Кароткая даведка:
новалацінскі паэт, тэарэтык літаратуры і красамоўства, філосаф, тэолаг, даследаванні якога знаходзіліся на ўзроўні лепшых еўрапейскіх прац таго часу і зрабілі ўплыў на выкладанне гэтых навук на Беларусі і Літве
Імёны на іншых мовах:
Sarbievius (лацінская); Sarbiewski Maciej Kazimierz (польская); Сарбевский Матей Казимир (руская);
4540 сімвалаў
Даведка
Мацей Казімір Сарбеўскі, езуіт, выдатны паэт, аратар, прапаведнік і выкладчык, быў адным з тых, хто зрабіў значны ўклад у распрацоўку тэарэтычных пытанняў паэтыкі, рыторыкі і міфалогіі – дысцыплін, якія складалі аснову адукацыі ў XVII ст.
Нарадзіўся ён у маёнтку Сарбева (зараз вёска ў Мазавецкім ваяводстве, Польшча) у шляхецкай сям’і. У 12-гадовым узросце пачаў вучобу ў езуіцкім калегіуме у г. Пултуск (Польшча). У 1612 г. уступіў у ордэн езуітаў і два гады адбываў навіцыят у Вільні. Пасля заканчэння курса філасофіі ў калегіуме г. Брунсберг (зараз г. Бранева, Польшча) манах у 1617 г. быў накіраваны на выкладчыцкую працу ў г. Крожы (зараз г. Кражай, Літва). Менавіта ў час знаходжання ў Крожаўскім езуіцкім калегіуме адбыўся яго паэтычны дэбют у друку. Надзелены ад прыроды неардынарнымі здольнасцямі і паэтычным дарам, М. Сарбеўскі выступіў з панегірыкам, прысвечаным фундатару калегіума магнату Яну Каралю Хадкевічу (1619).
У далейшым М. Сарбеўскі непрацяглы час выкладаў рыторыку ў Полацкім калегіуме, а ў 1620 г. паступіў на курс тэалогіі ў Віленскую езуіцкую акадэмію. У верасні 1622 г. разам з іншымі здольнымі студэнтамі быў накіраваны для працягу адукацыі ў Рым. За пяць гадоў у Рыме глыбока вывучыў антычную і рэнесансную культуру, паэзію, красамоўства, філасофію і міфалогію. У час вучобы займаўся дапрацоўкай касцёльных гімнаў, выступаў з публічнымі чытаннямі, выкладаў рыторыку і метафізіку, быў прэфектам і саветнікам рэктара Германскага калегіума. Акрамя гэтага ў Рыме М. Сарбеўскі шмат пісаў і набыў вядомасць як адзін з самых таленавітых паэтаў. Сярод твораў гэтага перыяду элегія «Рымскі шлях», паэма «Залаты век», ода «Трафей германскага Геркулеса, адспяваны ў гонар Фердынанда ІІ», пілігрымскія спевы ў гонар Дзевы Марыі і інш. У 1625 г. у Кёльне з друку выйшаў яго першы паэтычны зборнік «Лірычныя творы», які ў наступныя гады вытрымаў некалькі перавыданняў. За свае паэтычныя поспехі Мацей Казімір атрымаў ад Папы Рымскага Урбана VIII лаўровы вянок і ганаровае найменне «сармацкі Гарацый».
Пасля вяртання з Італіі М. Сарбеўскі выкладаў у Полацкім і Нясвіжскім езуіцкіх калегіумах рыторыку, паэтыку і тэорыю літаратуры. Выкладчыцкую і навуковую дзейнасць працягнуў у Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе займаў пасаду прафесара філасофіі (1628–1631) і тэалогіі (1631–1633), быў дэканам філасофскага і тэалагічнага факультэтаў. Ён дасягнуў новых духоўных і акадэмічных вышынь: прыняў апошнюю ступень пасвячэння ў ордэн езуітаў (1629) і атрымаў ступень доктара філасофіі (1632). Гэты перыяд жыцця стаў вельмі плённым для навуковай дзейнасці М. Сарбеўскага. Полацкія і віленскія курсы лекцый паэтыкі і рыторыкі ляглі ў аснову яго літаратуразнаўчых і эстэтычных трактатаў на лацінскай мове «Аб вастрыні і досціпе адзіная кніга, або Сенека і Марцыял», «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер», «Лекцыі па паэтыцы», «Аб трагедыі і камедыі, або Сенека і Цярэнцій», «Аб вартасцях і недахопах элегіі», «Аб фігурах думкі» і інш. Яны распаўсюджваліся ў рукапісным выглядзе і на працягу доўгага часу служылі крыніцай інфармацыі ў каталіцкіх навучальных установах. Вялікая дасведчанасць у галіне міфалогіі і антычнага свету адчуваецца і ў яго трактатах па міфалогіі і гісторыі Рыма «Багі язычнікаў» і «Кніга пра горад і рымлянаў». Сучаснікамі таксама высока цаніліся яго казанні на польскай і лацінскай мовах.
3 1635 г. і да смерці ў 1640 г. М. Сарбеўскі жыў у Варшаве, дзе выконваў абавязкі прыдворнага прапаведніка караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV Вазы. Падрыхтоўка амаль штодзённых пропаведзяў пры двары патрабавала шмат часу і сіл і не дазваляла ў поўнай меры займацца навуковай і літаратурнай творчасцю. Сярод прац гэтага перыяду паэмы «Лехіяда» і «Лясныя забавы», лірыка.
Сваёй паэтычнай і навукова-педагагічнай дзейнасцю М. Сарбеўскі ўнёс значны ўклад у культуру Беларусі. Яго даследаванні ў галіне літаратуры, красамоўства і філасофіі знаходзіліся на ўзроўні лепшых еўрапейскіх прац свайго часу і зрабілі вялікі ўплыў на беларускую лацінамоўную літаратуру, навуку і школьную адукацыю XVII ст. Пад уздзеяннем яго паэзіі пісалі свае творы Сімяон Полацкі, Мялецій Сматрыцкі, М. Карыцкі, Ф. Князьнін і інш. Дапоўненыя і пашыраныя зборнікі яго паэтычнай спадчыны выдаваліся ў Кёльне, Парыжы, Лейпцыгу, Дрэздэне, Лос-Анджэлесе і іншых гарадах. Творы М. Сарбеўскага былі перакладзены на англійскую, французскую, нямецкую, польскую мовы. На беларускую мову творы паэта і вучонага амаль не перакладаліся і большасць з іх застаюцца сёння непрачытанымі і невядомымі чытачам і даследчыкам.