Васіль Віктаравіч Воінкаў нарадзіўся ў Тбілісі (Грузія). Сваю сцэнічную дзейнасць ён пачаў у 1923 г. у Сухумі ў аматарскім калектыве, а з 1924 па 1932 гг. працаваў тут у Рускім драматычным тэатры. У 1932 г. акцёр залічаны ў трупу Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР, у якім адпрацаваў усё творчае жыццё (з перапынкам у 1941–1942 гг., калі ён быў акцёрам Омскага драматычнага тэатра). Сцэнічны калектыў створаны ў Бабруйску на базе вандроўнай рускай трупы пад кіраўніцтвам У. Кумельскага. Адкрыццё адбылося ў кастрычніку 1932 г. З 1947 г. тэатр знаходзіцца ў Мінску.
Творчае аблічча Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра першай палавіны 1930-х гг. вызначалі ідэйна-мастацкія і эстэтычныя погляды заснавальніка і мастацкага кіраўніка У. Кумельскага, якія склаліся пад уплывам абвешчанага палітычнага закліку да дзеячаў мастацтва краіны падначаліць тэатр інтарэсам рэвалюцыі. Гэта абумовіла яго рэпертуар і прынцыпы сцэнічнага ўвасаблення. Этапным спектаклем маладога калектыву стаў «Ягор Булычоў і іншыя» М. Горкага, пастаўлены ў 1932 г. Васіль Воінкаў сыграў у ім ролю Трубача, якая стала адной з лепшых у яго творчасці.
Пра дасягнуты тэатрам пэўны мастацкі ўзровень сведчыла магчымасць ажыццявіць, як таго патрабавала палітыка партыі ў галіне тэатральнага мастацтва, пастаноўку гісторыка-рэвалюцыйнай п'есы з вобразам У.І. Леніна з так званай ленініяны – «Крамлёўскія куранты» М. Пагодзіна (1940). 1 верасня 1947 г. паказам гэтага спектакля пачалася сталая работа тэатра ў Мінску. Васіль Воінкаў стварыў паўнацэнны ў мастацкіх адносінах вобраз Гадзіншчыка.
Творчы поспех меў спектакль «Рускае пытанне» паводле К. Сіманава, прэм'ера якога адбылася ў 1947 г. У спектаклі надзённа прагучала тэма выкрыцця агрэсіўнай палітыкі імперыялізму і барацьбы за мір. Крытыка аднадушна адзначала сцэнічную культуру спектакля, арыгінальнасць рэжысёрскага вырашэння, ансамблевасць. Высокім майстэрствам вызначалася ігра многіх выканаўцаў. У прыватнасці, В. Воінкаў удала сыграў ролю Кінлі.
Да дасягненняў акцёра адносяцца такія ролі, як Галавасцікаў і Бяссеменаў («Варвары» і «Мяшчане» М. Горкага), князь Турэнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К. Талстога), Тарэлкін («Смерць Тарэлкіна» А. Сухаво-Кабыліна), Аргон («Хітрыкі Скапэна» Ж.Б. Мальера), Бернарда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Галілей («Сымон Карызна» паводле М. Зарэцкага), Міхей і Гарнец («Галоўная стаўка» і «Дзеля жыцця» К. Губарэвіча).
Апошняя роля, сыграная В. Воінкавым у тэатры, – Фірс («Вішнёвы сад» А. Чэхава). П'еса была пастаўлена ў 1981 г. Рэжысёр ставіў задачу даць гледачу жывое адчуванне свету чэхаўскіх герояў, па-сучаснаму выявіць іх духоўную дамінанту. Дзякуючы асаблівасцям свайго таленту акцёр стварыў пераканаўчы, жыццёвы і закончаны сцэнічны вобраз старога і вернага слугі.
Васіль Воінкаў быў характарным акцёрам, майстрам праўдзівага паказу псіхалогіі персанажаў, акрэсленага малюнка ролі. Ён аднолькава творча выконваў як вядучыя, так і другарадныя ролі. Акцёр адмыслова ствараў эпізадычныя характары: карыстаўся выразным і дакладным жэстам, партрэтным грымам, пераканаўчай мімікай, глыбока раскрываючы ідэйна-філасофскі змест вобраза. Ва ўсіх сваіх ролях В. Воінкаў заўсёды заставаўся верным жыццёвай праўдзе, яго персанажы былі блізкімі і зразумелымі гледачу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.