, арганізацыі навуковых даследаванняў па стварэнні геаэканамічнага атласа БССР, статыка-эканамічным апісанні раёнаў БССР і інш. Дзякуючы Т.Ф. Домбалю быў наладжаны выпуск фундаментальных навуковых прац па эканоміцы. У 1935–1936 гг. загадваў кафедрай Маскоўскага інстытута механізацыі і электрыфікацыі імя В.М. Молатава, рэдагаваў газету на польскай мове «Советская трибуна» (Trybuna Radziecka).
Вучоны быў арыштаваны 29 снежня 1936 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. У 1956 г. рэабілітаваны.
Домбаль Т.Ф. з’яўляецца аўтарам прац па міжнародным сялянскім руху і эканоміцы народнай гаспадаркі Беларусі. Сярод іх – кнігі «Задачи и достижения Крестинтерна» (1925), «Звышранняя сяўба» (1934). У часопісах «Большевик», «Аграрные проблемы», «Коммунистический Интернационал», «Крестьянский Интернационал» і іншых публікавалія яго нарысы і артыкулы.