Дата пачатку:
1825 Жылічы, п., Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць
Кароткая даведка:
помнік палацава-паркавай архітэктуры позняга класіцызму, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Палацава-паркавы ансамбль Булгакаў
Назвы на іншых мовах:
Жиличский дворцово-парковый ансамбль (руская);
У XVIII–XIХ ст. на паўднёвай ускраіне сучаснай вёскі Жылічы (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці) быў узведзены палацава-паркавы ансамбль. Сёння палац у Жылічах з’яўляецца адным з лепшых архітэктурных помнікаў позняга класіцызму на тэрыторыі Беларусі.
Мястэчка Добасна і землі вакол яго ў канцы XVIII ст. набыў Ігнат Булгак. Ні ён, ні яго брат Вінцэнт не мелі дзяцей, таму ўся маёмасць адышла да іх сястры Фартунаты, жонкі лідскага ротмістра Габрыеля Булгака. Сын Фартунаты і Габрыеля Ігнат з дапамогай выгодных шлюбаў з Ізабэлай і Габрыеляй з роду Слізняў значна павялічыў свае багацці і з часам давёў плошчу сваіх уладанняў амаль да 27 тыс. дзесяцін. Як адзін з самых буйных землеўласнікаў Ігнат Булгак быў абраны павятовым маршалкам. Каб падтрымаць свой статус у грамадстве ён вырашыў пабудаваць на сваіх землях сапраўдны палац.
Пад будынак, парк і аранжарэю Ігнат Булгак выдзяліў каля 100 га зямлі на беразе ракі. Будаўніцтва палаца было распачата каля 1825 г. і доўжылася на працягу амаль 80 гадоў. Спачатку гэтым займаўся малавядомы ў той час выпускнік Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Клабукоўскі, пазней – знакаміты архітэктар, прафесар Віленскага ўніверсітэта Карл Падчашынскі. Палац Булгакаў будаваўся згодна з традыцыямі класіцызму: цэнтральная частка галоўнага корпуса была вылучана з дапамогай шматкалоннага порціка карынфскага ордэра з трохвугольным франтонам і бельведэрам над лесвічнай клеткай, арачнымі вокнамі і круглымі гадзіннікамі-курантамі.
У 1860–1870-я гг. нашчадкі І. Булгака прыбудавалі да галоўнага корпуса два крылы. У паўночным крыле размясцілася карцінная галерэя, жылыя памяшканні і дамашняя капліца з асобным уваходам. У паўднёвым крыле стварылі аранжарэю (пальмарню), якая з часам стала адной з лепшых на тэрыторыі Беларусі. Летам экзатычныя расліны (кіпарысы, пальмы, апельсінавыя дрэвы) выносілі ў парк, які ўпрыгожвалі скульптуры, ажурныя мосцікі, утульныя альтанкі і павільёны. Будаўніцтва палаца завяршылася ў пачатку ХХ ст., калі тарцавыя крылы былі злучаны паміж сабой двухпавярховым корпусам з уязной брамай. Палац атрымаў форму прамавугольніка і стаў нагадваць замак. Акрамя галоўнага будынка і парка палацава-сядзібны комплекс Булгакаў уключаў у сябе некалькі вадаёмаў, пладовыя сады і ягаднікі, падсобныя збудаванні.
Жыліцкі палац меў 100 пакояў і здзіўляў сучаснікаў дэкаратыўным аздабленнем фасадаў і ўнутраных памяшканняў, багаццем інтэр’ераў, выдатнымі калекцыямі жывапісу і скульптуры. У палацы Булгакаў знаходзілася вялікая бібліятэка, калекцыя старажытных габеленаў, мастацкіх тканін, слуцкіх паясоў, урэцкага крышталю, дэкаратыўнага фарфору і маёлікі, камінных гадзіннікаў, манет і зброі. Рэзідэнцыю Булгакаў маляваў знакаміты мастак Напалеон Орда. У пачатку ХХ ст. фотаздымкі інтэр’ераў зрабіў Ян Булгак – адзін з прадстаўнікоў роду і выдатны фатограф.
У час Першай сусветнай вайны частка мастацкіх каштоўнасцей была вывезена Эдгарам Булгакам у расійскі горад Арол. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі апошні ўладальнік палаца Эманул Булгак выехаў у Італію і ўзяў з сабой шэраг твораў мастацтва. У пачатку 1920-х гг. на землях Булгакаў быў створаны саўгас “Жылічы”. У палацы ў гэты час размяшчаўся дзіцячы дом для дзяцей-сірот. У 1927 г. у будынку пачала сваю дзейнасць школа працоўнай моладзі, а ў 1930 г. у Жылічы быў пераведзены Барысаўскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Моцна пацярпеў Жыліцкі палац у гады Вялікай Айчыннай вайны, калі там знаходзіўся нямецкі шпіталь. Была разбурана аранжарэя, а частка парку адведзена пад вайсковыя могілкі. Праз год пасля заканчэння вайны ў будынках палацавага комплексу пачала дзейнічаць аднагадовая сельскагаспадарчая школа па падрыхтоўцы спецыялістаў па вырошчванні пладоў і гародніны. У 1948 г. яна стала Бабруйскай трохгадовай агранамічнай школай, цяпер гэта Жыліцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы каледж.
Да нашага часу захаваліся палац, флігель, свіран і шэраг гаспадарчых пабудоў. У 1973 г. быў распрацаваны праект рэстаўрацыі палаца, у 2009 г. пачалася яго рэстаўрацыя. У 2011 г. была цалкам рэканструявана частка комплексу, у якой размясціліся Жыліцкая дзіцячая школа мастацтваў і Жыліцкі гістарычны комплекс-музей. Другое крыло палаца, у тым ліку галоўны парадны ўваход і капліца, дагэтуль знаходзяцца на рэканструкцыі. Нягледзячы на рэстаўрацыйныя работы, па асноўных залах палаца праводзяцца экскурсіі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. на аснове інфармацыі, змешчанай на сайце Кіраўскага райвыканкама.