Дата нараджэння: 06.10.1876 Асташына, в., Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерці: 04.02.1950
Кароткая даведка: беларускі і польскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст
Імёны на іншых мовах: Bułhak Jan Brunon (польская); Булгак Ян (руская);
Шырока вядомы ў свеце майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Ян Булгак пакінуў пасля сябе спадчыну, якая з’яўляецца зараз нацыянальнай каштоўнасцю для народаў трох краін – Беларусі, Польшчы і Літвы.
Нарадзіўся будучы фатограф у невялікім маёнтку ў в. Асташына Навагрудскага павета Мінскай губерні (зараз Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці) у шляхецкай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў дома: запрошаныя настаўнікі выкладалі рускую, польскую і французскую мовы, ігры на фартэпіяна вучыла маці. У 11 гадоў паспяхова здаў уступныя экзамены ў Віленскую гімназію, пасля заканчэння якой у 1897 г. вывучаў літаратуру і гісторыю на факультэце філасофіі Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Праз два гады фінансавыя цяжкасці прымусілі Я. Булгака пакінуць вучобу і вярнуцца ў родны край. Ён пасяліўся ў в. Перасека на Міншчыне, дзе знаходзіўся маёнтак, атрыманы ў спадчыну ад маці, ажаніўся і некалькі гадоў вёў жыццё правінцыяльнага шляхціца. Менавіта ў гэтай вёсцы ў 1905 г. выпадкова адбылося яго знаёмства з фатаграфіяй, калі жонка атрымала ў падарунак фотаапарат. Робячы свае першыя здымкі і праяўляючы іх потым у спецыяльным цёмным пакоі, Я. Булгак пачаў эксперыментаваць з фатаграфіяй і так захапіўся, што гэта сапраўды стала справай яго жыцця. Фотамастак стварыў шмат этнаграфічных здымкаў краявідаў, вёсак, гаспадарчых пабудоў і сялян («Беларус з-пад Клецка», «Бабулька-беларуска з маёнтка Перасека пад Мінскам», «Вечар (Міншчына)» і інш.). Дэбют Я. Булгака адбыўся на фатаграфічным конкурсе, прысвечаным прыгажосці літоўскага краявіду, абвешчаным у 1908 г. рэдакцыяй «Zусіе ilustrowane» («Ілюстраванага жыцця») – штотыднёвага дадатку да «Kurier Litewski» («Літоўскага кур’ера»). Яго падборка з 16 фатаграфій атрымала галоўную ўзнагароду. Праз два гады Я. Булгак ужо ўдзельнічаў са сваімі працамі ў замежнай выстаўцы ў Бруселі. Адначасова пачаў супрацоўнічаць з некалькімі часопісамі ў Расіі і за мяжой, дзе друкаваў свае фотаздымкі і артыкулы.
Вялікі ўплыў на творчасць фатографа ў гэты перыяд аказала знаёмства з віленскім мастаком Ф. Рушчыцам, які пераканаў яго сур’ёзна заняцца фатаграфіяй. Таксама Я. Булгак атрымліваў парады і перапісваўся з вопытнымі фатографамі таго часу, у тым ліку з вядомым французскім майстрам К. Пуё. У 1912 г. для ўдасканальвання свайго майстэрства нават некалькі месяцаў правёў у знакамітага фатографа-партрэтыста Х. Эрфурта ў Дрэздэне. У гэтым жа годзе Я. Булгак з намерам стварыць уласную фатаграфічную майстэрню пераехаў у Вільню, дзе пачаўся новы і найбольш плённы этап яго жыцця. Ян Булгак зрабіў некалькі тысяч здымкаў культавых збудаванняў, палацаў, могілак, вуліц і завулкаў горада, фатаграфаваў нарачанскі край, Браслаў, Вілейку, Нясвіж, Крэва і іншыя мясціны, выконваючы фатаграфічную інвентарызацыю помнікаў даўніны. Акрамя мастацкай творчасці займаўся фатаграфічным дакументаваннем розных падзей – кансервацыі абраза Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні, ахоўных мерапрыемстваў па зберажэнні Крэўскага, Навагрудскага і Тракайскага замкаў і інш. У 1919 г. узначаліў фоталабараторыю мастацкай фатаграфіі на мастацкім факультэце Віленскага ўніверсітэта С. Баторыя, дзе працаваў да 1939 г. З сярэдзіны 1920-х гг. актыўна ўдзельнічаў у мясцовых і міжнародных выстаўках мастацкай фатаграфіі, атрымліваў шматлікія ўзнагароды. У 1927 г. ён стварыў Віленскі фотаклуб, які аб’ядноўваў найбольш вядомых фатографаў таго часу, а ў 1932 г. стаў яго старшынёй. У 1930-я гг. шмат супрацоўнічаў з замежнымі часопісамі, прысвечанымі мастацкай фатаграфіі, – «Фотаапарат» (Швейцарыя), «Нацыянальная геаграфія» (ЗША), «Фотаграмы года» (Вялікабрытанія), «Фатографы года» (Японія) і інш. Адначасова выдаў кнігі на польскай мове па тэорыі фатаграфіі «Фотаграфіка. Апісанне мастацкай фатаграфіі» (1931), «Бромавая тэхніка» (1933), «Эстэтыка святла. Асновы фотаграфікі» (1936), «Пра першых віленскіх фатографаў з ХІХ ст.» (1939). Чытаў даклады, прысвечаныя фатаграфіі, у тым ліку і на віленскім радыё, быў выкладчыкам на курсах, прысвечаных мастацкай фатаграфіі.
Пачатак Другой сусветнай вайны перарваў дзейнасць у галіне фатаграфіі. У ваенны перыяд Я. Булгак зарабляў на жыццё, робячы фотаздымкі на дакументы і размнажаючы даваенныя негатывы. У ліпені 1944 г. каля 10 тыс. фотаздымкаў і негатываў, бібліятэка, збор лістоў і рукапісаў, а таксама яго лабараторыя згарэлі ў час бітвы за вызваленне Вільні. У 1945 г. Я. Булгак пераехаў у Варшаву. Апошнія гады жыцця правёў, узнаўляючы карціну знішчэння, а таксама прыгажосць таго, што ўцалела. Разам з сынам Янушам шмат вандраваў па заходняй і паўночнай Польшчы і зрабіў за гэты перыяд каля 8 тыс. фотаздымкаў. У 1946 г. удзельнічаў у стварэнні Саюза польскіх фотамастакоў і быў яго першым прэзідэнтам і старшынёй кваліфікацыйнай камісіі.
Вядомы Я. Булгак таксама і як педагог, бібліёграф, фалькларыст, гісторык мастацтва, першы беларускі гісторык фатаграфіі. Ён аўтар артыкулаў пра беларускі фальклор і краязнаўства «Экскурсія на Свіцязь» (1910), «Велікодныя песні на Міншчыне (валачобнікі)» (1911), прац пра мастака Ф. Рушчыца. Пераважная большасць фатаграфічных арыгіналаў, рукапісаў, літаратурных твораў Я. Булгака захоўваецца сёння па-за межамі Беларусі – у архівах, музеях і бібліятэках Польшчы, Літвы і Расіі. Невялікая, але даволі каштоўная калекцыя арыгіналаў фатаграфій майстра зберагаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, асобныя фотаздымкі ёсць таксама ў зборах Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі і Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Руплівая праца фотамастака была адзначана шматлікімі высокімі дыпломамі, медалямі, а таксама дзяржаўнымі ўзнагародамі – ордэнам Адраджэння Польшчы (1922) і Залатым Крыжам Заслугі (1935).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.