Дата нараджэння:
15.07.1876 Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерці:
17.02.1916 Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць
Кароткая даведка:
грамадска-культурная дзяячка, пісьменніца, асветніца, педагог, выдавец, удзельніца рэвалюцыйнага руху, імя якой носяць вуліцы ў Гродне і Мінску
Псеўданімы:
Анелька; Банадысь Асака; Банадысь Осока; Гаврила; Гаврила из Полоцка; Гаўрыла; Гаўрыла з Полацка; Крапивиха; Крапивка Матей; Крапіўка; Крапіўка М.; Крапіўка Мацей; Мацей Крапіва; Тётка; Тымчасовы; Тымчасовый; Цётка
Дзявочае імя:
Пашкевіч
Варыянты імя:
Кейрыс Алаіза Сцяпанаўна
Імёны на іншых мовах:
Пашкевич Алоиза Степановна (руская); Пашкевич Элоиза Степановна (руская); Пашкевич-Кейрисовая Алоиза Степановна (руская);
Крыптанімы:
Ц-ка; Ц-тка
5377 сімвалаў
Даведка
Цётка (сапраўднае імя Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч ) належыць да таго пакалення беларускіх дзеячаў апошняй чвэрці XIX – пачатку XX ст., якое ўнесла вялікі ўклад у айчынную культуру і літаратуру. У сваіх творах пісьменніца сфармулявала грамадскія ідэалы, выразна акрэсліла невычэрпны патэнцыял і веліч беларускага народа, гатоўнасць пераадольваць любыя перашкоды на шляху да лепшага жыцця.
Нарадзілася Цётка ў фальварку Пешчын Лідскага павета Віленскай губерні (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) у шляхецкай сям’і. Яна атрымала добрую хатнюю адукацыю і ў 1894 г. паступіла ў Віленскае прыватнае вучылішча В. Прозаравай. Пасля заканчэння шасці класаў з 1901 г. настаўнічала. З 1902 г. вучылася на курсах П. Лесгафта ў Санкт-Пецярбургу, у 1904 г. экстэрнам здала экзамены за поўны курс Аляксандраўскай жаночай гімназіі. Вярнуўшыся ў Вільню, працавала фельчарам у Нова-Вілейскай бальніцы. У час рэвалюцыі 1905–1907 гг. Цётка арганізоўвала рабочыя гурткі, выступала с прамовамі па-беларуску на нелегальных сходах і мітынгах, пісала вольналюбівыя вершы. У маі 1905 г. была выбрана дэлегаткай ад віленскіх работніц на з’езд жанчын у Маскве. Каб пазбегнуць арышту, у канцы 1905 г. эмігрыравала ў Галіцыю, якая тады была ў складзе Аўстра-Венгрыі. Жыла ў Львове, дзе стала вольнай слухачкай гуманітарнага аддзялення філасофскага факультэта Львоўскага ўніверсітэта. У 1906 г. у Жоўкве (каля Львова) у друкарні базыльянскага манастыра былі выдадзены зборнікі яе вершаў «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская», у якіх выкарыстаны паэтыка фальклорных твораў, народна-песенная сімволіка (вобразы музыканта, скрыпкі, дудкі). Некалькі разоў Цётка нелегальна прыязджала ў Вільню (удзельнічала ў выданні газеты «Наша доля»). З 1908 па 1909 г. жыла ў Кракаве. Вучылася на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага ўніверсітэта. Каб атрымаць навуковую ступень, напісала працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай», потым – брашуру «Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках на Беларусі» (1910). Некаторы час Цётка знаходзілася ў Закапанэ (Польшча), дзе праходзіла курс лячэння ад туберкулёзу, выязджала ў Германію, вандравала па Італіі. У 1911 г. вярнулася на радзіму. У Вільні актыўна ўключылася ў грамадска-асветніцкую дзейнасць. З тэатрам І. Буйніцкага выступала як актрыса ў розных кутках Беларусі (удзельнічала ў спектаклях «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага і «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшкі). У 1914 г. у Мінску заснавала і рэдагавала першы беларускі часопіс для дзяцей і моладзі «Лучынка». У час Першай сусветнай вайны Цётка працавала сястрой міласэрнасці ў Вільні, удзельнічала ў стварэнні дзіцячых прытулкаў, чытала педагогіку, гігіену і іншыя прадметы на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку студзеня 1916 г. яна прыехала на пахаванне бацькі і засталася ў вёсцы. Лячыла землякоў у час эпідэміі тыфу, захварэла сама і 17 лютага памерла. На магіле пісьменніцы ў в. Шастакоўцы (Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) у 1936 г. быў устаноўлены помнік.
Літаратурнай дзейнасцю Цётка пачала займацца ў 1902 г. пад уплывам творчасці Ф. Багушэвіча. Пісала пад рознымі псеўданімамі (Мацей Крапіўка, Гаўрыла, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака, Тымчасовы і інш.). Самымі раннімі лічацца вершы «Лета» і «Восень» (датаваны 1902–1903 гг., упершыню апублікаваны ў зборніку «Скрыпка беларуская»). У іх па-майстэрску перададзены асобныя моманты вясковай працы, апісваюцца летнія ігрышчы і восеньскі кірмаш. У «Каляднай пісанцы на 1904 год» і «Велікоднай пісанцы» (1904) былі надрукаваны вершы «Мужыцкая доля», «Мужык не змяніўся», «Нямаш, але будзе», «Музыкант беларускі», прасякнутыя спачуваннем да цяжкай долі селяніна. Для твораў 1905–1907 гг. характэрны публіцыстычная завостранасць, рэвалюцыйны пафас, прамоўніцкія інтанацыі, метафарычнасць і алегорыя. Вершы «Мора», «Хрэст на свабоду», «Вера беларуса», «Пад штандарам» заклікалі на барацьбу з царызмам.
Асобным перыядам у літаратурнай дзейнасці Цёткі сталі 1908–1914 гг. Сярод вершаў , напісаных у гэты час, вылучаюцца «З чужыны», «Грайка», «На магіле», «На чужой старонцы», «Арлы-брацця, дайце скрыдлы», «Сірацінка», «Вясковым кабетам», «Гаданне». У іх пераважаюць матывы грамадзянскай журбы і смутку, тугі па радзіме.
Цётка з’яўляецца адной з пачынальніц беларускай прозы. Яе творы адлюстроўваюць цяжкі вясковы побыт («Навагодні ліст», 1908), настроі студэнцкай моладзі («Зялёнка», 1913), гаротны лёс дзяцей («Міхаська», 1914) і інш. У кнігу «Першае чытанне для дзетак беларусаў» увайшлі апавяданні, загадкі, прыказкі, прымаўкі для юных чытачоў. Асобную старонку яе творчасці складаюць дарожныя нататкі і нарысы, што з’явіліся пад уражаннем падарожжаў у Італію, Фінляндыю, Швецыю і Германію.
Літаратурная спадчына Цёткі – яркая старонка ў гісторыі беларускай культуры. Яе самабытны талент заўважыў Янка Купала і ў 1907 г. прысвяціў верш «Аўтарцы “Скрыпкі беларускай”». Творы Цёткі перакладзены на рускую, украінскую, польскую, балгарскую, чэшскую, літоўскую, нямецкую і іншыя мовы. Да яе вобраза звярталіся многія прадстаўнікі айчыннай культуры і мастацтва. У гонар Цёткі пастаўлены помнікі ў Шчучыне, гарадскім пасёлку Астрына, в. Хадзілоні Шчучынскага раёна, адкрыта мемарыяльная дошка ў Мінску. Яе імем названа Астрынская сярэдняя школа (у 1982 г. там адкрыты музей), Шчучынская раённая бібліятэка, Бібліятэка № 15 г. Мінска, вуліцы ў Мінску, Гродне, Маладзечне, Шчучыне.