Дата нараджэння: 05.12.1908
Дата смерці: 13.11.1986
Кароткая даведка: актрыса тэатра, народная артыстка Беларусі
Імёны на іншых мовах: Обухович Анна Брониславовна (руская);
Сапраўдным майстрам сцэны, вядучай актрысай Дзяржаўнага драматычнага тэатра імя М. Горкага (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага) была Ганна Браніславаўна Абуховіч, якая за доўгае творчае жыццё ўвасобіла больш за 100 цікавых жаночых вобразаў і стала кумірам не аднаго пакалення гледачоў.
Нарадзілася яна ў Маскве. Дзяцінства прайшло ў сірочых прытулках. Умовы былі цяжкія: Ганна апынулася на мяжы бадзяжніцтва, і толькі выпадак дапамог змяніць далейшае жыццё. Яна пачала вучыцца ў школе рабочай моладзі, перасялілася ў інтэрнат. Адначасова займалася ў гуртку мастацкай самадзейнасці, захаплялася літаратурай, кіно і асабліва тэатрам. Па накіраванні паступіла ў Ленінградскі кааператыўны інстытут, дзе асвоіла прафесію бухгалтара. Але цяга да акцёрскай прафесіі прывяла дзяўчыну на курсы «Кіно-Поўнач» па падрыхтоўцы акцёраў, якія скончыла ў 1929 г. У гэтым жа годзе адбыўся дэбют у кіно на кінастудыі «Белдзяржкіно». Яна сыграла камсамолку-работніцу ў фільме «Рубікон». Кінематаграфічная кар'ера складвалася ўдала. Ганну Абуховіч ахвотна запрашалі на здымкі. У 1930 г. пачала сцэнічную дзейнасць у студыі Маскоўскага тэатра рабочай моладзі. З 1933 г. працавала ў Рэалістычным тэатры, дзе бліскуча выканала ролю Сонькі ў славутым спектаклі «Арыстакраты» М. Пагодзіна.
З 1937 г. творчая дзейнасць Г. Абуховіч звязана з Дзяржаўным рускім драматычным тэатрам Беларусі. Актрыса пачала іграць шматлікія ролі самага рознага плана – драматычныя, камедыйныя, трагедыйныя, вострахарактарныя. У меладраматычным спектаклі «Мачыха» А. Бальзака стварыла абаяльны вобраз Паліны – дзяўчыны ўзвышанай, летуценнай, якая стала ахвярай сваёй жорсткай мачыхі. У пастаноўцы па п'есе «Сцежкі шпіёна» А. Дзюма выканала ролю Цэзарыны – жанчыны складанага лёсу. Асобае месца ў творчасці актрысы займала работа над вобразам Ганны Карэнінай з аднайменнага спектакля паводле Л. Талстога. Яна здолела паказаць душэўную прыгажосць і шчырасць сваёй гераіні, яе цвёрды і рашучы характар. Сапраўднага трагічнага гучання Г. Абуховіч дасягнула ў пастаноўцы «Беспасажніца» А. Астроўскага, дзе псіхалагічна тонка і дакладна сыграла Ларысу. У спектаклі «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі выканала ролю Дзіяны, у якой паказала лёгкасць, пластычнасць, музыкальнасць. У 1940 г. Г. Абуховіч стала заслужанай артысткай БССР. Яна актыўна прымала ўдзел у новых пастаноўках, але Вялікая Айчынная вайна перапыніла сцэнічную дзейнасць актрысы. У 1943 г. было прынята рашэнне аднавіць работу тэатра ў якасці франтавога. Праз год калектыў вярнуўся ў Беларусь. У гэты перыяд пастаўлены спектакль «Сустрэча ў цемры» Ф. Кнорэ, які заклікаў да стойкасці ў выпрабаваннях ваеннага часу. У ім актрыса выканала галоўную ролю савецкай патрыёткі, настаўніцы Вары. У 1944 г. Г. Абуховіч было прысвоена ганаровае званне «Народная артыстка БССР». Высокая ацэнка дзейнасці актрысы натхняла на новыя творчыя пошукі. Яна з поспехам выступіла ў ролі гаспадыні Ніскавуоры ў спектаклі «Каменнае гняздо» Х. Вуаліёкі. Актрыса стварыла яркі, псіхалагічна выразны сцэнічны вобраз разумнай, валявой, актыўнай жанчыны. Ганна Абуховіч была непераўзыдзенай у ролях вясковых жанчын – цётухны Руцэ («Птушкі нашай маладосці» І. Друцэ) і старой Ганны («Апошні тэрмін» паводле В. Распуціна). Сярод іншых роляў – Маша («Тры сястры» А. Чэхава), Ганерылья («Кароль Лір» У. Шэкспіра), Васа, Манахава, Фядосся («Васа Жалязнова», «Варвары», «Апошнія» М. Горкага), царыца Ірына («Цар Фёдар Іаанавіч» А. Талстога), матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б. Брэхта), Бернарда Альба («Дом Бернарды Альбы» Ф. Гарсія Лоркі). У спектаклях па п’есах беларускіх аўтараў Г. Абуховіч сыграла Надзею Пятроўну («Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча), Ірыну Чайку («Песня нашых сэрцаў» В. Палескага), Міхаліну Матулевіч («Трывога» А. Петрашкевіча) і інш. Шматгранны талент, яркі тэмперамент, майстэрства выяўлення псіхалогіі персанажаў – усё гэта паспрыяла ўвасабленню разнапланавых сцэнічных вобразаў, якія ўвайшлі ў залаты фонд айчыннага мастацтва.
Пасля завяршэння акцёрскай кар'еры Г. Абуховіч напісала кнігу ўспамінаў «Полвека на сцене» (1987), дзе расказвае пра свае больш значныя ролі, цікавыя сустрэчы з гледачамі, калектыў і гісторыю тэатра. У 2012 г. у Мінску на доме, дзе яна жыла, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.