Кcаверы Дамінік Гескі – прадстаўнік эпохі позняга барока і ракако. Працаваў у разнастайных відах і жанрах мастацтва – станковым і манументальным жывапісе, графіцы, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Больш за 35 гадоў быў прыдворным мастаком князёў Радзівілаў. У 1853 г. Уладзіслаў Сыракомля ў кнізе «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» расказаў аб мастаках Гескіх з Нясвіжа. Рамантычная фантазія пісьменніка прадставіла жывапісцаў, бацьку і сына, жывой легендай Нясвіжа, творцамі некалі незлічоных мастацкіх багаццяў горада, храмаў і радзівілаўскіх палацаў XVIII cт.
Поўнае імя мастака – Францішак Ксаверы Дамінік Гескі. Яго прозвішча магло пісацца па-рознаму: Гескі, Эске і Эстке. Па меркаванні спецыялістаў, цяжка вызначыць, дзе і якую адукацыю атрымаў мастак. Вядома, што валодаў ён нямецкай, французскай, польскай і лацінскай мовамі.
У 1727 г. князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька заключыў дагавор з Гескім, але мастак прыступіў да працы толькі ў пачатку 1728 г. Разам з сям'ёй – жонкай, дзецьмі і цесцем, доктарам Андрэем Малерам – ён прыбывае, па ўсёй верагоднасці, з Саксоніі. Саксонцам у дакументах названы А. Малер. У Саксоніі ў 1727 г. некаторы час жыў князь Радзівіл і, магчыма, мог весці перамовы па запрашэнні мастака.
Творчая біяграфія К.Д. Гескага дзеліцца на некалькі перыядаў. У першы перыяд (1727–1740) ён працаваў у замку княгіні Ганны Радзівіл з Сангушкаў у Бяла-Падлясцы, дэкарыраваў палац у Славяцінску, стварыў вялікую колькасць станковых твораў для розных рэзідэнцый княгіні. З таго часу захаваўся падпісаны мастаком партрэт Яна Радзівіла (1733) з серыі партрэтаў у лаўровым вянку. Астатнія работы вядомы па інвентарных вопісах палацаў княгіні.
Наступны, нясвіжскі перыяд (1740–1764), рэканструяваны на аснове інвентарных вопісаў інтэр'ераў палацаў у Нясвіжы (Замак і Эрмітаж), Гродна, Алыцы, якія дэкарыраваў у гэты час мастак (інтэр'еры не захаваліся), і жывапісу Нясвіжскага касцёла Божага Цела, пабудаванага ў 1584–1593 гг. па праекце італьянскага архітэктара манаха-езуіта Джавані М. Бернардоні. Неаднаразова гэты помнік перажываў перабудовы, але найбольш значныя работы прыпадаюць на 1750–1753 гг.
Самым буйным дасягненнем таго перыяду была размалёўка касцёла. Мастацкія работы змянілі яго ўнутранае аблічча, і з таго часу касцёл сталі называць “цудам свету”. Час працы і імёны майстроў пацвярджаюцца архіўнымі дакументамі. Група радзівілаўскіх майстроў, якая выконвала роспісы, займае значнае месца сярод жывапісцаў 1740–1750-х гг. Усе яны былі прыдворнымі мастакамі князя Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Гэта майстры, што стварылі нацыянальную школу жывапісу XVIII cт.: Ю.К. Гескі-малодшы, М. Струмецкі, К. Петрановіч, К. Лютніцкі, А. Зашкант, М. Скшыцкі, С. Мікалаеўскі. Кіраваў работамі Ксаверы Дамінік Гескі.
У 1750 г. ён атрымаў званне “першага мастака” князя М.К. Радзівіла Рыбанькі. 30 чэрвеня 1752 г. Гескі, як кіраўнік, дакладваў князю, што працы па размалёўцы касцёла Божага Цела ў Нясвіжы завершаны. У капліцах і бакавых нефах роспісы, аднак, закончылі толькі каля 1753 г. Сэнсавым цэнтрам усёй іканаграфічнай праграмы роспісу Нясвіжскага храма з'яўляецца карціна «Тайная Вячэра» галоўнага алтара. Гэта найбольш значная аўтэнтычная праца К. Гескага.
Жывапісны ансамбль роспісаў Нясвіжскага касцёла Божага Цела – своеасаблівы “музей” мастацкай еўрапейскай традыцыі Новага часу. Да стварэння кампазіцыі мастакамі Нясвіжа быў прыцягнуты ўвесь вопыт еўрапейскага жывапісу ад XVI да XVIII cт., ад Рафаэля і Мікеланджала да творчых адкрыццяў Н. Пусэна і П. Рубенса. Праграма роспісаў касцёла была ўзгоднена з заказчыкам – князем Міхалам Казімірам, аб чым сведчыць рукапіс, знойдзены ў радзівілаўскім фондзе Архіва Старажытных актаў Варшавы. Гэта адзіны прыклад такога роду дакументаў у гісторыі манументальнага жывапісу Вялікага Княства Літоўскага XVIII cт. Тэкст быў падпісаны 30 верасня 1751 г. “яго Міласцю Фундатарам” гетманам вялікалітоўскім, ваяводам віленскім Радзівілам Рыбанькам. Ухваленая ім праграма была цалкам рэалізавана ў роспісах касцёла.
Сярод іншых здзейсненых работ К. Гескага можна назваць яшчэ некалькі. З 1753 г. ён рыхтаваў эскізы ўзораў (кардонаў) для габеленаў, якія адначасова з’яўляліся і станковымі палотнамі гістарычнага жанру. Паводле дакументаў 1753 г. ён выканаў дэкарацыі слуцкага тэатра, паводле дакументаў 1753–1754 гг. – жывапісныя работы (5 партрэтаў у 1753 г. і 9 карцін у 1754 г.). У 1756–1758 гг. зрабіў жывапісна-дэкарацыйныя работы ў Нясвіжскім кляштары бенедыкцінак.
Спецыялісты сцвярджаюць, што жыццё і творчасць Ксаверыя Дамініка Гескага патрабуюць яшчэ больш глыбокага і дэталёвага вывучэння і даследавання, бо асоба гэтага чалавека – знакавая для гісторыі нацыянальнага і еўрапейскага мастацтва. Канчатковага даследавання, напрыклад, патрабуе гіпатэтычнае меркаванне аб прыналежнасці аднаго з партрэтаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі да жанру аўтапартрэта, бо, магчыма, на ім адлюстравана выява самога Ксаверыя Дамініка Гескага.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.