Беларускае фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама» лічыць пачаткам сваёй гісторыі 18 красавіка 1923 г. У гэты дзень па ініцыятыве работнікаў штаба і сакратарыята войск Галоўнага палітычнага упраўлення Маскоўскай акругі было створана Маскоўскае пралетарскае спартыўнае таварыства «Дынама» (ПСТ «Дынама»). Асноўным накірункам дзейнасці спартыўнага таварыства з’яўлялася паляпшэнне ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Амаль адразу пасля стварэння таварыства «Дынама» ў Маскве яго ячэйкі сталі стварацца ў розных рэгіёнах СССР. 18 верасня 1925 г. быў падпісаны загад аб стварэнні Беларускага краявога савета ПСТ «Дынама» (Белсавет «Дынама»). У 1928 г. спартсмены-дынамаўцы ўвайшлі ў склад дэлегацыі БССР на I Усесаюзнай спартакіядзе ў Маскве. На гэтых спаборніцтвах беларуская каманда заняла трэцяе агульнакаманднае месца.
Белсавет «Дынама» ўдзяляў шмат увагі будаўніцтву новых спартыўных аб’ектаў. У чэрвені 1934 г. адбылося афіцыйнае адкрыццё мінскага стадыёна «Дынама».
22 ліпеня 1937 г. за выдатныя дасягненні ў рабоце і вядучую ролю ў фізкультурным руху краіны пралетарскае спартыўнае таварыства «Дынама» было ўзнагароджана ордэнам Леніна. 31 ліпеня 1939 г. ПСТ «Дынама» стала Усесаюзным фізкультурна-спартыўным ордэна Леніна таварыствам «Дынама».
У час Вялікай Айчыннай вайны беларускія спартсмены-дынамаўцы выдатна праявілі сябе ў барацьбе з ворагам як на фронце, так і ў тыле ворага. У ваенны час Белсавет «Дынама» працаваў у Маскве, са студзеня 1944 г. знаходзіўся ў Гомелі, потым вярнуўся ў Мінск. 14 чэрвеня 1945 г. на мінскім стадыёне «Харчавік» адбыўся першы пасляваенны футбольны матч паміж камандамі мінскага і маскоўскага «Дынама». У першыя пасляваенныя гады беларускія дынамаўцы Б. Бальшакоў (веласіпедны спорт, канькабежны спорт), Б. Кочатаў (футбол) і Н. Лапідус (цяжкая атлетыка) сталі заслужанымі майстрамі спорту СССР.
Штогод спартсмены беларускага таварыства «Дынама» дабіваліся значных спартыўных поспехаў. У 1957 г. лепшыя спартсмены, тренэры і фізкультурныя работнікі атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды. Сярод іх – Г. Бокун (фехтаванне), М. Дранько (веласіпедны спорт), М. Іткіна (лёгкая атлетыка) і інш.
Знакавай падзеяй для «Дынама» стаў удзел спартсменаў-дынамаўцаў у ХVІІ летніх Алімпійскіх гульнях 1960 г. у Рыме, дзе Т. Самусенка стала алімпійскай чэмпіёнкай у фехтаванні на рапірах, легкаатлет У. Гараеў стаў сярэбраным прызёрам у трайным скачку, а беларускія фехтавальшчыкі на шпагах А. Паўлоўскі і А. Чарнушэвіч заваявалі бронзавыя медалі.
У сярэдзіне ХХ – пачатку ХХІ ст. трэнерамі спартыўнага таварыства «Дынама» былі падрыхтаваны алімпійскія чэмпіёны А. Абалмасаў (веславанне на байдарках і каноэ), М. Алёхін (фехтаванне), А. Арамнаў (цяжкая атлетыка), А. Бялова (фехтаванне), Д. Домрачава (біятлон), Э. Зверава (лёгкая атлетыка), Т. Лазаковіч (гімнастыка спартыўная), А. Літвінчук (веславанне на байдарках і каноэ), М. Лобач (гімнастыка мастацкая), А. Масяйкоў (веславанне на байдарках і каноэ), В. Махнёў (веславанне на байдарках і каноэ), Ю. Несцярэнка (лёгкая атлетыка), А. Папоў (біятлон), А. Партноў (скачкі ў ваду), У. Парфяновіч (веславанне на байдарках і каноэ), Л. Петрык (гімнастыка спартыўная), Р. Петрушэнка (веславанне на байдарках і каноэ), А. Раманькоў (фехтаванне), Я. Рэдзькін (біятлон), В. Рэнейскі (веславанне на байдарках і каноэ), І. Шылава (стральба кулявая), В. Яноўскі (бокс) і інш. Шэраг спартсменаў-дынамаўцаў адзначаны сярэбранымі і бронзавымі медалямі алімпіяд, з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў свету.
У красавіку 2004 г. фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама» было рэарганізавана ў Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне «Беларускае фізкультурна-спартыўнае таварыства “Дынама”» (БФСТ «Дынама») са сваім статутам, сімволікай і кіраўніцтвам. Абласныя і гарадскія арганізацыі БФСТ «Дынама» займаюцца арганізацыяй спартыўнай і фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці на ўсёй тэрыторыі нашай краіны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.