Дата нараджэння:
10.01.1910 Коханава, г. п., Талачынскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
29.12.1991
Кароткая даведка:
тэатральны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі і Казахстана, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1952)
Варыянты імя:
Галубовіч Васіль Васільевіч
Імёны на іншых мовах:
Galubovitch Vasil Vasilyevitch (не вызначана); Голубович Василий Васильевич (руская);
3004 сімвалы
Даведка
Нарадзіўся ў г. п. Коханава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. У 1932 г. скончыў Кіеўскі мастацкі інстытут, з 1933 г. працаваў у тэатрах Днепрапятроўска і Саратава. У 1946–1958 гг. – галоўны мастак Казахскага тэатра драмы імя М. Аўэзава ў Алма-Аце (спектакль «Абай» паводле М. Аўэзава атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР 1952 г.). У 1959–1965 гг. – выкладчык Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. У 1958–1962 гг. быў галоўным мастаком Беларускага тэатра імя Я. Купалы. З 1934 г. удзельнічаў у мастацкіх выстаўках.
Васіль Галубовіч працаваў у галіне тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва. Яго творам характэрна імкненне да абагульненага вобраза спектакля, што выявілася ў гармоніі каларыту і пластыкі дэкарацый, лаканізме кампазіцыі, падкрэсліванні выяўленчымі сродкамі найбольш адметных сюжэтных ліній драматургічнага твора. Сярод аформленых ім спектакляў «Дні нашага нараджэння» І. Мележа (1958), «Каб людзі не журыліся» А. Макаёнка, «Смерць ваяводы» Ю. Славацкага (1959), «Уваскрэсенне» паводле Л. Талстога (1960), «Любоў, Надзея, Вера...» П. Васілеўскага (1961).
У 1963–1973 гг. В. Галубовіч працаваў галоўным мастаком Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Найбольш удаліся мастаку ў гэтым тэатры дэкарацыі да спектакляў «Узнятая цаліна» паводле М. Шолахава (1963) і «Да мора-акіяна» Ю. Петухова (1965), у якіх па-майстэрску перададзена паэзія карцін прыроды. У спектаклі «Маскарад» М. Лермантава (1966) асноўная ўвага звернута на раскрыццё атмасферы трагічных абставін. Мастак стварыў паэтычны зрокавы вобраз спектакля. Панарама заснежанага Пецярбурга, вытанчаная элегантнасць інтэр'ераў уводзілі гледача ў атмасферу эпохі. Пастаноўшчык спектакля «Варшаўская мелодыя» Л. Зорына (1967) М. Рэхельс разам з мастаком В. Галубовічам імкнуліся да шчырай інтанацыі ў размове пра складаныя праблемы жыцця. На сцэне мінімум дэкарацый, чорны фон, які ствараў уражанне глыбіннасці сцэны, а светлавая заслона рэльефна вычэрчвала фігуры герояў. Лаканізм выбару выразных сродкаў садзейнічаў паказу рэтраспекцыі падзей, аб'яднаўшы іх у адзінае цэлае. Спектакль узрушваў гледача эмацыянальна, прыносіў эстэтычнае задавальненне.
З іншых работ у Рускім тэатры: «Антоній і Клеапатра» У. Шэкспіра (1964), «Галоўная стаўка» К. Губарэвіча (1965), «Любоў Яравая» К. Транёва (1967), «Марыя» А. Салынскага і «З вечара да поўдня» В. Розава (1970), «Птушкі нашай маладосці» І. Друцэ (1972).
Васіль Галубовіч аформіў таксама спектаклі ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры: «Скарб» Д. Прыстлі і «Энергічныя людзі» В. Шукшына (1975), «Дні нашага жыцця» Л. Андрэева, «Пярсцёнак» К. Паўстоўскага і «Вэнсэрэмас!» Г. Баравіка (усе 1976), «Жаніцьба» М. Гогаля, «Трэцяе пакаленне» М. Мірашнічэнкі, «І змоўклі птушкі» І. Шамякіна (усе 1977), «Варвары» М. Горкага і «Верачка» А. Макаёнка (1979).
У творчасці мастак імкнуўся дасягнуць гарманічнай дакладнасці, спалучанай з фантазіяй, лаканізмам кампазіцыі, выяўленчых сродкаў.