Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Дата пачатку:
29.03.1931 Мінск, г.
Кароткая даведка:
дзяржаўная навуковая ўстанова, вядучы даследчы цэнтр краiны ў вобласцi эканамiчнай навукi
Варыянты назвы:
Дзяржаўная навуковая ўстанова «Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» ; Інстытут эканомікі НАН Беларусі
Назвы на іншых мовах:
The Institute of Economics of the National Academy of Sciences of Belarus (англійская); Государственное научное учреждение «Институт экономики Национальной академии наук Беларуси» (руская); Институт экономики НАН Беларуси (руская); Институт экономики Национальной академии наук Беларуси (руская);
Папярэднія назвы:
Інстытут эканомікі АН БССР
4531 сімвал
Даведка
Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – буйная ўстанова ў складзе Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, якая стала першай у краіне навукова-даследчай арганізацыяй эканамічнага профілю.
Гісторыя ўстановы пачынаецца ў 1924 г. са створанай у “Інстытуце беларускай культуры” сацыяльна-эканамічнай секцыі. У 20-я гг. ХХ ст. выйшлі першыя значныя работы па эканоміцы Беларусі М.В. Доўнар-Запольскага і Г.І. Гарэцкага, апублікаваны артыкулы І.А. Пятровіча (Янка Нёманскі), А.А. Смоліча, С.П. Маргелава, Р.Я. Парэчына, С.Л. Гельтмана і іншых вучоных. Гэтыя напрацоўкі ўтварылі сабой падмурак, на якім праз некаторы час вырасла будова акадэмічнай эканамічнай навукі.
29 сакавіка 1931 г. рашэннем Прэзідыума Беларускай акадэміі навук на базе кафедры кааперацыі і калектывізацыі, кафедры эканамічнай геаграфіі, кафедры тэорыі штандорта Беларускай акадэміі навук, а таксама Інстытута эканомікі Дзяржплана БССР і эканамічнага аддзела Інстытута прамысловасці быў створаны Інстытут эканомікі. Першым дырэктарам інстытута стаў акадэмік І.А. Пятровіч (Янка Нёманскі).
Палітычная сітуацыя ў краіне і рэпрэсіі канца 30-х гадоў не абмінулі і Акадэмію навук. Вядучыя навукоўцы былі абвешчаныя ворагамі савецкай улады, ўдзельнікамі антысавецкіх арганізацый і шпіёнамі замежных разведак. Падвергліся рэпрэсіям У.М. Ігнатоўскі, Т.Ф. Домбаль, Е.І. Рыўлін, С.М. Некрашэвіч, Д.Ф. Жылуновіч, І.З. Сурта, П.Я. Панкевіч, В.К. Шчарбакоў і інш. Рашэннем Бюро ЦК КП(б)Б ад 5 студзеня 1938 г. Інстытут эканомікі быў ліквідаваны. Асобныя групы спецыялістаў, якія засталіся, перайшлі ў Інстытут сацыялістычнай сельскай гаспадаркі і Інстытут торфу. У канцы 1939 г. гэтыя структурныя падраздзяленні былі аб’яднаны ў групу эканомікі АН БССР.
У лютым 1940 г. Саветам Народных Камісараў БССР была прынята пастанова № 166 “Аб арганізацыі навукова-даследчага інстытута эканомікі ў складзе Акадэміі навук БССР”, што фактычна з’явілася адраджэннем Інстытута. Напрацоўкі вучоных, зробленыяі ў даваенныя гады, заклалі асновы многім накірункам фундаментальных даследаванняў, якія атрымалі далейшае развіццё пазней, у 50–80-я гг. ХХ ст.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны Інстытут эканомікі быў эвакуіраваны ў Маскву і вярнуўся ў Мінск ў красавіку 1945 г. Асноўнымі задачамі пасляваеннага часу стала распрацоўка народнагаспадарчых планаў і пытанняў бягучага планавання, абгрунтаванне праектаў і разлікаў па горадабудаўніцтву і па асваенню меліяраваных зямель.
У савецкі перыяд у Інстытуце праводзіліся даследаванні ў сферы эканамічнай геаграфіі і эканамічнай гісторыі Беларусі, пачалася распрацоўка тэорыі эканоміка-матэматычнага мадэліравання і эканамічнай кібернэтыкі, вывучаліся пытанні павышэння сацыяльна-эканамічнай эфектыўнасці вытворчасці, удасканалення гаспадарчага механізму на рэгіянальным узроўні і праблемы сусветнай эканомікі, разглядаліся эканамічныя аспекты комплекснай праграмы навукова-тэхнічнага прагрэсу.
У крызісныя 1990-я гг. пачаліся даследаванні па стварэнні тэарэтычных асноў развіцця беларускай эканомікі ва ўмовах рынкавых адносін і рэфармавання адносін уласнасці. З набыццём Рэспублікай Беларусь незалежнасці перад Інстытутам узнікла задача выпрацоўкі дзяржаўнай мадэлі эканамічнага развіцця краіны.
У 2005 г. Інстытут эканомікі быў рэарганізаваны шляхам далучэння да яго ДНУ “Інстытут аграрнай эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, які стаў структурным навукова-даследчым падраздзяленнем – Цэнтрам аграрнай эканомікі. У 2008 г. Цэнтр аграрнай эканомікі быў перададзены РУП “Беларускі навуковы інстытут укаранення новых форм гаспадарання ў аграпрамысловым комплексе”.
У Інстытуце эканомікі сфарміраваны і дзейнічаюць чатыры навуковыя школы. Школа рэгіянальнай эканомікі, школа эфектыўнасці вытворчасці, школа эканамічнай тэорыі і школа навукова-тэхнічнага прагрэсу, прагназавання і эканомікі навукі.
Абапіраючыся на вялікі назапашаны вопыт і аўтарытэт, Інстытут удзельнічае ў распрацоўцы найважнейшых стратэгічных дакументаў і практычных рэкамендацый па сацыяльна-эканамічнай палітыцы для органаў дзяржаўнага кіравання краіны, выступае навуковым экспертам найбольш значных навуковых, навукова-тэхнічных і народнагаспадарчых праграм, інавацыйных праектаў і праектаў нарматыўна-прававых актаў у эканамічнай сферы.
Інстытут эканомікі НАН Беларусі актыўна супрацоўнічае з замежнымі навуковымі ўстановамі па пытаннях эканамічнай навукі, удзельнічае ў міжнародных канферэнцыях і семінарах, рыхтуе буйныя навуковыя выданні па актуальных праблемах сацыяльна-эканамічнага развіцця.