Дата пачатку: да 1771 ці 1703 Гродзенская вобласць
Дата заканчэння: пасля 1791
Кароткая даведка: прыдворная тэатральная трупа вялікага гетмана літоўскага М. К. Агінскага, на сцэне якога працавалі прафесійныя італьянскія і польскія оперныя і драматычныя акцёры, мастакі, прыгонны балет і хор
Назвы на іншых мовах: Слонимский театр Огинского (руская);
Выдатнай з'явай у тэатральным жыцці Беларусі канца ХVIII ст. стаў Слонімскі тэатр Агінскага – прыдворная тэатральная трупа гетмана вялікага літоўскага, мецэната і кампазітара М.К. Агінскага ў Слоніме. Багаты гандлёвы Слонім раскінуўся на маляўнічым схіле берага, які ўступамі сыходзіў да ракі Шчары. Ён быў яскравым горадам барока – з вузкімі вулачкамі, раскіданымі ў шахматным парадку кляштарамі, дамамі рознай вышыні, аўстэрыяй («Кафейны дом»), прыстасаванай для карнавалаў і асамблей, палацам «на Замчышчы». Міхал Казімір Агінскі жыў ў аднапавярховым палацы, які меў 46 пакояў. У палацы знаходзілася танцзала (канцэртзала) – магчыма, першае памяшканне, у якім адбываліся тэатральныя паказы і канцэрты яго славутай капэлы, якая не ўступала мангеймскай, музычнаму камертону Заходняй Еўропы. У Слонімскім тэатры Агінскага працавалі прафесійныя італьянскія, нямецкія, польскія спевакі, прыгонны хор і балет. Балетная трупа была падрыхтавана ў Слонімскай балетнай школе, якая дзейнічала пры тэатры. Узнікненне слонімскага балета адносяць да сярэдзіны 1771 г.: у чэрвені М.К. Агінскі ўпершыню падпісаў плацёжныя ведамасці на выплату грошай на ўтрыманне «чатырох балетных юнакоў і чатырох балетных дзяўчат». Сярод іх былі дзеці прыдворных музыкантаў – сёстры Заблоцкія і юная Будзевічаўна.
З 1777 г. існаваў невялікі ансамбль (восем чалавек), падрыхтаваны балетмайстрам Ноакам. У 1781 г. пад яго кіраўніцтвам укамплектавана школа (у 1785 г. у ёй было 18 вучняў). Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, пазней – прыгонных сялян. Балетную школу М.К. Агінскі пышна назваў «Дэпартамент балетных дзяцей». Вучні атрымлівалі і некаторую агульную адукацыю.
Росквіт школы і падрыхтаванай ёю балетнай трупы звязаны з дзейнасцю балетмайстра і кампазітара Ф. Марыні і вядомага польскага танцоўшчыка, балетмайстра і педагога слонімскага балета Ф. Шлянцоўскага. У 1788 г. чатыры выхаванцы выступалі ў Варшаве ў балеце «Рыбакі». Выступленне перад варшаўскай публікай было, несумненна, актам прызнання слонімскага тэатра. У сезон 1790/91 гг. трупа (каля 20 чалавек) паказала чатыры спектаклі на гастролях у г. Дубна (цяпер Украіна). Слонімскі балет паспяхова канкурыраваў з каралеўскім балетам у Варшаве, набліжаўся да буйнейшых сталічных труп. З 1792 г. школа і балетная трупа пераведзены ў мястэчка Целяханы (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Дакладная дата іх роспуску невядома.
Паказы спектакляў суправаджала Слонімская капэла Агінскага, якая існавала ў 1765 (?) – 1793 гг. Сучаснікі адзначалі высокі прафесійны ўзровень аркестра, наяўнасць уласнага выканальніцкага стылю. У 1770–1780-я гг. пры тэатры дзейнічала музычная школа. Спачатку капэла складалася з 12 чалавек, у 1776 г. мела вялікі ансамбль інструменталістаў і вакалістаў (53 чалавекі) на чале з Ю. Паўлі, А. Данезі і Я. Стэфані. У капэле былі 24 прыгонныя музыканты, а таксама замежныя спевакі, інструменталісты, дырыжоры (сярод якіх К. Чыпрыяні). Росквіт дзейнасці капэлы прыпадае на 1780 г. З 1-й паловы 1780-х гг. пачынаецца яе заняпад, паменшаў склад – многія замежныя музыканты перайшлі ў Нясвіжскую капэлу Радзівілаў. Часовы ўздым капэла і тэатр Слоніма перажылі ў канцы 1780-х – пачатку 1790-х гг., аднак на 1.01.1792 г. у аркестры было толькі 12 музыкантаў, і ён не складаў мастацкага цэлага.
Рэпертуар Слонімскага тэатра Агінскага складаўся з балетаў, у тым ліку «Каралеўскі балет», «Балет млынароў», «Дзікі балет», «Дэзерцір». На сцэне тэатра паказваліся оперы італьянскіх кампазітараў Дж. Паізіела, Э. Дуні, А. Грэтры, П. Мансіньі і інш. Ставіліся таксама оперы М.К. Агінскага «Зменены філосаф» (1771), «Елісейскія палі» (1788); трагедыі Вальтэра «Альзіра» (1780, 1783), «Мар'яна» (1786). Сярод пастановак драматычных твораў – камедыі Кацярыны II «Імяніны пані Варчалкінай» і «Ашуканец».
У рэпертуары тэатра пераважалі оперы, дакладней аперэты ў форме «зінгшпіля», дзе часта драматычнага тэксту было не менш, чым арый. Магчыма, гэта адна з прычын таго, што сярод акцёраў М.К. Агінскага не ўпамінаюцца акцёры драмы: іх функцыі выконвалі спевакі і танцоры. Збор нот твораў, што выконваліся на розных сцэнах тэатра Агінскага, уключаў 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 іншых музычных твораў (араторыі, арыі, музыка для дывертысментаў, асобных танцаў і інш.). Слонімскі тэатр Агінскага меў філіялы ў г. Седльц (Польшча) і Целяханах (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). У 1771 г. функцыянаваў «Плывучы тэатр» на баржах, якія перамяшчаліся па Агінскім канале і рацэ Шчары. Гэты тэатр прадстаўляў сабой дзіўны твор барока.
З 1776 г. М.К. Агінскі пастаянна знаходзіўся ў Слоніме, дзе займаўся ўпрыгожаннем сваёй рэзідэнцыі і з канца 1770-х гг. пачаў будаўніцтва грандыёзнага тэатра – «Дома оперы» («Оперхаўза»). Будаўніцтва было закончана ў 1780 г. па праекце і пад кіраўніцтвам італьянскага дойліда і тэатральнага мастака І. Мараіна. Двух'ярусная, пабудаваная па італьянскай сістэме зала, мела ўтульныя ізаляваныя ложы з паркетнай падлогай і камінамі і асвятлялася насценнымі бра і вялізнай крыштальнай люстрай, фігурныя жырандолі для якой рабілі на Налібоцай гуце. Асвятленне сцэны ажыццяўлялася 400 свяцільнікамі з рэфлектарамі. Стваральнікам усёй складанай машынерыі тэатра – верхніх і ніжніх (трумавых) машын – быў Жан Баі (Ян Бой), які абавязкі «машыннага майстра» сумяшчаў з абавязкамі тэхнічнага дырэктара і інспектара сцэны. Яму належыць вынаходніцтва двух тэатральных фантанаў і спецыяльнай сістэмы для перакідкі вады з канала ў тэатр і «вярчальны вал» для змены дэкарацый. «Дом оперы» меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, опер і балетаў, для выхаду вялікай колькасці спевакоў і статыстаў, для тэатральных баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой з канала і па ёй плавалі лодкі), для складаных дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхнічныя магчымасці сцэны дазвалялі паказаць і два фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі (пры тэатры быў спецыяльны піратэхнік, «майстар па феерверках» Ц.Г. Ваксмунт).
Раскоша і складаная машынерыя, якіх не ведалі многія буйнейшыя тэатры Заходняй Еўропы, рабілі моцнае ўражанне на гледачоў. Відавочцы адзначалі, што тэатр у Слоніме дзякуючы сваёй велічыні і бляску мог бы знаходзіцца і ў Варшаве, і ў кожнай еўрапейскай сталіцы. Слонімскі тэатр, які культываваў барочную оперу і «зінгшпілі», разлічаныя на пастаноўку твораў з удзелам вялікай колькасці выканаўцаў, меў адпаведна багаты гардэроб, яго абслугоўвала спецыяльная касцюмерная. Барочны тэатр патрабаваў складаных і віртуозных па пісьму дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў (пажары, вывяржэнні вулканаў, разбурэнне будынкаў, скал і г. д.). Усё гэта магло быць створана толькі калектыўнай працай тэатральных спецыялістаў, але асноўная нагрузка заўсёды клалася на плечы мастакоў-дэкаратараў. На слонімскай сцэне працавала цэлая група таленавітых жывапісцаў, а таксама прыгонны дэкаратар. Паводле водгукаў сучаснікаў, Слонімскі тэатр працаваў з вялікай нагрузкай, і былі месяцы, калі спектаклі ішлі кожны дзень.
У часы М.К. Агінскага вялікай папулярнасцю карысталіся паказы, у якіх ярка выяўлялася эстэтыка барока і ракако. Гэта пастаноўкі з удзелам музыкантаў, спевакоў і танцораў, прафесіяналаў і аматараў на тэатральных падмостках і на ўлонні прыроды, дзе розныя па стылістыцы матывы і жанры розных відаў мастацтва змешваліся ў адзінае відовішча – своеасаблівыя дывертысменты, тэатралізаваныя спектаклі-віншаванні.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай «Палескія Афіны» апусцелі. Слонім губляе значэнне палітычнага, эканамічнага і культурнага цэнтра, і гетман М.К. Агінскі пераязджае ў Геленаў. Хаця музычныя выступленні яшчэ працягваліся, яны ўжо не дасягалі ранейшай вышыні. Дзейнасць магнацкай прыгоннай сцэны мела важнае значэнне для развіцця прафесійнага тэатра ў Беларусі. Другую палову XVIII cт. трэба разглядаць як перыяд прафесіяналізацыі, падрыхтоўкі мясцовых высокакваліфікаваных кадраў, перыяд далучэння разначыннага гледача да лепшых дасягненняў тэатральнага мастацтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.