Кароткая даведка:
расійскі гісторык літаратуры, фалькларыст, публіцыст, складальнік зборнікаў беларускага фальклору, старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі
Імёны на іншых мовах:
Бессонов Пётр Алексеевич (руская);
4267 сімвалаў
Даведка
Рускі гісторык літаратуры, фалькларыст, публіцыст Пётр Аляксеевіч Бяссонаў нарадзіўся ў Маскве ў сям'і свяшчэнніка. У 1846 г. скончыў Маскоўскую духоўную семінарыю і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. У час вучобы захапіўся рускай гісторыяй, літаратуразнаўствам і этнаграфіяй, пачаў збіраць народныя песні. Скончыўшы ўніверсітэт у 1851 г., ён яшчэ пяць гадоў як вольны слухач працягваў вывучаць санскрыт і славянскія мовы. У 1855–1857 гг. працаваў у Маскоўскім галоўным архіве Міністэрства замежных спраў. Пётр Бяссонаў не толькі падзяляў погляды славянафілаў, але і прымаў актыўны ўдзел у працы дабрачыннай грамадскай арганізацыі. У 1850-я гг. уваходзіў у маскоўскія свецкія салоны Ялагіных і Сверабеевых і меў у гэтым асяроддзі аўтарытэт як славяназнавец, філолаг і гісторык. Са студзеня 1858 г. асноўным месцам працы навукоўца была Маскоўская сінадальная друкарня, дзе ён займаў пасаду сакратара, вёў даследаванні ў галіне палеаграфіі і гісторыі кнігадрукавання. З 1860-х гг. у біяграфіі П. Бяссонава пачаўся перыяд, звязаны з навуковай спадчынай П. Кірэеўскага, збіральніка народнай творчасці першай паловы XIX ст. Пасля смерці фалькларыста яго архіў трапіў у распараджэнне Таварыства аматараў расійскай славеснасці. Як член гэтай арганізацыі П. Бяссонаў працягнуў працу з гэтымі матэрыяламі, дапаўняў, рыхтаваў іх да друку.
У 1864 г. пераехаў у Вільню, дзе да 1867 г. узначальваў Віленскую археаграфічную камісію, уваходзіў у склад камісіі па рэарганізацыі Віленскага музея старажытнасцей, арганізоўваў публічную бібліятэку, служыў дырэктарам Віленскай класічнай гімназіі і Віленскага рэальнага вучылішча. Ён правёў вялікую працу па вывучэнні беларускай народнай творчасці. Бліжэй пазнаёміўся з мінуўшчынай, народным побытам, культурай. Даследаванні дазволілі яшчэ больш абгрунтаваць уласны погляд на становішча беларусаў. Збор народных песень у час знаходжання ў Беларусі істотна павялічыўся. Таксама П. Бяссонаў падрыхтаваў у Вільні выданні мясцовых актаў археаграфічнай камісіі, прааналізаваў галоўныя архівы манастырскіх, грамадскіх і прыватных бібліятэк. Частку збораў разабраў, каталагізаваў і зрабіў даступнымі для грамадства. Дзякуючы яго намаганням быў выратаваны архіў вядомага гісторыка Т. Нарбута, які быў перададзены ў Віленскі музей. У жніўні 1866 г. П. Бяссонаў вярнуўся ў Маскву. Да 1878 г. працаваў бібліятэкарам у Маскоўскім універсітэце. Пачаў актыўна займацца навукай і публіцыстыкай. У пачатку 1870-х г. П. Бяссонаў напісаў працу «Сепаратизм в Северо-Западном крае. Рассказ очевидца» – своеасаблівы роздум-рэмінісцэнцыя пра сваё жыццё ў Вільні. Успаміны не былі апублікаваны, рукапіс захоўваецца ў фондах Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі.
Першымі навуковым працамі П. Бяссонава ў галіне фалькларыстыкі сталі зборнік балгарскіх песень (1855), песень, паданняў і вусных апавяданняў сербаў (1857). У пачатку 1860-х гг. выйшаў зборнік духоўных вершаў «Калики перехожие» (вып. 1–6, 1861–1864; разам з рускімі ўвайшлі і беларускія творы). У выпусках былі змешчаны вершы з выразнымі элементамі беларускай гутарковай мовы, запісаных у Магілёўскай і Смаленскай губернях. У 1868 г. з'явіўся першы зборнік рускага дзіцячага фальклору «Детские песни», куды ўвайшла частка беларускіх песень з архіва П. Кірэеўскага. Выданне стала значным і нават папулярным для свайго часу. Яно выклікала цікавасць даследчыкаў і аматараў народнай творчасці да збірання і вывучэння дзіцячага фальклору. Навукоўцам падрыхтаваны і выдадзены «Песни, собранные П.В. Киреевским» (вып. 1–10, 1860–1874). Вывучэнне народнай беларускай вусна-паэтычнай творчасці было для яго працай вялікай навуковай значнасці. Вынікам стаў зборнік «Белорусские песни» (вып. 1, 1871), куды ўвайшлі каляндарна-абрадавыя народныя песні – валачобныя, юраўскія, куставыя, мікольскія, пятроўскія, купальскія, калядныя і масленічныя. Таксама складальнікам былі падрыхтаваны грунтоўныя ўводзіны і пасляслоўе, да розных раздзелаў змешчаны каментарыі і тлумачэнні звычаяў.
У 1878 г. П. Бяссонаў атрымаў званне ганаровага доктара славянскай славеснасці Казанскага ўніверсітэта. У 1879 г. стаў прафесарам кафедры славянскай філалогіі Харкаўскага ўніверсітэта, дзе займаўся выкладчыцкай дзейнасцю.