Дата нараджэння:
24.09.1904 Цяцёркі, в., Браслаўскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
13.09.1983 Польшча
Кароткая даведка:
беларускі і польскі этнограф, публіцыст, грамадскі дзеяч
Варыянты імя:
Пецюкевіч Марыян Іосіфавіч
Імёны на іншых мовах:
Pieciukiewicz Marian (польская); Петюкевич Марьян Иосифович (руская);
3533 сімвалы
Даведка
Беларуская традыцыйная культура – каляндарныя і сямейныя абрады, архаічныя вераванні, магічныя дзеянні, варожбы, міфы, казкі і паданні, песні – прыцягвалі ўвагу многіх даследчыкаў. Адным з іх быў Мар’ян Язэпавіч Пецюкевіч – вядомы этнограф і фалькларыст.
Нарадзіўся ён у в. Цяцеркі Браслаўскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Браслаўскі раён Віцебскай вобласці) у сям'і селяніна. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў рускім народным вучылішчы ў в. Шаўляны. У 1917–1918 гг. наведваў заняткі ў Барадзеніцкай прыватнай школе, у 1918–1919 гг. – у польскай у в. Інаве. У 1920 г. М. Я. Пецюкевіч выкладаў беларускую мову ў Цяцерскай школе. Каб падрыхтавацца да паступлення ў Дзісенскую гімназію, некалькі месяцаў займаўся ў прыватнага настаўніка ў в. Ёды, аднак не вытрымаў уступныя экзамены. У 1922 г. яго прынялі ў Віленскую беларускую гімназію. Пасля заканчэння вучобы паступіў у восьмы клас Радашковіцкай гімназіі.
У 1929 г. М. Я. Пецюкевіч стаў студэнтам аддзялення этнаграфіі і этналогіі гуманітарнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Вучобу сумяшчаў з работай у навуковых бібліятэках і Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры. Быў членам Беларускага студэнцкага саюза і Беларускага навуковага таварыства. У 1930–1935 гг. з’яўляўся першым рэдактарам маладзёжнага часопіса «Шлях моладзі», змяшчаў у ім свае артыкулы. Пры канфіскацыях нумароў гэтага выдання двойчы прыцягваўся да судовай адказнасці, некалькі разоў атрымліваў грашовыя штрафы. У 1938 г. пад навуковым кіраўніцтвам вядомага вучонага К. Машынскага М. Я. Пацюкевіч абараніў дыпломную работу на тэму «Першабытныя рысы народнай культуры старавераў у Браслаўскім павеце» і атрымаў ступень магістра філасофіі. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1939 г. быў першым рэдактарам беларускіх перадач на Віленскім радыё, выконваў абавязкі дырэктара бібіліятэкі імя Урублеўскіх, актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Прафсаюза працоўнікаў культуры. У кастрычніку 1939 г. вучонага прызначылі дырэктарам Беларускага музея ў Вільнюсе.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны М. Я. Пецюкевіч пераехаў у в. Неманчынка. Працаваў у сельскай гаспадарцы, выбіраўся старшынёй Ажулайскага сельсавета. У 1945 г. быў арыштаваны. Праз чатыры гады разам з сям’ёй сасланы ў Сібір (г. Ужур Краснаярскага краю). Працаваў у калгасе імя Жданава пчалаводам. У ліпені 1952 г. зноў дастаўлены ў Вільнюс і асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у лагеры ў Варкуце. Пасля рэабілітацыі ў 1958 г., скарыстаўшы права на рэпатрыяцыю, выехаў у Польшчу, дзе знаходзілася яго сям’я. 3 1959 да 1970 г. М. Я. Пецюкевіч працаваў у этнаграфічным музеі ў г. Торуні. Часта выязджаў у творчыя камандзіроўкі, збіраў каштоўныя фальклорныя матэрыялы, ствараў экспазіцыі ў музеі, прысвечаныя традыцыйнай культуры беларусаў. Ён з’яўляецца аўтарам прац «Увагі дзеля запісвання беларускай народнай творчасці і абрадаў» (1933), «Мікола Нікіфароўскі – беларускі этнограф» (1935), «Беларуская мелаграфія» (1936), «Аб паходжанні назвы Беларусь, беларус» (1957), «Купалле – у мінулым усенароднае свята» і «Аб паходжанні імён» (1958), «Старадаўнія велікодныя звычаі ў беларусаў» (1960), «Пахавальныя звычаі» (1965), «Беларускае народнае мастацтва ў Быдгаскім ваяводстве» (1975), «Уклад Казіміра Машынскага ў даследаванне народнай культуры беларусаў» (1976) і інш. Тэматыка прац М. Я. Пецюкевіча сведчыць аб тым, што вучоны стараўся ўнесці ўклад у даследаванне беларускай духоўнай, матэрыяльнай і традыцыйнай культуры, імкнуўся ўберагчы ад забыцця і пашырыць веды пра яе.