Жыгімонт ІІ Аўгуст (у ВКЛ – Жыгімонт ІІІ), сын Жыгімонта І Старога
Дата нараджэння:
01.08.1520
Дата смерці:
07.07.1572
Кароткая даведка:
кароль Польшчы і вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага
Варыянты імя:
Зыгмунт Аўгуст; Сігізмунд Аўгуст; Ягайлавіч Жыгімонт Аўгуст; Ягелон Жыгімонт Аўгуст
Імёны на іншых мовах:
Жигимонт II Август (руская); Сигизмунд II Август (руская);
3568 сімвалаў
Даведка
Сын Жыгімонта I Старога і Боны Сфорцы, апошні кіраўнік суверэннага Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), Жыгімонт ІІ Аўгуст нарадзіўся 1 жніўня 1520 г. у Кракаве. На сейме ВКЛ у кастрычніку 1529 г. выбраны вялікім князем пры жыцці бацькі. 18 снежня 1529 г. на польскім сейме Жыгімонт І дамогся выбрання сына польскім каралём (каранаваны 20 лютага 1530 г.). Аднак рэальная ўлада заставалася ў руках Жыгімонта І Старога.
У першыя гады княжання ў ВКЛ Жыгімонт ІІ Аўгуст знаходзіўся пад уплывам магнатаў, асабліва Радзівілаў. Перыяд яго праўлення супаў з пашырэннем у краіне рэфармацыйнага руху. Кароль не меў трывалай пазіцыі адносна свайго веравызнання і даваў пратэстантам розныя прывілеі ў Польшчы і ВКЛ. Жыгімонт ІІ Аўгуст дазваляў будаваць лютэранскія і кальвінісцкія храмы, а ў барацьбе паміж рэфармацыяй і каталіцкай царквой трымаў нейтралітэт і актыўна ў ёй не ўдзельнічаў. Праводзіў палітыку талерантнасці ў адносінах да ўсіх канфесій. Аднак пазней абмежаваў дзейнасць пратэстантаў і дапусціў у краіну езуітаў, што стала пачаткам контррэфармацыі.
Жыгімонт ІІ Аўгуст імкнуўся да захавання мірных адносін з суседнімі краінамі. Выключэннем стала Маскоўская дзяржава, якая пачала Лівонскую вайну (1558–1583). Цяжар вайны падштурхнуў шляхту ВКЛ да дзяржаўнай уніі з Польшчай. Па ініцыятыве Жыгімонта ІІ Аўгуста 10 студзеня 1569 г. у Любліне скліканы вялікі сейм, які многія з дэпутатаў ВКЛ або праігнаравалі, або пакінулі яго датэрмінова. Намаганнямі польскай шляхты і караля да Польшчы далучаны Падляскае і Кіеўскае ваяводствы, Валынь і Падолле. Каралеўства Польскае і ВКЛ былі аб’яднаны ў Рэч Паспалітую (акт зацверджаны 1 ліпеня 1569 г.).
Унутраная палітыка Жыгімонта ІІ Аўгуста была накіравана на ўзмацненне правоў сярэдняй шляхты. У час яго праўлення пачала ажыццяўляцца аграрная рэформа (ці як яе называюць «валочная памера»), у выніку якой упарадкавана землекарыстанне, ліквідавана церазпалосіца сялянскіх зямель і ўніфікаваны феадальныя павіннасці сялян, усталяваліся і пашыраліся фальваркі, уводзілася падворнае землекарыстанне, сяляне надзяляліся стандартнымі зямельнымі ўчасткамі (валокамі), уведзена трохпольная сістэма земляробства. У выніку рэформы значна падняўся ўзровень прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі. Значнай падзеяй стала ўвядзенне Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 г.
Жыгімонт II Аўгуст займаўся мецэнацтвам, падтрымліваў мастакоў, архітэктараў, музыкантаў, акцёраў і садзейнічаў шырокаму распаўсюджванню ідэй Адраджэння ў ВКЛ.
Першая яго жонка – эрцгерцагіня Лізавета Габсбурская (па прозвішчы Гальшка), была дачкой наследніка імператарскага трона Фердынанда. Шлюб заключаны ў 1543 г. для ўстанаўлення сяброўскіх адносін са Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Лізавета памерла праз два гады пасля замужжа, па адной з версій была атручана Бонай Сфорцай. Другой жонкай стала Барбара Радзівіл, з якой ён абвянчаўся патаемна, бо супраць шлюбу выступалі магнаты і шляхта, якія не хацелі пашырэння ўплыву Радзівілаў. Жыгімонт ІІ Аўгуст дамогся афіцыйнага прызнання, Барбара каранавана ў Кракаве 5 снежня 1550 г., але сямейнае шчасце было нядоўгім: 8 мая 1551 г. каралева памерла ад цяжкай хваробы (некаторыя гісторыкі лічаць, што яе атруцілі). З гісторыяй кахання Барбары і Жыгімонта ІІ Аўгуста звязаны легенда аб Чорнай даме нясвіжскай, а таксама сюжэты шматлікіх мастацкіх твораў. У 1553 г. кароль ажаніўся на эрцгерцагіне Кацярыне Аўстрыйскай, сястры сваёй першай жонкі, аднак хутка развёўся з ёй. Паколькі ўсе шлюбы былі бяздзетныя, то са смерцю Жыгімонта ІІ Аўгуста скончылася мужчынская лінія дынастыі Ягелонаў.