Макс Самуілавіч Куняўскі нарадзіўся ў Магілёве. У 1957 г. скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Працаваў начальнікам планавага аддзела завода «Чырвоны металіст» (Барысаў). Вучыўся ў аспірантуры Інстытута эканомікі АН БССР. У 1964 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Пути экономии труда на транспортных, контрольных и ремонтных работах в промышленности: (на примере машиностроительной и металлообрабатывающей промышленности БССР)», у 1982 г. ‒ доктарскую дысертацыю на тэму «Экономические отношения непосредственного производства при социализме». Працаваў у Інстытуце эканомікі АН БССР, малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам, кіраўніком групы, загадчыкам сектара. У 1978‒1983 гг. жыў у Літве, затым вярнуўся ў Мінск. У 1983‒1993 гг. з’яўляўся прафесарам Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі В. У. Куйбышава. З 1990 г. быў прэзідэнтам Беларускага саюза прадпрымальнікаў і арандатараў.
Макс Самуілавіч – аўтар каля 200 навуковых прац па праблемах павышэння эфектыўнасці вытворчасці, капітальных укладанняў і новай тэхнікі, метадалагічных і практычных аспектах актуальных праблем эканамічнага развіцця грамадства, фарміраванні рыначнай эканомікі і механізмах дзеяння рыначных эканамічных законаў і інш. Сярод іх – «Отношения непосредственного производства при социализме: (очерк теории)» (1972), «Развитие заинтересованности и ответственности: (вопросы теории и практики)» (1986), «Ускорение и экономика» (1988) і інш. Вучоны праводзіў эксперыменты ў розных галінах прамысловасці, што спрыяла развіццю ў Беларусі механізмаў рыначнай эканомікі. Выкладаў на курсах павышэння кваліфікацыі для партыйных і гаспадарчых дзеячаў. Уваходзіў у рабочую групу Савета Міністраў БССР па распрацоўцы рэспубліканскага гаспадарчага разліку, быў членам Нацыянальнага савета па сацыяльных і працоўных пытаннях і эканамічнага савета пры Міністэрстве эканомікі Рэспублікі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана 35 вучоных, кандыдатаў і дактароў навук.
У 1994 г. Максу Самуілавічу прысвоена ганаровае званне заслужанага эканаміста Рэспублікі Беларусь. У 1997 г. ён прызнаны лепшым прадпрымальнікам у намінацыі «Лідар грамадскага аб’яднання».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.