Дата нараджэння:
29.04.1982 Ялізава, р. п., Асіповіцкі раён, Магілёўская вобласць
Кароткая даведка:
спартсмен (веславанне на каноэ), заслужаны майстар спорту Беларусі, чэмпіён ХХІХ летніх Алімпійскіх гульняў (2008, Пекін), сярэбраны прызёр ХХХ летніх Алімпійскіх гульняў (2012, Лондан), чэмпіён І Еўрапейскіх гульняў (2015, Баку), чэмпіён (2009), сярэбраны (2001, 2010) і бронзавы (2002, 2005, 2006) прызёр чэмпіянатаў свету, чэмпіён (2007, 2008), сярэбраны (2006, 2011, 2016) і бронзавы (2004, 2006, 2007, 2008, 2012) прызёр чэмпіянатаў Еўропы, кавалер ордэна Пашаны, ганаровы грамадзянін Бабруйска і Асіповіцкага раёна, дзяржаўны дзеяч
Імёны на іншых мовах:
Bahdanovich Aliaksandr (не вызначана); Богданович Александр Викторович (руская);
5710 сімвалаў
Даведка
Аляксандр Багдановіч ураджэнец гарадскога пасёлка Ялізава Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Маці будучага алімпійскага чэмпіёна працавала інструктарам-метадыстам па фізічнай культуры на шклозаводзе “Ялізава” і заахвочвала сына да заняткаў спортам. У 1995 г. Аляксандр Багдановіч атрымаў запрашэнне на чэмпіянат Магілёўскай вобласці па веславанні на байдарках і каноэ. Пасля заканчэння турніру трынаццацігадовы падлетак вырашыў усур’ёз займацца веславаннем на каноэ і паступіў у Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Пад кіраўніцтвам заслужанага трэнера Беларусі Пятра Фёдаравіча Яноўскага юнак стаў адным з лепшых выхаванцаў вучылішча і ў 1999 г. заваяваў дзве залатыя ўзнагароды на міжнародных спаборніцтвах.
У 2001 г. экіпаж каноэ-чацвёркі ў складзе Аляксандра Багдановіча, Аляксандра Жукоўскага, Аляксандра Курляндчыка і Івана Скавародкіна стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету ў гонках на 1000 м. У 2002 г. Івана Скавародкіна змяніў Сямён Сапаненка, і беларускі квартэт стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату свету на дыстанцыі 1000 м. У 2004 г. наша каноэ-чацвёрка стала бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы на дыстанцыях 500 і 1000 м, у 2005 г. заваявала бронзавыя медалі чэмпіянату свету на дыстанцыі 200 м. Выдатныя спартыўныя дасягненні дазволілі Аляксандру Багдановічу выступаць за нацыянальную зборную Беларусі на ХХVІІІ летніх Алімпійскіх гульнях, якія праходзілі ў Афінах у 2004 г. Аляксандр Багдановіч разам з Аляксандрам Курляндчыкам прымалі ўдзел у гонках каноэ-двоек, аднак у медальны залік не трапілі: занялі 6-е месца на дыстанцыі 500 м і 10-е на на дыстанцыі 1000 м.
У 2006 г. па прапанове трэнера Пятра Яноўскага Аляксандр Багдановіч пачаў сумесныя трэніроўкі са сваім малодшым братам Андрэем. Хутка да братоў Багдановічаў прыйшоў поспех: на адным з этапаў Кубка свету хлопцы сталі пераможцамі. У гэтым жа годзе каноэ-чацвёрка ў складзе Аляксандра і Андрэя Багдановічаў, Аляксандра Курляндчыка і Аляксандра Жукоўскага стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы і бронзавым прызёрам чэмпіянату свету.
Найбольшую зладжанасць у сумеснай рабоце паказаў дуэт братоў Багдановічаў, таму трэнерскі штаб беларускай зборнай па веславанні на байдарках і каноэ прыняў рашэнне аб іх падрыхтоўцы да ўдзелу ў XXIX Алімпійскіх гульнях у Пекіне. У 2007 г. Аляксандр і Андрэй Багдановічы выйгралі залатыя медалі чэмпіянату Еўропы на дыстанцыі 500 м, сталі бронзавымі прызёрамі на дыстанцыі 1000 м, у складзе экіпажа каноэ-чацвёркі разам з Аляксандрам Жукоўскім і Аляксандрам Курляндчыкам выйгралі залатыя медалі на дыстанцыі 500 м.
У год Алімпіяды Аляксандр і Андрэй Багдановічы не збаўлялі тэмпаў: на чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў у Мілане, яны сталі пераможцамі ў гонках каноэ-двоек на дыстанцыі 1000 м, выйгралі бронзу ў гонках каноэ-чацвёрак (разам з Аляксандрам Жукоўскім і Дзмітрыем Рабчанкам). Галоўная спартыўная падзея 2008 года прынесла Аляксандру і Андрэю Багдановічам тытул алімпійскіх чэмпіёнаў. Браты Багдановічы апярэдзілі на 0.2 сек сваіх галоўных сапернікаў – членаў зборнай Германіі Крысціяна Гіле і Томаша Выленжыка, і выйгралі гонку на дыстанцыі 1000 м. Пасля заканчэння Алімпіяды Аляксандр і Андрэй Багдановічы сталі чэмпіёнамі свету ў гонках на дыстанцыі 200 м сярод каноэ-чацвёрак у 2009 г., атрымалі сярэбраны медаль чэмпіянату свету 2010 г. у гонках на 1000 м сярод каноэ-двоек. У 2011 г. браты Багадановічы двойчы станавіліся сярэбранымі прызёрамі чэмпіянату Еўропы сярод каноэ-двоек і каноэ-чацвёрак на дыстанцыі 1000 м., у 2012 г. заваявалі бронзавыя ўзнагароды еўрапейскага чэмпіянату на каноэ-двойцы і атрымалі ліцэнзію на ўдзел у ХХХ летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане. Алімпіяда ў Лондане стала яшчэ адным удалым этапам спартыўнага жыцця Аляксандра і Андрэя Багдановічаў: яны выйгралі сярэбраны медаль у гонках каноэ-двоек на дыстанцыі 1000 м.
У 2015 г. у сталіцы Азербайджанскай Рэспублікі г. Баку адбыліся І Еўрапейскія гульні. Браты Багдановічы зноў пацвердзілі свой чэмпіёнскі тытул і выйгралі залатыя медалі ў гонках каноэ-двоек на дыстанцыі 1000 м. У чэрвені 2016 г. Аляксандр і Андрэй Багдановічы занялі другое месца на чэмпіянаце Еўропы і прадоўжылі падрыхтоўку да ХХХІ Алімпійскіх гульняў у Бразіліі. Аднак падняцца на алімпійскі п’едэстал у трэці раз братам Багдановічам не давялося: па надуманым падазрэнні ва ўжыванні допінгу ўся мужчынская зборная Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ была дыскваліфікавана і не змагла прыняць удзел у спаборніцтвах. Толькі ў пачатку 2017 г. Міжнародны спартыўны арбітражны суд вынес беларускім спартсменам апраўдальны прыгавор.
У 2016 г. Аляксандр Багдановіч завяршыў спартыўную кар’еру. Яго спартыўныя дасягненні адзначаны ордэнам Пашаны, ганаровым званнем “Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь”, ён з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Асіповіцкага раёна і г. Бабруйск. Аляксандр Багдановіч скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры (спецыяльнасць “Спартыўна-педагагічная дзейнасць”) і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (спецыяльнасць “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”), пэўны час з’яўляўся спартсменам-інструктарам нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ, быў трэнерам спартыўнай каманды ўнутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Больш за 20 гадоў Аляксандр Багадановіч прысвяціў спорту. Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры пачаў займацца палітыкай. З канца 2016 г. Аляксандр Віктаравіч Багдановіч з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, уваходзіць у склад Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.