Віленская археаграфічная камісія была створана для навуковага апісання і выдання пісьмовых гістарычных крыніц, выяўленых на землях былога Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) пасля далучэння яго да Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст. Першачарговай задачай, пастаўленай перад ёю, стала публікацыя важных у палітычных адносінах дакументаў, якія б даказвалі блізкую сувязь зямель ВКЛ з Расіяй. Многія з іх акрамя таго з’яўляліся дзеючымі юрыдычнымі дакументамі, маглі служыць для доказу маёмасных і саслоўных правоў. Папярэднікамі камісіі па археаграфічнай працы ў Паўночна-Заходнім краі з’яўляліся часовыя ўстановы пры Віленскім і Мінскім губернскіх статыстычных камітэтах (1830–1840-я гг.) і Віленская археалагічная камісія (1855–1862).
З ініцыятывай аб стварэнні спецыяльнага органа для разбору і выдання старажытных актаў у 1862 г. выступіў віленскі генерал-губернатар У. І. Назімаў. Выбар Вільні ў якасці археаграфічнага цэнтра быў выкліканы канцэнтрацыяй тут багатых архіўных збораў і кніжных сховішч, наяўнасцю друкарань і навуковых кадраў. Пасля ўзгаднення 12 красавіка 1864 г. атрыманы дазвол на заснаванне ўстановы і зацверджаны яе склад. Першым старшынёй прызначылі вучонага-гісторыка П. В. Кукальніка, членамі – святара А. І. Пшчолку, чыноўніка І. А. Нікоціна, архіварыуса Віленскага цэнтральнага архіва старажытных актаў М. І. Гарбачэўскага. У наступныя гады камісію ўзначальвалі П. А. Бяссонаў (1865–1866), Я. Ф. Галавацкі (1867–1888), Ю. Ф. Крачкоўскі (1898–1902), Ф. М. Дабранскі (1902–1913), Д. І. Даўгяла (1913–1915), у склад уваходзілі С. В. Шалковіч, К. І. Снітка, І. А. Глебаў, А. В. Турцэвіч, І. Я. Спрогіс і інш.
Камісія размяшчалася ў будынку Віленскага ўніверсітэта, дзе знаходзіўся і Цэнтральны архіў старажытных актаў, падпарадкоўвалася Міністэрству народнай асветы, а яе непасрэдным начальнікам з’яўляўся папячыцель віленскай навучальнай акругі. Разам з тым праца яе кантралявалася віленскім генерал-губернатарам, як прадстаўніком вышэйшай улады ў Паўночна-Заходнім краі. Першапачаткова камісія дзейнічала як часовая ўстанова. Рашэнне аб наданні ёй статусу пастаяннай было прынята Дзяржаўным саветам Расійскай імперыі ў 1869 г. Зацвердзілі таксама правілы яе работы, згодна з якімі пасяджэнні адбываліся не радзей аднаго раза на тыдзень. Старшыня прызначаўся міністрам народнай асветы па прадстаўленні папячыцеля віленскай навучальнай акругі. У задачы ўстановы ўваходзілі разбор дакументаў архіва, падрыхтоўка да друку найбольш значных з іх, складанне паказальнікаў і прадмоў да выданняў, пераклад на рускую мову і інш.
За гады свайго iснавання камiсiя падрыхтавала 39 тамоў “Актаў”, якія ўтрымлівалі дакументы магістратаў, копных, земскіх і гродскіх судоў, інвентары старастваў і маёнткаў, матэрыялы пра вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. і вайну 1812 г., царкоўную унію, яўрэйскае насельніцтва і інш. Па-за серыяй выйшлі 7 тамоў у 9 кнігах: “Рэвізія пушчаў і пераходаў звярыных у былым Вялікім Княстве Літоўскім, складзеная старастаю мсцібогаўскім Рыгорам Багданавічам Валовічам у 1559 г.” (1867), “Пісцовая кніга былога Пінскага стараства, складзеная па загадзе караля Жыгімонта Аўгуста ў 1561–1566 гг. пінскім і кобрынскім старастаю Лаўрынам Войнаю” (1874), “Пісцовая кніга Гродзенскай эканоміі” (1881–1882), “Зборнік дакументаў, якія тычацца адміністрацыйнага ўкладу Паўночна-Заходняга краю пры імператрыцы Кацярыне ІІ (1792–1796)” (1903) і інш. Былі надрукаваны таксама зборнік палеаграфічных здымкаў са старажытных грамат, храналагічныя табліцы, некалькі алфавітных паказальнікаў і некалькі справаздач аб працы Камісіі. Усяго выйшла 49 тамоў гістарычных крынiц агульным аб’ёмам каля 29 тыс. аркушаў вялікага фармату. Супрацоўнік камісіі М. І. Гарбачэўскі падрыхтаваў таксама “Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага” (1874 г.).
У першыя гады працы камісія ў асноўным адбірала дакументы пра існаванне на былых землях ВКЛ праваслаўных цэркваў і манастыроў. Аднак адзіных правіл археаграфічнай апрацоўкі і публікацыі не было. Часта дакумент друкаваўся без каментарыяў і нават без зверкі з арыгіналам пры чытанні карэктуры, мелася шмат памылак, у шэрагу выпадкаў навуковая археаграфія замянялася на палітычную. У тамах змяшчаліся прадмовы, асабовыя і геаграфічныя паказальнікі, слоўнікі старабеларускіх, польскіх і лацінскіх тэрмінаў. Тыраж выданняў складаў 500 экзэмпляраў. Большая яго частка накіроўвался ў навуковыя таварыствы і навучальныя ўстановы, невялікая колькасць паступала ў продаж.
Сваю дзейнасць камісія спыніла летам 1915 г. у сувязі з эвакуацыяй дзяржаўных устаноў з горада перад наступленнем нямецкіх войскаў. У цяперашні час яе архіўны фонд захоўваецца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.