Дата нараджэння:
01.02.1920 Машчонае, в., Дзяржынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
13.08.1992
Кароткая даведка:
вучоны-эканаміст, акадэмік НАН Беларусі
Імёны на іншых мовах:
Мартинкевич Феликс Станиславович (руская);
2361 сімвал
Даведка
Фелікс Станіслававіч Марцінкевіч нарадзіўся ў в. Машчонае Мінскага павета (цяпер Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Прафесійную адукацыю атрымаў на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1946). Скончыў аспірантуру Інстытута эканомікі АН БССР (1950), з якім звязана яго далейшая навуковая і працоўная дзейнасць. У 1964 г. атрымаў ступень доктара эканамічных навук.
У Інстытуце эканомікі АН БССР Ф.С. Марцінкевіч прайшой шлях ад старэйшага навуковага супрацоўніка да дырэктара (1964–1980). З 1980 па 1987 г. загадваў сектарам, з 1987 г. быў саветнікам пры дырэкцыі. Адначасова з 1966 па 1970 г. выкладаў у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі імя В.У. Куйбышава.
У 1969 г. выбраны акадэмікам Акадэміі навук БССР. Пад яго кіраўніцтвам выконваліся буйныя даследаванні па эканамічнай геаграфіі Беларусі, эканамічнай гісторыі, прагназаванні комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў і развіцці прадукцыйных сіл Палесся і інш.
Марцінкевіч Ф.С. – аўтар больш за 150 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій, у якіх разглядаюцца праблемы развіцця і размяшчэння прадукцыйных сіл БССР, абгрунтоўваюцца мэтазгодныя шляхі развіцця гаспадарчага комплексу рэспублікі, аналізуюцца эканамічныя аспекты эфектыўнасці паглыблення спецыялізацыі і канцэнтрацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, асвятляюцца асноўныя кірункі развіцця і размяшчэння прамысловасці па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны. Сярод прац – «Измерение эффективности работы сельскохозяйственных предприятий» (1975, у суаўтарстве), «Факторный анализ эффективности сельскохозяйственного производства» (1983, у суаўтарстве), «Социально-экономическая эффективность сельскохозяйственного производства в АПК» (1986, у суаўтарстве) і інш. Удзельнічаў у стварэнні калектыўных манаграфій «Экономическая география Белорусской ССР» (1956), «Белорусская ССР» (1957), «Социально-экономические преобразования в Белорусской ССР за годы Советской власти» (1970). Пад кіраўніцтвам Ф.С. Марцінкевіча падрыхтавана і абаронена 30 кандыдацкіх дысертацый.
Вучоны прымаў удзел у рабоце праблемных саветаў пры Аддзяленні грамадскіх навук Акадэміі навук БССР і Дзяржплана БССР, каардынацыі даследаванняў у галіне эканомікі рэспублікі.
За навуковую дзейнасць Ф.М. Марцінкевіч узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966), медалямі.