Дата нараджэння: 1804 Магілёўская губерня
Дата смерці: 07.06.1879 ці 8/9.11.1880
Кароткая даведка: вучоны-архівіст, археограф, крыніцазнавец, педагог, адзін са стваральнікаў Віленскай археаграфічнай камісіі
Імёны на іншых мовах: Горбачевский Никита Иванович (руская);
Адным са стваральнікаў беларускай навуковай архівістыкі па праву лічыцца Мікіта Іванавіч Гарбачэўскі. Нарадзіўся ён ў сям`і святара. Пасля заканчэння Магілёўскай духоўнай семінарыі паступіў у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію, дзе ў 1831 г. атрымаў ступень старшага кандыдата філасофска-тэалагічных навук. Да 1852 г. выкладаў гісторыю, філасофію, логіку, рускую, грэчаскую, яўрэйскую і іншыя мовы ў Жыровіцкай духоўнай семінарыі, Драгічынскім дваранскім вучылішчы, у віленскіх дваранскім інстытуце, школе рабінаў і гімназіі. Ён з’яўляўся адным з ініцыятараў стварэння Віленскага цэнтральнага архіва старажытных актаў і у 1853 г. стаў першым яго архіварыусам. Архіў камплектаваўся матэрыяламі Галоўнага Літоўскага і Скарбовага трыбуналаў, справамі Трокскага архіва, дакументамі адміністрацыйных устаноў Віленской, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губерняў. Пад кіраўніцтвам М.І. Гарбачэўскага ён стаў асноўным захавальнікам дакументаў па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага да канца XVIII ст. уключна. Там было сабрана звыш 13 мільёнаў старажытных актаў, у якіх адлюстроўваліся ўсе бакі жыцця беларускага, літоўскага, украінскага, рускага, польскага і некаторых іншых народаў ВКЛ за некалькі стагоддзяў іх гісторыі. У 1864 г. М.І. Гарбачэўскі разам з іншымі вучонымі выступіў з ініцыятывай стварэння Віленскай археаграфічнай камісіі (пачала працаваць 29 красавіка 1864 г.). На працягу амаль пяцідзесяці гадоў (да 1915) яна займалася разборам, сістэматызацыяй, вывучэннем, падрыхтоўкай да друку і выданнем першакрыніц па гісторыі Беларусі і Літвы, а таксама праводзіла вялікую навуковую дзейнасць. Доўгі час М.І. Гарбачэўскі з’яўляўся членам гэтай камісіі. Ён не толькі прымаў актыўны ўдзел у рабоце, але і выдаў некалькі сваіх работ па археаграфіі і крыніцазнаўстве. Першымі друкаванымі працамі сталі “Кароткія табліцы, неабходныя для гісторыі, храналогіі, наогул для ўсялякіх археалагічных даследаванняў і ў прыватнасці для разбору старажытных актаў і грамат Заходняга краю і Царства Польскага" (Вільня, 1867; 2-е выд. Мінск, 1991) і “Археаграфічны каляндар на дзве тысячы гадоў (325–2324) паводле Юліянскага лічэння і на семсот сорак два гады (1583– 2324) паводле Грыгарыянскага лічэння” (Вільня, 1869). У іх прыведзены велікодныя табліцы і схемы карыстання імі, змешчаны пералік святых, якія ўшаноўваюцца праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі, супастаўлены юліянскі і грыгарыянскі календары, паказаны іх суадносіны з іншымі календарамі на мінулыя і будучыя стагоддзі, надрукаваны сінхронныя табліцы царствавання манархаў Расіі, ВКЛ і Польшчы, а таксама табліцы па польска-літоўскай метралогіі з пералічэннем на рускую. Вучоны склаў “Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай, а таксама кнігам некаторых судоў губерняў Магілёўскай і Смаленскай, якія захоўваюцца цяпер у Цэнтральным архіве ў Вільні” (Вільня, 1872).
У "Слоўніку старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага" (Вільня, 1874; Увараўская прэмія Імператарскай Санкт-Пецярбургскай Акадэміі навук) растлумачыў каля 400 беларускіх і больш за пяць тысяч лацінска-польскіх юрыдычных тэрмінаў ХІV–ХVІІ стст., зрабіў параўнальныя табліцы курсаў польска-літоўскіх манет і рускіх грошай за некалькі стагоддзяў.
У 1877 М.І. Гарбачэўскі быў абраны ганаровым членам Археалагічнага таварыства ў Львове. Ён узнагароджаны двума ордэнамі Св. Станіслава ІІ і ІІІ ступеняў, Св. Ганны ІІ і ІІІ ступеняў, Св. Уладзіміра ІV ступені.
Сучасныя беларускія энцыклапедычныя выданні лічаць дату смерці М.І. Гарбачэўскага рознай: 07.06.1879, 08 ці 09.11.1880, 26.05.1879. У некралоге М.І. Гарбачэўскага (надрукаваны ў “Літоўскіх епархіяльных ведамасцях” 28.10.1880) ёсць адна неадпаведнасць. Там гаворыцца, што вучоны памер на 71-м годзе жыцця.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.