Дата пачатку:
14.09.1589 Нясвіж, г., Мінская вобласць
Кароткая даведка:
першы помнік архітэктуры барока на тэрыторыях Беларусі і Польшчы, які разам з Нясвіжскім палацава-паркавым ансамблем уключаны ў спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Нясвіжскі касцёл езуітаў; Нясвіжскі касцёл і калегіум езуітаў; Нясвіжскі фарны касцёл
Назвы на іншых мовах:
The Divine Body Catholic Church (англійская); Несвижский костёл Божьего Тела (руская); Несвижский костёл иезуитов (руская); Несвижский фарный костёл (руская); Несвижский Фарный костел Божьего Тела (руская);
1694 сімвалы
Даведка
Гонарам Нясвіжа з’яўляецца фарны (былы езуіцкі) касцёл, пабудаваны ў 1587–1593 гг. па праекце італьянскага архітэктара Дж. Бернардоні. Для ўзвядзення купала ў 1592 г. быў запрошаны італьянскі архітэктар Дж. Брызіо. 1 лістапада 1593 г. адбылася першая служба. Біскупскае асвячэнне касцёла было праведзена 7 кастрычніка 1601 г. папскім нунцыем К. Рангоні. За аснову, хоць і са значнымі зменамі, была ўзята планіроўка галоўнага храма езуітаў Іль Джэзу ў Рыме, што меў форму лацінскага крыжа, упісанага ў выцягнуты прамавугольнік. Геаметрыя прамавугольніка дапаўняецца формамі, якія выступаюць: дзвюма пяціграннымі капліцамі з боку нефаў і паўкруглым прэсбітэрыем (апсідай алтара). Унутры касцёл мае тры папярэчныя і тры падоўжаныя чляненні (нефы), перакрытыя крыжовымі і корабавымі скляпеннямі. Манументальны купал узвышаецца на скрыжаванні цэнтральнага нефа і трансепта. Унікальны, багата дэкараваны інтэр’ер касцёла ўпрыгожаны роспісамі ў сярэдзіне XVIII ст. і служыць прыкладам сценапісаў позняга барока ў Рэчы Паспалітай. Кіраваў работамі мастак К. Д. Гескі. Храм не перабудоўвалі, толькі час ад часу рамантавалі (пра гэта сведчыць гравюра пачатку XVII ст. княжацкага картографа і гравёра Т. Макоўскага). Пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 г. касцёл стаў парафіяльным (прыхадскім). У такім статусе ён існуе без перапынку да сённяшняга дня.
Нясвіжскі касцёл з’яўляецца ўнікальным некропалем княжацкага роду князёў Радзівілаў. Першае пахаванне ў крыпце касцёла было праведзена ў 1616 г., апошняе – у 1936 г. У 2000 г. паводле завяшчання з Лондана быў перавезены саркафаг прадстаўніка нясвіжскай лініі магнатаў Антонія Мікалая Радзівіла.