Мэтай усяго свядомага жыцця выдатнага дзеяча беларускага адраджэння, археолага, этнографа і даследчыка беларускай даўніны Івана Іванавіча Луцкевіча стала руплівае збіранне на працягу многіх гадоў твораў мінуўшчыны, народнага мастацтва, фальклору і дакументаў, якія адлюстроўвалі гісторыю і культуру Бацькаўшчыны. Гэта калекцыя некаторы час захоўвалася пры рэдакцыі газеты “Наша ніва” і была сапраўднай крыніцай ведаў па вывучэнні матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў. Менавіта на аснове гэтага збору, на жаль, ужо пасля смерці свайго пачынальніка і быў створаны Беларускі музей у Вільні. За год перад сваёй заўчаснай смерцю І. І. Луцкевіч падараваў калекцыю Беларускаму навуковаму таварыству ў Вільні, якое ў 1921 г. і арганізавала музей.
Непасрэдна пытаннямі стварэння і кіраўніцтвам музея да 1939 г. займаўся брат І. І. Луцкевіча – Антон Іванавіч. У спісе грамадскага фонду, які захаваўся да нашага часу, пазначаны 122 прозвішчы людзей, хто непасрэдна дапамагаў у арганізацыі і дзейнасці музея. Сярод іх: Ф. Аляхновіч, Э. Будзька, С. Глякоўскі, В. Гадлеўскі, В. Іваноўскі, Я. Станкевіч, Р. Шырма, Я. Шутовіч, Б. Туронак, М. Танк і шэраг іншых. Уся дзейнасць вялася на грамадскіх пачатках, а найбольш важныя пытанні вырашаліся на пасяджэннях Рады. Музей размяшчаўся ў будынку былога базыльянскага кляштара, меў 5 экспазіцыйных залаў, архіў і бібліятэку. Тут зберагаліся калекцыі: археалагічная, сфрагістычная, нумізматычная, медалёў і крыжоў, слуцкіх паясоў і дываноў, старажытнай зброі, музычных інструментаў, абразоў, карцін і інш.
У археалагічнай калекцыі, якая займала самую вялікую залу музея, былі прадстаўлены археалагічныя знаходкі з 18 паветаў, у тым ліку кафля, цэгла, дахоўка, фрагменты посуду, галаснікі, пярсцёнкі з пячаткамі полацкіх князёў Усяслава Брачыславіча і Барыса, пячатка Міндоўга, свінцовыя пломбы са знакамі (XII–XIII стст.) з Драгічына-над-Бугам, медныя крыжы ХІ ст. У калекцыі старадаўняй зброі захоўваліся панцыр воіна, частка панцыра каня, кальчугі, крыжацкі меч, халодная і агнястрэльная зброя, прадметы ўзбраення сялян, сцяг паўстанцаў Лідскага павета 1863 г. Але самы найбагацейшы скарб складалі зборы старажытных беларускіх грамат, рукапісаў, старадрукаў і рэдкіх кніг, самымі цікавымі з якіх былі: Жухавіцкае евангелле XIV ст., трэбнік Жыровіцкай царквы 1545 г. і малітоўная татарская кніга Аль-Кітаб, напісаная арабскімі літарамі на беларускай мове. Багатым быў таксама і збор старадаўніх беларускіх грамат прыватнага і дзяржаўнага характару. Сярод старадрукаваных кніг у музеі былі выданні Ш. Фіёля, частка кнігі Бібліі Ф. Скарыны (Прага, 1517), Статут Вялікага Княства Літоўскага (Вільня, 1588) і многае іншае. Асобую групу аддзела рукапісаў складалі рукапісы ХХ ст. Гэта былі цэлыя архівы беларускіх выдавецтваў, арганізацый і знакамітых асоб (М. Багдановіч, Я. Купала, М. Гарэцкі, І. Дварчанін, М. Танк, Р. Шырма, Ц. Гартны і інш.).
У перыяд польскай акупацыі Заходняй Беларусі існаванне музея было надзвычай складаным: памяшканне ўжо на ўмяшчала такой багатай калекцыі, таму экспанаваліся толькі найбольш каштоўныя прадметы, а штат складаўся толькі з дзвюх асоб – дырэктара музея і бібліятэкара. Чарговым ударам для музея абярнулася ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, калі пачаўся працэс знішчэння беларускай інтэлігенцыі. Так, сярод іншых, 30 верасня 1939 г. быў арыштаваны дырэктар музея А. І. Луцкевіч, і гэта падзея амаль на год спыніла ўсю працу ўстановы.
У кастрычніку 1940 г. музей быў перададзены ў ведамства Інстытута літуаністыкі, на базе якога пасля ўтварэння Літоўскай ССР была створана Акадэмія навук Літвы. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны дырэктарам музея быў прызначаны Я. Шутовіч, які, каб уратаваць найбольш каштоўныя экспанаты ад вывазу ў Германію, перавёз іх у падвалы касцёла Св. Міхала пад апёку ксяндза А. Станкевіча. На працягу ўсіх ваенных гадоў музей працягваў сваю працу і быў адчынены для наведвальнікаў. У 1943 г. калекцыя з базыльянскіх муроў пераехала ў лепшае памяшканне, дзе і дачакалася вызвалення Вільні ад нямецкай акупацыі, а пазней і сваёй ліквідацыі.
Пасля вызвалення Вільні ў ліпені 1944 г. для музея пачаўся новы, савецкі перыяд існавання. Музей стаў падпарадкоўвацца Камітэту па справах мастацтваў Літоўскай ССР, крыху пазней – Наркамасветы Літоўскай ССР. У лістападзе 1944 г. музей наведала ўрадавая дэлегацыя БССР з прапановай пераезду ў Мінск. Дзеля канчатковага вырашэння гэтага пытання было прапанавана правесці пашыраную нараду з удзелам віленскай беларускай грамадскасці. Аднак раптоўна дырэктар музея Я. Шутовіч быў арыштаваны і пытанне засталося нявырашаным. На пасаду дырэктара прызначылі Ю. Пятруліса. У гэтыя ж дні Саўнаркамам Літоўскай ССР была створана ліквідацыйная камісія, на пасяджэннях якой з лістапада 1944 г. па чэрвень 1945 г. разглядаліся пытанні падзелу экспанатаў былога віленскага Беларускага музея паміж Літоўскай і Беларускай ССР.
У выніку працы ліквідацыйнай камісіі большая частка экпанатаў, кніг і дакументаў музея імя І. І. Луцкевіча была расфарміравана і засталася ў Вільні. У пералік устаноў Літвы, дзе зараз захоўваецца калекцыя музея, уваходзяць: Нацыянальны музей, Літоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут, Цэнтральны дзяржаўны архіў і Цэнтральная навуковая бібліятэка Акадэміі навук Літвы. Частка экспанатаў у другой палове 1945 г. была перададзена Беларусі. Іх атрымалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Некаторая частка экспанатаў трапіла ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы і іншых устаноў.
У 1996 г. у Мінску з нагоды 115-годдзя з дня нараджэння І. І. Луцкевіча і 75-годдзя з часу адкрыцця Беларускага музея ў Вільні, у залах Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі была наладжана выстава “Спадчына, якая належыць Беларусі”. На ёй упершыню экспанаваліся тыя скарбы, што зберагаюцца ў музейных і архіўных зборах нашай краіны. На выставе дэманстраваліся шматлікія дакументы і фотаздымкі тых людзей, чый лёс быў звязаны з лёсам музея да апошняга дня яго існавання. Прадстаўлены рэшткі калекцый выяўленчага мастацтва, іканапісу, скульптуры, музычных інструментаў, археалогіі, сфрагістыкі, керамікі і інш. Гэта была першая спроба ў справе навуковай рэканструкцыі музея, ажыццёўленая на падставе тых экспанатаў, што захоўваюцца ў межах Беларусі. У нашыя часы неаднойчы ўжо пачыналася размова пра сумесны беларуска-літоўскі праект адраджэння Беларускага музея імя І. І. Луцкевіча. Магчыма, гэта будзе дамоўленасць пра праект віртуальнай рэканструкцыі экспазіцыі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.