Астрына́ – гарадскі пасёлак у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Астрынскага сельсавета. Знаходзіцца за 22 км на паўночны захад ад Шчучына, 29 км ад чыгуначнай станцыі Ражанка на лініі Масты – Ліда. Размешчаны на р. Астрынцы.
Наконт утварэння назвы паселішча існуюць розныя версіі. Беларускі вучоны-географ В. А. Жучкевіч звязвае паходжанне назвы з прозвішчамі Астрэйка, Астрэнь, Востры. Ёсць меркаванне, што пасёлак атрымаў назву ад ракі, на якой размешчаны, – Астрожы або Астрэйкі (цяпер р. Астрынка).
У 1385 г. Астрына ўказваецца на картах нямецкіх рыцараў-разведчыкаў як велікакняжацкае ўладанне. У 1450 г. згадваецца ў кнізе запісаў Літоўскай метрыкі. У ХV – пачатку ХVI ст. Астрына – каралеўскае ўладанне, цэнтр воласці Трокскага павета Вялікага Княства Літоўскага. У 1487 г. стала мястэчкам. У XVI–XVIII стст. з’яўлялася цэнтрам староства Лідскага павета Віленскага ваяводства. У 1641 г. Астрына атрымала магдэбургскае права і ўласны герб: у блакітным полі барочнага шчыта выява сярэбранай вежы з чырвоным дахам, над якім размешчана рука ў рыцарскіх даспехах, узброеная мячом. Гарадскія правы ў далейшым былі пацверджаны ў 1685 і 1792 гг. У 1706 г. у час Паўночнай вайны (1700–1721) мястэчка з’яўлялася галоўнай базай шведскіх войск.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Астрына далучана да Расійскай імперыі ў склад Лідскага павета. У 1859 г. у мястэчку налічвалася 170 дамоў, дзейнічалі драўляная царква, капліца, праводзіліся штотыднёвыя кірмашы. У 1885 г. тут працавалі валасное праўленне, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы, школа, бровар, гарбарня, вадзяны млын і інш. Згодна з перапісам 1897 г. у мястэчку пражывала 2410 жыхароў.
У сакавіку 1921 г. пасля савецка-польскай вайны Астрына далучана да Польшчы, у 1926 г. стала цэнтрам гміны Шчучынскага павета Навагрудскага ваяводства. У лістападзе 1939 г. увайшла ў склад БССР, з 15 студзеня 1940 г. атрымала статус гарадскога пасёлка ў Васілішкаўскім раёне Баранавіцкай вобласці.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 24 чэрвеня 1941 г., Астрына была захоплена нямецка-фашысцкімі войскамі. У час акупацыі барацьбу з ворагам у пасёлку вяла група падпольшчыкаў. 12 ліпеня 1944 г. Астрына вызвалена часцямі 5-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі 3-га кавалерыйскага корпуса ў ходзе Вільнюскай аперацыі.
У 1949 г. у пасёлку створаны калгасы імя 30-годдзя БССР і “Сталінскі Сцяг”. У 1950–1953 гг. выдавалася газета “Калгасны шлях” – орган палітаддзела Васілішкаўскай машынна-трактарнай станцыі. 20 верасня 1944 г. Астрына ўключана ў Гродзенскую вобласць, з 20 студзеня 1960 г. увайшла ў склад Шчучынскага раёна.
У цяперашні час у пасёлку працуюць сярэдняя агульнаадукацыйная і музычная школы, дзіцячая дашкольная ўстанова, Дом культуры і тэатральнай творчасці, гарпасялковая і дзіцячая бібліятэкі, бальніца. З творчых калектываў найбольшую вядомасць набылі народны паэтычны тэатр “Волат” і ўзорная тэатральная студыя “Обыкновенное чудо”. Дзейнічаюць дачэрняе УП “Шчучынскія меліярацыйныя сістэмы”, лясніцтва, аддзяленне сувязі і ААТ “ААБ Беларусбанк” і інш.
У Астрыне знаходзяцца брацкія магілы савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Устаноўлены помнік вядомай беларускай пісьменніцы Цётцы (Алаізе Пашкевіч). Штогод у пасёлку праходзіць свята “У госці да Алаізы”, прысвечанае яе творчасці. Галоўнай славутасцю з’яўляецца Спаса-Праабражэнская царква, пабудаваная ў 1855 г. У 2001 г. пабудаваны касцёл Святой Тэрэзы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.