Кароткая даведка:
спартсменка (гімнастыка спартыўная), заслужаны майстар спорту СССР, двухкратная чэмпіёнка і бронзавы прызёр ХІХ летніх Алімпійскіх гульняў (1968, Мехіка), чэмпіёнка (1970), сярэбраны (1966) і бронзавы (1966, 1970) прызёр чэмпіянатаў свету, абсалютная чэмпіёнка СССР (1964), узнагароджаная ордэнам "Знак Пашаны"
Імёны на іншых мовах:
Petrik Larisa (не вызначана); Петрик Лариса Леонидовна (руская);
2173 сімвалы
Даведка
У снежні 1964 г. званне абсалютнай чэмпіёнкі СССР па спартыўнай гімнастыцы заваявала пятнаццацігадовая Ларыса Петрык, прадстаўніца Віцебскай ДЮСШ № 1. На гэтых спаборніцтвах за тытул чэмпіёнкі СССР змагаліся прадстаўніцы гімнастычнай эліты – алімпійскія чэмпіёнкі Токіа-64 – Ларыса Латыніна, Паліна Астахава, Алена Валчэцкая і Тамара Маніна. Віцебская школьніца Ларыса Петрык апярэдзіла на 0,05 бала знакамітую Ларысу Латыніну і ўвайшла ў склад зборнай СССР па спартыўнай гімнастыцы.
Трэнераваў Ларысу Петрык Вікенцій Дзмітрыевіч Дзмітрыеў. Роўны і спакойны, ён хацеў навучыць дзяўчынку каліграфічнай чысціні выканання практыкаванняў: цягнуць насок, трымаць спіну, рабіць прыгожыя рухі рукамі. Праз некалькі гадоў трэніровак тэхніка выканання была адшліфавана да дасканаласці: з’явілася сапраўдная артыстычнасць, чароўнасць, грацыя. Гімнастка з лёгкасцю выконвала складаныя элементы, а яе жывая ўсмешка заваёўвала сімпатыі гледачоў.
На спаборніцтвах, якія папярэднічалі Алімпіядзе 1968 г., Ларыса Петрык была чацвёртай. Аднак ніхто не сумняваўся ў майстэрстве беларускай гімнасткі, і яна трапіла на Алімпіяду. Першы залаты алімпійскі медаль Ларыса Петрык заваявала ў складзе зборнай. Другой узнагародай Ларысы быў бронзавы медаль за камбінацыю на бервяне. 25 кастрычніка 1968 г. Ларыса прадэманстравала філігранную тэхніку выканання элементаў у вольных практыкаваннях і атрымала самую высокую адзнаку – 9,9 бала. Тытул алімпійскай чэмпіёнкі за вольную кампазіцыю Ларыса Петрык – дэбютантка Гульняў-68 – падзяліла з вопытнай чэшскай гімнасткай Верай Часлаўскай. Абедзве дзяўчыны набралі аднолькавую суму балаў. У Віцебск Ларыса вярнулася з двума залатымі і бронзавай ўзнагародамі.
Пасля Алімпіяды спартсменка пераехала ў Маскву, дзе выйшла замуж за вядомага гімнаста Віктара Кліменку. Пасля завяршэня спартыўнай кар’еры атрымала вышэйшую адукацыю, выступала на эстрадзе, была спартыўным каментатарам. У 1992 г. разам з мужам пераехала ў Германію, дзе пэўны час працавала ў адным з мясцовых гімнастычных клубаў.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.