Кароткая даведка:
вялікая княгіня Вялікага Княства Літоўскага, каралева Польшчы, другая жонка Жыгімонта Аўгуста
Варыянты імя:
Радзівіл Барбара
Імёны на іншых мовах:
Barbara Radziwiłłówna (польская); Барбара Радзивилл (руская); Радзивилл Барбара (руская);
4384 сімвалы
Даведка
Адна з найбольш вядомых жаночых постацей беларускай мінуўшчыны каралева польская і вялікая княгіня літоўская Барбара Радзівіл засталася ў гісторыі дзякуючы рамантычнай і трагічнай легендзе аб сапраўдным каханні.
Нарадзілася яна, па меркаванні даследчыкаў, у Вільні ў сям’і кашталяна віленскага і вялікага гетмана Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) Юрыя Радзівіла і яго другой жонкі Барбары з Колаў. Атрымала выдатную для свайго часу хатнюю адукацыю: валодала мовамі, прыгожа пісала, іграла на музычных інструментах, захаплялася паляваннем. У 1537 г. выдадзена замуж за навагрудскага ваяводу Станіслава Гаштольда. Шлюб гэты аднак не быў доўгім: праз пяць гадоў Барбара аўдавела.
У 1543 г. у час візіту ў Вільню трапіла на адзін з прыёмаў, што даваў у сваім палацы наследнік вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонт Аўгуст. Згодна з крыніцамі, маладыя людзі адразу спадабаліся адзін аднаму. Аднак высокі дзяржаўны сан, а таксама знаходжанне ў шлюбе з прынцэсай Эльжбетай Габсбургскай, не дазволілі Жыгімонту Аўгусту адкрыта праяўляць свае пачуцці. Больш блізкае знаёмства адбылося ў час яго прыезду па маёмасных справах ва ўладанне Геранёны (зараз вёска ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці), дзе жыла пасля смерці мужа Барбара. Выбранніца Жыгімонта Аўгуста пераехала ў віленскі палац Радзівілаў, які знаходзіўся побач з велікакняжацкай рэзідэнцыяй, і на працягу наступных некалькіх гадоў з’яўлялася адзінай яго любімай жанчынай. Застаўшыся ўдаўцом, Жыгімонт Аўгуст пад націскам братоў Барбары ў 1547 г. тайна абвянчаўся з ёю. У хуткім часе выехаў у Кракаў для падрыхтоўкі абвяшчэння шлюбу. Барбару на некалькі месяцаў адправілі ў аддалены радзівілаўскі маёнтак Дубінкі (зараз г. Дубінгяй, Літва), дзе былі створаны ўсе ўмовы для яе бяспечнага жыцця.
Афіцыйнае абвяшчэнне шлюбу ў каралеўскай сям’і, якое адбылося ў лютым 1548 г., выклікала вялікае хваляванне. Асабліва рашуча супраць Барбары была настроена маці, каралева польская і вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца, якая планавала саюз сына з французскай прынцэсай. Пасля смерці бацькі Жыгімонта І Старога малады кароль стаў паўнамоцным правіцелем абедзвюх краін. Наперакор маці, 17 красавіка 1548 г. на пасяджэнні Рады паноў ВКЛ у Вільні, Жыгімонт ІІ Аўгуст прадставіў Барбару Радзівіл як сваю законную жонку і вялікую княгіню літоўскую. Гэта заява хоць і была прынята без супраціўлення, аднак вельмі ўсхвалявала магнатаў і шляхту, многія з якіх былі незадаволены ростам уплывовасці роду Радзівілаў. Польскі сейм выступіў за скасаванне саюза, палічыўшы яго няроўным і зневажаючым каралеўскую годнасць. У выніку доўгага процістаяння Жыгімонт ІІ Аўгуст дамогся афіцыйнага прызнання шлюбу ў Польшчы і 7 снежня 1550 г. у Кракаве Барбара Радзівіл была каранавана. Згодна з традыцыяй, кароль падараваў жонцы каштоўнасці і вялізныя тэрыторыі – Ковенскі замак, некалькі мястэчкаў, фальваркаў, млыноў, пушчы, палі і лясы. Барбара не ўмешвалася ў палітычныя справы і не карысталася сваім уплывам на мужа для асабістага ўзбагачэння. Згодна з крыніцамі, каралеўская пара была найшчаслівейшай з усіх, якіх толькі бачыў каралеўскі двор.
Аднак сямейнае шчасце працягвалася нядоўга. На момант каранацыі Барбара была ўжо цяжкахворай і стан яе здароўя імкліва пагаршаўся. Жыгімонт ІІ Аўгуст прымаў усе меры, каб выратаваць каханую жонку – выклікаў лекараў з-за мяжы, запрашаў знахарак. Усе сродкі таго часу не дапамаглі каралеве і 8 мая 1551 г. яна памерла ў Кракаўскім Вавелі. Згодна з апошняй воляй, яе цела было адвезена ў Вільню і пахавана ў Віленскім кафедральным саборы Святога Станіслава.
Каханне Жыгімонта ІІ Аўгуста і Барбары і яго трагічны фінал сталі прычынай з’яўлення шматлікіх чутак, у якіх праўда цесна пераплялася з выдумкамі. Згодна з існуючай легендай, кароль вельмі цяжка перажываў сваю страту. Ён звярнуўся да чарнакніжнікаў Твардоўскага і Мнішака, якія абяцалі спатканне з духам памерлай жонкі. У час правядзення спірытычнага сеанса, убачыўшы постаць каханай у люстэрку, кароль кінуўся да яго, аднак пачуўся моцны выбух і залу напоўніў трупны пах. Лічыцца, што сваім учынкам Жыгімонт ІІ Аўгуст назаўсёды пазбавіў дух Барбары спакою і пастаяннага прыстанішча і з цягам часу яе прывід апынуўся ў Нясвіжы, стаў ледзь не галоўным сімвалам Нясвіжскага замка. Акрамя таямнічай легенды Барбара Радзівіл таксама ўпамінаецца ў гісторыі беларускай літаратуры як аўтар эпісталярных твораў.