Кароткая даведка:
італьянскі архітэктар і матэматык, які працаваў у Каралеўстве Польскім і Вялікім Княстве Літоўскім, аўтар праекта і кіраўнік будаўніцтва касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка–культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты імя:
Бернардоні Ян Марыя
Імёны на іншых мовах:
Bernardoni (не вызначана); Bernardonus (не вызначана); Бернардони Джованни Мария (руская); Бернардони Ян Мария (руская);
3817 сімвалаў
Даведка
Італьянскія дойліды былі заўсёды патрэбны за межамі Апенінскага паўвострава. Пад іх кіраўніцтвам у многіх краінах узводзіліся сапраўдныя шэдэўры, некаторыя з якіх зберагліся да нашых дзён. Да такіх майстроў адносіўся і Джавані (Ян) Марыя Бернардоні, які быў адным з найбольш вядомых у Заходняй Еўропе прадстаўніком стылю барока.
Будучы архітэктар паходзiў з мясцовасцi Каньё (правінцыя Кома на поўначы Італii). Вядома, што быў мулярам, марыў стаць архітэктарам, а ў 23 гады ўступіў у ордэн езуiтаў і стаў «братам прыслужнiкам». Яго накіравалі на будаўніцтва галоўнага храма езуітаў – рымскай царквы Іль-Джэзу, дзе працаваў на працягу 1564–1571 гг. Прафесійныя здольнасці муляра былі высока ацэнены, і ў 1575 г. Д. М. Бернардоні даручылі нагляд за ўсімі будоўлямі ордэна ў Неапалітанскай правінцыі, а праз тры гады праектаванне і ўзвядзенне цэркваў і калегіума на востраве Сардзінія.
У 1583 г. архітэктар па запрашэнні М. К. Радзівіла Сіроткі выехаў у Нясвіж, але на тры гады затрымаўся ў польскіх гарадах Познані, Любліне і Калішы, дзе праектаваў і кіраваў працамі па пабудове касцёлаў і калегіумаў.
У сярэдзіне 1586 г. Д. М. Бернардоні прыбыў у Нясвіж і прыступіў да праектавання касцёла Божага Цела – першага манументальнага касцёла ў Рэчы Паспалітай і аднаго з першых у Еўропе, які ўвасобіў рысы новага архітэктурна-будаўнічага стылю барока. Яго прататыпам стаў галоўны ордэнскі храм езуітаў у Рыме. Акрамя таго, касцёл будаваўся яшчэ і як пахавальніца князёў Радзівілаў. Шматпланавае прызначэнне храма патрабавала дэтальнай апрацоўкі яго праекта. Праца вялася вельмі хутка: праект скончаны ў тым жа годзе, у наступным закладзены фундамент, а праз тры гады можна было ўжо ўзводзіць купал. У 1593 г. у касцёле адбылося першае набажэнства, а ў 1601 г. асвяцілі яго. Адначасова архітэктару даручылі кіраваць узвядзеннем Нясвіжскага калегіума (1586–1599), ужо запраектаванага ў Рыме архітэктарам Дж. дэ Росі. Будынкі калегіума да нашых дзён не захаваліся, аднак дакладнае ўяўленне аб іх першапачатковай унутранай структуры і кампазіцыі дае ўнікальны помнік па гісторыі манументальнай архітэктуры Беларусі – рукапісная кніга з чарцяжамі і малюнкамі розных пабудоў канца ХVІ ст., умоўна названая «Кіеўскі альбом» (захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя У. І. Вярнадскага Нацыянальнай акадэміі навук Украіны). Акрамя чарцяжа калегіума там утрымліваюцца чарцяжы касцёла, замка, ратушы, семінарыі ў Нясвіжы, палаца ў Альбе, касцёлаў у Клецку і Гродне і яшчэ некалькіх культавых пабудоў, аўтарства якіх прыпісваюць таксама архітэктару, – кляштар бернардзінак з касцёлам Святой Яўфіміі, кляштар бернардзінцаў з касцёлам Святой Кацярыны, капліцы Святога Рафала і Святога Лазара, шпіталь і капліца Святога Духа (усе ў Нясвіжы і побач), касцёлы Святых Пятра і Паўла ў Новым Свержані і Святога Мікалая ў Міры. З меншай верагоднасцю прымаецца ўдзел Дж. М. Бернардоні ў разбудове Нясвіжскага і Мірскага замкаў.
У даследчыкаў творчасці італьянскага архітэктара ёсць падставы меркаваць таксама пра яго ўдзел як матэматыка і астранома ў стварэнні знакамітай «Радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага», выдадзенай у 1613 г. у Амстэрдаме. Джавані Марыя Бернардоні жыў у Нясвіжы падчас стварэння карты, меў некалькі спецыяльных кніг, быў знаёмы і вёў перапіску са знакамітым матэматыкам таго часу Х. Клавіем, аўтарам грыгарыянскага календара.
У 1599 г. архітэктар скончыў усе справы ў Нясвіжы і выехаў у Кракаў, каб кіраваць будаўніцтвам касцёла Святога Пятра. Майстар таксама падрыхтаваў праекты кляштара з касцёлам для францысканцаў у Кальварыі Зэбжыдоўскай і парафіяльнага касцёла ў Зэбжыдовіцах (Польшча). Кляштар пазней быў значна перабудаваны, а парафіяльны касцёл існуе дагэтуль. Архітэктар заставаўся ў Кракаве да сваёй смерці 19 лістапада 1605 г.