Дата нараджэння:
25.07.1840 Азяты, в., Жабінкаўскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерці:
25.07.1903
Кароткая даведка:
фалькларыст, этнограф, гісторык, археограф, педагог, старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі
Псеўданімы:
Библиофил
Імёны на іншых мовах:
Крачковский Юлиан Фомич (руская);
4027 сімвалаў
Даведка
У другой палове ХІХ ст. назіраўся вялікі інтарэс да беларускага краязнаўства, этнаграфіі і фальклору. Сярод актыўных удзельнікаў краязнаўчага руху вылучаўся Юльян Фаміч Крачкоўскі.
Ён нарадзіўся ў в. Азяты Кобрынскага павета (цяпер Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці) у сям’і арганіста ўніяцкай царквы. Пасля заканчэння Літоўскай духоўнай семінарыі і Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі Ю. Крачкоўскі адмовіўся ад духоўнага сану і выбраў прафесію настаўніка. Яго педагагічная дзейнасць працягвалася амаль 30 гадоў. Быў выкладчыкам рускай мовы ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам народных вучылішчаў Віленскай навучальнай акругі, дырэктарам Полацкай і Туркестанскай настаўніцкіх семінарый і Віленскага настаўніцкага інстытута. У 1888–1902 гг. з’яўляўся старшынёй Віленскай археаграфічнай камісіі. Некаторы час працаваў старшынёй часовай камісіі па наладжванні работы Віленскай публічнай бібліятэкі і этнаграфічнага музея і кіраванні імі. Падрыхтаваў IХ археалагічны з’езд, які праходзіў у Вільні ў 1893 г., быў старшынёй мясцовага камітэта.
Цікавасць да вывучэння народнага быту праявілася ў Ю. Крачкоўскага ў самым пачатку яго працоўнай дзейнасці. На Маладзечаншчыне ён захапіўся вусна-паэтычнай творчасцю, пачаў збіраць і запісваць беларускі фальклор (песні, прымаўкі, легенды, казкі, абрады, звычаі). Да гэтай справы далучаў і сваіх выхаванцаў. Пазней на падставе сабраных матэрыялаў надрукаваў у газеце «Виленский вестник» шэраг артыкулаў, сярод якіх вылучаюцца тыя, дзе апісваецца вясельная абраднасць беларусаў (напрыклад, «Свадебные обряды западнорусских крестьян»). Склаў разам з А.Садокавым «Сборник русских народных гимнов и песен для народных училищ» (1867), які ўключаў 54 папулярныя песенныя тэксты з нотамі, узятыя з друкаваных крыніц. Ён аўтар працы «Очерки быта западнорусского крестьянина» (1869) – грунтоўнага даследавання пра радзінна-хрэсьбінны абрад беларусаў і выхаванне дзіцяці. Апісанні аўтар рабіў на фоне агульнага становішча беларускага селяніна, яго цяжкага лёсу. Даследчык падкрэсліваў, што нараджэнне дзіцяці лічыцца вялікім святам у сям’і, але бацькоў заўсёды хвалюе тое, што яму прыйдзецца таксама шмат працаваць і гараваць. У працы ўпершыню разгледзеў шэраг дзіцячых гульняў, паказаў іх багацце і разнастайнасць. У 1874 г. быў надрукаваны яго фальклорна-этнаграфічны зборнік «Быт западнорусского селянина», прысвечаны сямейным (пераважна вясельным) і каляндарна-аграрным абрадам беларусаў. Ён складаецца з дзвюх частак: першая прысвечана апісанню беларускага вяселля, другая – абрадам каляндарна-гадавога цыкла і інш. У кнігу ўвайшлі этнаграфічныя матэрыялы з публікацый Я.Чачота, Я. Тышкевіча, П. Гільтэбранта, Р. Зянькевіча, П. Баброўскага, А. Карэвы і інш. Акрамя вядомых матэрыялаў ім выкарыстаны і новыя запісы (усяго каля 200 песень, 90 прыказак і прымавак, шмат вераванняў і павер’яў), якія былі зроблены ў некалькіх паветах Беларусі (у тым ліку Кобрынскім (Азяты, Драгічын) і Брэсцкім (Камянец, Радванічы)). Юльян Крачкоўскі цікавіўся не толькі педагогікай і этнаграфіяй, але і гісторыяй. У 1893 г. ён апублікаваў нарыс «Старая Вильна до конца XVIIстолетия», у 1903 г. – зборнік дакументаў «Исторический обзор деятельности управления Виленского учебного округа за первый период его существования, 1803–1832». За 1888–1902 гг., у той час, калі Ю. Крачкоўскі з’яўляўся старшынёй Віленскай археаграфічнай камісіі, былі выдадзены ХV–ХХVIII тамы «Актов Виленской археографической комиссии». Ён склаў ХVI, ХХ тамы і напісаў да іх і да ХХV тома прадмовы, якія вылучаліся сваімі незвычайнымі памерамі (прадмова да ХХ тома, напрыклад, займае больш за 200 старонак). Ён таксама аўтар прадмоў да ХII і ХIII тамоў «Археографического сборника документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси» (1900, 1902). Працы этнографа даюць магчымасць пазнаёміцца з багаццем і разнастайнасцю народнага быту беларусаў, іх вуснапаэтычнай творчасцю.
У гонар Ю. Крачкоўскага ў в. Азяты на будынку Дома культуры ў 1995 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.