Кароткая даведка:
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат
Імёны на іншых мовах:
Огинский Михал Казимир (руская);
3748 сімвалаў
Даведка
Князь Міхал Казімір Агінскі паходзіў са старадаўняга роду, прадстаўнікі якога адыгралі значную ролю ў дзяржаўным, грамадска-палітычным і культурным жыцці Беларусі, Літвы і Польшчы. Ён рана страціў бацьку і гадаваўся пад апякунствам спачатку дзеда – гетмана Вішнявецкага, потым пад наглядам віцебскага ваяводы Марцыяна Агінскага і, нарэшце, яго выхавацелем стаў канцлер Рэчы Паспалітай Міхал Чартарыйскі. Пра выхаванне Міхала Казіміра захавалася мала звестак. Вядома, што ён вывучаў музыку і жывапіс, меў здольнасці да мастацтва. Па парадзе Чартарыйскага Міхал Казімір абраў ваенную кар’еру і ў васемнаццаць год стаў дэпутатам сейма. З 1753 г. ён падарожнічаў па Еўропе. Наведаў Дрэздэн, Вену, Парыж, як сам пісаў, дзе “свой час выкарыстоўваў, каб развіваць здольнасці ў ігры на скрыпцы, у жывапісе…”*. Талент Агінскага ўсхваляў у сваіх мемуарах нават Д. Дзідро. У 1761 г. Міхал Казімір вярнуўся на радзіму. Ён ажаніўся з дачкою Чартарыйскага Аляксандрай, за якой атрымаў Слонімскую эканомію, дзе пазней і стварыў славутую “сядзібу муз”.
У 1768 г. Агінскі стаў Вялікім літоўскім гетманам, а праз тры гады далучыўся да Барскай канфедэрацыі. У ноч на 9 верасня трохтысячны атрад гетмана разбілі пад Сталовічамі войскі А. Суворава. Пасля гэтага Агінскі эміграваў за мяжу, а ўсе яго маёнткі, што знаходзіліся ва ўсходняй Беларусі, ужо далучаныя да Расіі ў 1772 г., былі канфіскаваны. У 1775 г. ён атрымаў амністыю і вярнуўся ў Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню і знакаміты канал, які звязаў басейны Балтыйскага і Чорнага мораў праз Ясельду, Шчару, Нёман і Прыпяць. Праз палескія балоты намаганнямі князя былі адноўлены пракладзеныя раней два гасцінцы, што злучылі Пінск са Слонімам і Валынню. Аднак па сваіх інтарэсах, адукацыі і характары гетман у першую чаргу быў усё ж чалавекам мастацтва, і ў хуткім часе Слонім ператварыўся ў “беларускія паўночныя Афіны” – так яго называлі сучаснікі.
Пры сваім двары князь Агінскі заснаваў оперны тэатр, музычную капэлу, адкрыў школу – “Дэпартамент балетных дзяцей”, дзе акрамя танцаў вучылі чытанню і пісьму дзяцей прыгонных. Для тэатра гетман напісаў оперы “Цыганы”, “Елісейскія палі”, “Сілы свету”, “Становішча саслоўяў”. Пісаў таксама скрыпічныя п’есы, паланезы і іншыя музычныя творы, выдатна выконваючы іх на розных інструментах. Яго нават жартам называлі “гетман-кларнет”, а некаторыя даследчыкі жыцця і дзейнасці Міхала Казіміра Агінскага сцвярджаюць, што гэта менавіта ён вынайшаў падножку да арфы. Уражвае і паэтычна-літаратурная творчасць Агінскага. Яго лічаць аўтарам выдадзеных у Варшаве пад псеўданімам “Слонімскі грамадзянін” перадавых для свайго часу зборнікаў “Гістарычныя і маральныя аповесці” (1782), “Байкі і не байкі” (1788). У апошні зборнік увайшлі вершы з “Песень пана Міхала графа Агінскага, гетмана Вялікага княства Літоўскага, укладзеныя ў верасні 1770 г. у Слоніме”. Як мецэнат Міхал Казімір зрабіў багатыя ахвяраванні для кляштара і касцёла ў Смілавічах, а таксама заснаваў дабрачынны фонд для студэнтаў Віленскага універсітэта.
У 1781 г. Агінскі быў прызначаны намеснікам Літоўскай правінцыі, а праз год выехаў за мяжу. Быў у Бруселі, Амстэрдаме, Берліне, Вене, вандраваў па Англіі. Наведваючы Прусію, прасіў дапамогі ў прускага караля Фрыдрыха Вільгельма ІІ, каб вярнуць свае маёнткі ў Расіі. У 1793 г. Агінскі адмовіўся ад вялікай гетманскай булавы. Падчас паўстання Т. Касцюшкі, ён знаходзіўся ў Вільні. Цяжка хворы, былы гетман па-ранейшаму займаўся музыкай, нават наладзіў сяброўства з Францам Іозефам Гайднам. У канцы 1795 г. Міхал Казімір Агінскі пераехаў у Варшаву, дзе і правёў апошнія гады свайго жыцця.
*Верамейчык С. Міхал Клеафас Агінскі, 1765–1833 : продкі, жыццё ў Залессі, нашчадкі : (спроба храналогіі). Мн., 2003. С. 23.