Стафан Баторый, адзін з найбольш знакамітых манархаў Еўропы, адыграў значную ролю ў гісторыі Беларусі XVI ст. За час свайго кіравання ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ), якія былі аб’яднаны ў Рэч Паспалітую, праславіўся як палкаводзец, дыпламат, рэфарматар і мецэнат.
Стафан Баторый паходзіў са старажытнага венгерскага роду. Ён нарадзіўся ў г. Шомліа ў Трансільваніі (цяпер Румынія) у сям’і ваяводы Іштвана Баторы. З 15 гадоў удзельнічаў у баявых паходах караля Чэхіі і Венгрыі Фердынанда I. Разам з ім быў у Італіі. Вучыўся ў славутым Падуанскім універсітэце. Пазней служыў у трансільванскага князя Янаша Жыгманда Запальяі (Іаана Сігізмунда Запольскага), пры двары якога набыў вопыт адміністратара, вайсковага камандзіра, дыпламата (некаторы час з’яўляўся паслом пры нямецкім каралі Максіміліяне II). Пасля разрыву зносін паміж Трансільваніяй і Германіяй немцы тры гады трымалі яго заложнікам. Час вымушанага бяздзеяння выкарыстаў для самаадукацыі: шмат чытаў, асабліва творы па гісторыі, а запіскі Юлія Цэзара вывучыў на памяць. Пасля смерці Янаша Жыгманда Запальяі стаў князем Трансільваніі (1571–1576).
Яго краіна, аслабленая войнамі, вымушана была прызнаць васальную залежнасць ад германскага імператара і турэцкага султана. Каб аказаць ім хоць нейкае супраціўленне, Стафан Баторый наладзіў добрыя адносіны з Рэччу Паспалітай. Пасля смерці ў 1572 г. польскага караля і вялікага князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста абарвалася мужчынская лінія дынастыі Ягайлавічаў і пачалася доўгая барацьба за польскі трон. Нягледзячы на тое, што сенат абвясціў каралём Максіміліяна II, на элекцыйным сейме 15 снежня 1575 г. дробнамаёнткавая шляхта абрала каралём Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя з умовай, што ён ажэніцца з сястрой Жыгімонта II Аўгуста Ганнай Ягелонкай.
Напярэдадні каранацыі будучы кароль пацвердзіў умовы кантракта, паводле якога не меў права прызначаць пасля сябе наследнікаў, браць новы шлюб, без згоды сейма і сената пачынаць і спыняць войны, накіроўваць паслоў у іншыя дзяржавы. Абавязаўся заплаціць даўгі Рэчы Паспалітай, вярнуць захопленыя Іванам IV Грозным землі, умацаваць межы краіны, каб абараніць землі ад набегаў крымскіх татараў, выкупіць палонных. 1 мая 1576 г. у каралеўскім замку Вавель у Кракаве адбылася каранацыя Стафана Баторыя.
Вялікім князем літоўскім ён быў абвешчаны пасля перагавораў з прадстаўнікамі ВКЛ і пасля таго, як выдаў грамату ад 29 ліпеня 1576 г., у якой прызнаў, што Польшча і ВКЛ з’яўляюцца раўнапраўнымі суб’ектамі ў складзе Рэчы Паспалітай. Кароль абяцаў захоўваць самастойнасць ВКЛ і пашыраць яго межы, не прызначаць у княстве военачальнікамі палякаў, агульныя сеймы склікаць па чарзе то ў Польшчы, то ў ВКЛ (у далейшым кожны трэці сейм адбываўся ў Гродне).
Трон Рэчы Паспалітай заняў сталы, адукаваны, з выразнымі поглядамі на ролю ўладара ў дзяржаве і на палітычную сітуацыю ў Еўропе чалавек, да таго ж дасведчаны дыпламат і палкаводзец. У 1579–1582 гг. ён удзельнічаў у Лівонскай вайне і ў выніку шэрагу паспяховых аперацый вярнуў ВКЛ Полацк і Вялікія Лукі. Хоць аблога Пскова скончылася безвынікова, аднак паскорыла заключэнне 10-гадовага Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582 г. і заканчэнне вайны. Перамогі войска, якім камандаваў кароль, уратавалі ВКЛ ад спусташэння, акупацыі і палітыкі Івана IV Грознага.
Ва ўнутранай палітыцы Стафан Баторый імкнуўся да ўмацавання каралеўскай улады, устанаўлення ў Польшчы наследнага прастола, разам з тым падтрымліваў шляхту. У вырашэнні канфліктаў аддаваў перавагу мірнаму шляху, разумнаму кампрамісу. Выбраны каралём намаганнямі дробнамаёнткавай шляхты, у знак удзячнасці даў ёй многія прывілеі. Пры Стафане Баторыі была рэарганізавана судовая сістэма. У 1584 г. кароль афіцыйна паабяцаў зацвердзіць папраўкі да Статута ВКЛ 1566 г. Ёсць падставы лічыць, што тэкст гэтага дакумента, прынятага Жыгімонтам III Вазай, быў складзены ад імя Стафана Баторыя. Кароль падтрымліваў каталіцкую царкву і езуітаў. Дазволіў заснаваць езуіцкія калегіумы ў Рызе (1580), Полацку (1581), Дэрпце (зараз Тарту, 1584), ператварыў Віленскі езуіцкі калегіум у акадэмію (пазней Віленскі ўніверсітэт), выдаў прывілей на штогадовую грашовую дапамогу на ўтрыманне Гродзенскай праваслаўнай Прачысценскай царквы.
Мудры палітык, выдатны дзяржаўны дзеяч, здольны военачальнік, Стафан Баторый зрабіў значны ўклад ва ўмацаванне Рэчы Паспалітай, спрыяў падняццю яе аўтарытэту ў Еўропе. Вялікае значэнне надаваў развіццю навукі і асветы, у кнізе бачыў крыніцу культуры і ведаў. Нездарма, як сведчыць пра гэта гісторык Р. Гердэнштэйн, вернутыя ў час Лівонскай вайны кніжныя зборы Полацкага Сафійскага сабора кароль лічыў амаль самай каштоўнай ваеннай здабычай.
Стафан Баторый шмат зрабіў для развіцця і дабрабыту Гродна, дзе была яго рэзідэнцыя. На нейкі час горад стаў неафіцыйнай сталіцай не толькі ВКЛ, але і ўсёй Рэчы Паспалітай. Тут кароль прымаў паслоў Івана IV Грознага (1581) і англійскай каралевы Елізаветы I (1582), правёў раду сенатараў для разгляду дамаганняў Швецыі (1582) і інш. У гэтым горадзе Стафан Баторый 12 снежня 1586 г. раптоўна памёр. Паўтара года астанкі караля знаходзіліся ў Гродне, 24 мая 1588 г. былі перавезены ў Вавельскі замак.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.