Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага
Дата пачатку:
лістапад 1932 Мінск, г.
Кароткая даведка:
лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2015)
Скарочаныя назвы:
НАДТ им. М. Горького (рус.)
Назвы на іншых мовах:
Национальный академический драматический театр имени М. Горького (руская);
Папярэднія назвы:
Государственный академический русский драматический театр имени М. Горького; Государственный русский драматический театр БССР; Государственный русский драматический театр имени М. Горького; Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі; Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР
3216 сімвалаў
Даведка
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага, чые лепшыя спектаклі ўвайшлі ў скарбніцу беларускага сцэнічнага мастацтва, з’яўляецца агульнапрызнаным лідарам сярод рускіх тэатральных калектываў нашай краіны.
Яго заснавальнікам быў У. Кумельскі – прадстаўнік славутай мхатаўскай школы, рэжысёр і акцёр, які ў 1928 г. стварыў у Магілёве рускую вандроўную трупу. Зімні сезон акцёры ігралі ў Магілёве, летні – у Бабруйску. Своеасаблівай творчай справаздачай сталі гастролі ў Мінску ў жніўні – верасні 1931 г., пасля якіх калектыў атрымаў высокую ацэнку. У гэтым жа годзе трупа стала называцца Першым рускім тэатрам БССР, а ў кастрычніку 1932 г. атрымала статус Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР. У рэпертуарных пошуках малады калектыў асноўную ўвагу ўдзяляў распрацоўцы гісторыка-патрыятычнай тэмы і асваенню багатай класічнай спадчыны. Яго афішы прапаноўвалі гледачам спектаклі па п’есах М. Горкага, М. Гогаля, А. Сухаво-Кабыліна, Ф. Вольфа, Ж. Б. Мальера. У 1936 г. мастацкім кіраўніком тэатра стаў А. Данаці, з 1939 г. – Д. Арлоў. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны тэатр спыніў дзейнасць. У 1943 г. быў адноўлены ў Маскве як франтавы калектыў. Пасля працаваў у Магілёве, Гродне, з ліпеня 1947 г. – у Мінску.
Дасягненні Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР пасляваенных гадоў звязаны з пастаноўкамі класічных твораў “Тры сястры” А. Чэхава, “Дванаццатая ноч” У. Шэкспіра, “Цар Фёдар Іаанавіч” А. Талстога, п’ес А. Астроўскага. У 1950-я гг. калектыў узначальваў рэжысёр В. Фёдараў. Спектаклі гэтага перыяду па творах “Варвары” М. Горкага, “Каменнае гняздо” Х. Вуаліёкі, “Брэсцкая крэпасць” К. Губарэвіча вызначаліся маштабнасцю, яркімі вобразамі, а пастаноўка “Караля Ліра” У. Шэкспіра з А. Кіставым у галоўнай ролі прынесла сусветнае прызнанне. Плённым было супрацоўніцтва тэатра з рэжысёрамі М. Співаком і В. Рэдліх. У розны час на сцэне ішлі п’есы беларускіх драматургаў А. Маўзона, К. Губарэвіча, М. Матукоўскага, А. Петрашкевіча, А. Дударава і інш.
Новы ўздым у творчасці тэатра звязаны з дзейнасцю Б. Луцэнкі. Серыя спектакляў, пастаўленых ім у розныя гады, прынесла сапраўдную славу і заслужаны поспех. Творчы дыяпазон пашырылі работы рэжысёраў С. Уладычанскага, Б. Дакутовіча, А. Даброціна, М. Сулімава, Б. Глаголіна, В. Маслюка, В. Грыгалюнаса, В. Ераньковай і інш. З 2009 г. мастацкі кіраўнік тэатра С. Кавальчык. У розны час у ім працавалі выдатныя майстры сцэны А. Кістаў, Ф. Шмакаў, Я. Карнавухаў і інш. Гледачам не толькі нашай рэспублікі, але і замежным аматарам тэатральнага мастацтва вядомы імёны акцёраў Г. Абуховіч, І. Лакштанавай, А. Шах-Парон, А. Клімавай, З. Асмалоўскай, Р. Янкоўскага, Б. Масумян і інш.
У красавіку 1994 г. за высокія дасягненні ў галіне сцэнічнага мастацтва тэатру было прысвоена ганаровае званне “Акадэмічны”. У 1999 г. ён атрымаў сучасную назву. Сёння найбольш значныя спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага працягваюць развіваць лепшыя традыцыі калектыву, узбагачаюць творчыя здабыткі і ставяць яго ў адзін шэраг з вядучымі тэатрамі краіны.
Інфармацыю пра Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага гл. таксама на сайце www.rustheatre.by.