Віленскі ўніверсітэт – адна з самых знакамітых навучальных устаноў Літвы і Беларусі. Універсітэт заснаваны ў 1570 г. як Віленскі езуіцкі калегіум. У 1579 г. на падставе прывілея караля Стафана Баторыя пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію. Першым рэктарам установы быў царкоўны і палітычны дзеяч П. Скарга. У сваім складзе, акрамя калегіума (сярэдняй школы), акадэмія мела філасофскі (з 1572) і тэалагічны (з 1574) факультэты, вывучаўся шэраг прадметаў як гуманітарнай, так і прыродазнаўчай накіраванасці. У час Паўночнай вайны са Швецыяй 1655–1660 гг. акадэмія часова не дзейнічала.
Віленскую акадэмію падтрымлівала каталіцкае духавенства, мясцовыя магнаты і шляхта. Па загаду М.К. Радзівіла Сіроткі ёй было перададзена абсталяванне Брэсцкай друкарні. Багаты кніжны фонд акадэмічнай бібліятэкі быў створаны дзякуючы кнігазборам В. Пратасевіча, Ю. Радзівіла, Б. Войны, М. Паца, А. Валовіча, К.Л. Сапегі, караля Жыгімонта II Аўгуста. Намаганнямі К.Л. Сапегі ў 1641 г. на базе Віленскай езуіцкай акадэміі быў створаны юрыдычны факультэт.
Пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 г. акадэмія стала падначальвацца Адукацыйнай камісіі. У 1781 г. яна была перайменавана ў Галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага, рэктарам стаў М. Пачобут-Адляніцкі. Пад яго кіраўніцтвам адукацыя ў Галоўнай школе стала амаль свецкай, адбыўся падзел на маральны і фізічны факультэты. У канцы XVIII ст. да галоўнай школы ВКЛ была далучана Гродзенская медыцынская школа, што дазволіла пашырыць колькасць факультэтаў.
Пасля другога і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай Галоўная школа стала падпарадкоўвацца расійскім уладам і ў 1796 г. атрымала назву Галоўнай Віленскай школы. У 1803 г. школа стала ўніверсітэтам і цэнтрам Віленскай навучальнай акругі. Пры ўніверсітэце дзейнічалі медыцынскі, ветерынарны, агранамічны інстытуты, астранамічная абсерваторыя, батанічны сад, заалагічны музей, тры клінікі, аптэка, бібліятэка. З 1805 г. штомесячна выдаваўся навукова-літаратурны часопіс «Dziennik Wilenski» («Віленскі дзённік»).
У 1816 г. выкладчыкамі ўніверсітэта было арганізавана легальнае таварыства шубраўцаў, якое выдавала штотыднёвую газету «Wiadomości Brukowe» («Вулічныя весці»). На яе старонках ішла гаворка аб цяжкім становішчы сялянства, абмяркоўваліся праблемы маральнай дэградацыі шляхты, крытыкаваўся рэлігійны фанатызм. У першай палове ХІХ ст. ва ўніверсітэце дзейнічалі нелегальныя таварыствы: філаматы (сябры навукі, 1817) і філарэты (1820). За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1830–1831 гг. Віленскі ўніверсітэт быў зачынены і рэарганізаваны ў дзве акадэміі – Духоўную рымска-каталіцкую і Медыка-хірургічную. Закрыццё ўніверсітэта стварыла цяжкія ўмовы для развіцця навукі і адукацыі ў Літве і Беларусі.
Новы перыяд дзейнасці Віленскага ўніверсітэта пачаўся ў 1919 г., калі ён стаў Універсітэтам Стафана Баторыя. У складзе навучальнай установы было пяць факультэтаў: тэалагічны, права і грамадскіх навук, медыцынскі, гуманітарны, матэматычна-прыродазнаўчы, аддзяленне выяўленчага мастацтва. Акрамя таго, з 1922 г. выдаваўся штомесячны часопіс «Alma мater Vilnensis». Пасля перадачы ў 1939 г. тэрыторыі Віленшчыны Літве ўлады зачынілі ўніверстітэт і перавялі ў Вільню некаторыя факультэты Каўнаскага ўніверсітэта, якія ў час Другой сусветнай вайны таксама перасталі дзейнічаць. У 1945 г. Віленскі ўніверсітэт дапоўніўся гуманітарным і юрыдычным факультэтамі Каўнаскага ўніверсітэта.
За гады існавання ўніверсітэта яго будынкі ўтварылі вельмі цікавы архітэктурны ансамбль з элементамі готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму. Адным з самых старых з іх з’яўляецца галоўны будынак езуіцкага калегіума, пабудаваны ў 1611–1613 гг., ансамбль езуіцкай акадэміі будаваўся з 1670 г. у некалькі этапаў і быў завершаны ў 1736 г.
Выпускнікамі Віленскага ўніверсітэта розных гадоў з’яўляюцца: А. Каяловіч, А.С. Нарушэвіч, С. Полацкі, М. Сматрыцкі, А. Міцкевіч, Ю. Крашэўскі, І. Дамейка і інш. У свой час выкладчыкамі ва ўніверсітэце працавалі І.М. Даніловіч, І. Лялевель, І. Страйноўскі, К. Багуслаўскі, Ю. Дэмбоўскі, Л. Калянкоўскі, В. Камарніцкі, В. Урублеўскі і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.