Кароткая даведка:
каралева польская і вялікая княгіня літоўская, жонка караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя
Імёны на іншых мовах:
Anna Jagiellonka (польская); Анна Ягеллонка (руская);
1889 сімвалаў
Даведка
Правіцелямі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў XІV–XVI стст. з’яўляліся прадстаўнікі дынастыі Ягелонаў. Ганна Ягелонка – адна з членаў гэтага вялікага роду.
Нарадзілася яна ў Кракаве ў сям’і караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І Старога і Боны Сфорцы. Да 1548 г. пражывала ў каралеўскім замку на Вавелі. Добра ведала латынь, польскую і італьянскую мовы, шмат часу праводзіла ў малітвах, вышывала. Пасля жаніцьбы брата-караля Жыгімонта Аўгуста на Барбары Радзівіл, Ганна разам з маці выехала ў варшаўскую рэзідэнцыю. У далейшым жыла ў Вільні і Плоцку, а з 1573 г. – у Варшаве.
Бацькі не здолелі выбраць мужа для Ганны ў маладым узросце. У розныя часы сярод прэтэндэнтаў на яе руку былі дацкі прынц Магнус, курляндскі герцаг Готард Кетлер, пфальцграф Рыхард Вітэльсбах, Генрык Валезы, сын германскага імператара Эрнст. У 1575 г. Ганна Ягелонка была абвешчана каралевай і вялікай княгіняй літоўскай. Яе мужам і адначасова каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем літоўскім у 1576 г. стаў трансільванскі ваявода Іштван Батары (Стафан Баторый). Шлюб не прынёс палітычнай вагі каралеве. Пасля смерці Стафана Баторыя Ганна больш не выйшла замуж. У 1587 г. яна падтрымала выбранне на каралеўскі трон Рэчы Паспалітай сына сястры Кацярыны – Жыгімонта ІІІ Вазы.
У апошнія гады жыцця Ганна Ягелонка займалася мецэнацкай дзейнасцю, уладкаваннем маёнткаў і каралеўскімі садамі. Яна ўтрымлівала пры сваім двары школу для беднай моладзі, завяршыла будаўніцтва маста на Вісле ў Варшаве і капліцы Жыгімонта ў Кракаўскім архікафедральным касцёле. У Вялікім Княстве Літоўскім у 1589 г. Ганна надала магдэбургскае права і гербы сваім уладанням (Пружанам, Кобрыну і Гарадку). У 1590–1596 гг. фінансавала касцёлы ў Паланзе, Горждах і Акмянах (цяпер Літва) і інш.
Памерла Ганна Ягелонка ў 1596 г. Была пахавана ў капліцы Жыгімонта ў Кракаве.