Кароткая даведка:
паэт, драматург, які зрабіў значны ўклад у станаўленне сатырычна-гумарыстычных жанраў у беларускай паэзіі, найбольш верагодны аўтар беларускай паэмы "Энеіда навыварат"
Імёны на іншых мовах:
Равинский Викентий Павлович (руская); Ровинский Викентий Павлович (руская);
2547 сімвалаў
Даведка
Доўгі век быў наканаваны лёсам гераічнай паэме старажытнарымскага класіка Вергілія “Энеідзе”. Твор гэты перакладаўся на розныя мовы. У многіх еўрапейскіх літаратурах створаны пародыі на вергіліеўскую “Энеіду”. Сярод іх вылучаецца знакамітая беларуская паэма “Энеіда навыварат”. Амаль стагоддзе гэты твор лічыўся ананімным, але праведзеныя ў апошнія дзесяцігоддзі росшукі, дазваляюць з упэўненасцю назваць імя яго стваральніка – Вікенція Паўлавіча Равінскага.
Нарадзіўся В.П. Равінскі на Смаленшчыне (цяпер Духаўшчынскі раён Смаленскай вобласці). Бацькі лічыліся дробнамаянтковымі дваранамі. У дзяцінстве атрымаў добрую хатнюю адукацыю, і яшчэ падлеткам паступіў на вайсковую службу. Удзельнічаў у вайне з французамі 1805–1807 гг. Прайшоў праз Галіцыю, Сілезію, Маравію, Аўстрыю. Праявіў сябе ў бітве пад Аўстэрліцам, пры Шэнграбэне. Вайну 1812 г. сустрэў у чыне капітана. За абарону Смаленска быў узнагароджаны ордэнам Уладзіміра 4 ступені, а за барадзінскі бой атрымаў надзвычай ганаровую тады ўзнагароду – залатую шпагу з надпісам “За храбрасць”. У 1813–1814 гг. Равінскі ўдзельнічаў у паходзе рускай арміі ў Заходнюю Еўропу. У 1815 г. увайшоў з арміяй у Парыж. У 1816 г. у чыне палкоўніка В.П. Равінскі выйшаў у адстаўку і вярнуўся на радзіму. З 1826 г. ён быў на цывільнай службе ў Арэнбургскай губерні, Пензе і Кастраме. У 1833 г. зноў вярнуўся на Смаленшчыну, дзе спалучыў клопаты сельскага гаспадара з навуковымі і літаратурнымі заняткамі.
Пачатак літаратурнай дзейнасці Равінскага адносіцца яшчэ да армейскага перыяду яго жыцця. Ён пісаў вершы, у якіх высмейваў самадурства паноў і апісваў камічныя эпізоды памешчыцкага жыцця. Маюцца звесткі пра яго вершаваную камедыю “Шлюб паняволі” і сатыру на аракчэеўскія парадкі “Вялікі муж субардынацыі”. Але распаўсюджваліся гэтыя творы толькі ў рукапісах і да нашага часу не дайшлі. Імя паэта для гісторыі захавала сатырычная паэма “Энеіда навыварат”. Традыцыйны сюжэт вергіліеўскай “Энеіды” аўтар напоўніў сваім зместам і выклаў мовай беларускага селяніна. Твор быў напісаны недзе паміж 1816–1826 гг. і даў добры штуршок для развіцця сатырычна-гумарыстычных жанраў у беларускай паэзіі. “Сваёй паэмай Равінскі закладваў трывалыя асновы ўсёй новай беларускай літаратуры з яе дэмакратызмам, чалавекалюбствам, непрыняццем сацыяльнай несправядлівасці, апорай на народныя духоўныя каштоўнасці… Паэма з’явілася зародкам нацыянальнага эпасу”*, – зазначыў даследчык твора Г. Кісялёў.
Памёр В. П. Равінскі ў 1855 г.
* Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Вып. 1. Мінск, 2000. С. 184.