Дата нараджэння:
02.02.1938 Астрашыцкі Гарадок, аг., Мінскі раён
Дата смерці:
21.01.2000
Кароткая даведка:
спартсменка (фехтаванне на рапірах), заслужаны майстар спорту СССР, заслужаны дзеяч фізічнай культуры Беларусі, чэмпіёнка ХVІІ (1960, Рым), ХІХ (1968, Мехіка) і ХХ (1972, Мюнхен) летніх Алімпійскіх гульняў, сярэбраны прызёр XVIІI летніх Алімпійскіх гульняў (1964, Токіа), чэмпіёнка (1963, 1965, 1966, 1970), сярэбраны (1959, 1962, 1967, 1969) і бронзавы (1959) прызёр чэмпіянатаў свету, мнагакратная чэмпіёнка СССР, узнагароджана ордэнам "Знак Пашаны"
Дзявочае імя:
Пятрэнка
Варыянты імя:
Пятрэнка Таццяна Дзмітрыеўна
Імёны на іншых мовах:
Samusenko Tatyana (не вызначана); Петренко Татьяна Дмитриевна (руская); Самусенко Татьяна Дмитриевна (руская);
2818 сімвалаў
Даведка
Таццяна Дзмітрыеўна Самусенка, вядомая на ўвесь свет фехтавальшчыца, нарадзілася ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага раёна. У дзяцінстве захаплялася многім: бегам, плаваннем, танцамі, балетам, гімнастыкай. Аднак менавіта заняткі фехтаваннем сталі галоўнай справай яе жыцця. Яны пачаліся ў 1952 г., калі ў сярэдняй школе № 24 г. Мінска, дзе яна вучылася, была арганізавана спартыўная секцыя па фехтаванні. За два гады трэніровак пад кіраўніцтвам Л.П. Бокун маладая спартсменка дасягнула значных поспехаў: выйграла некалькі турніраў сярод школьнікаў, а ў 1954 г. – юнацкае першынства СССР. Нягледзячы на выдатныя вынікі, у 1954 г. яна пакінула фехтавальную секцыю і пачала займацца канькабежным спортам. Праз тры гады Т.Д. Самусенка вярнулася да заняткаў фехтаваннем. Штодзённыя трэніроўкі і ўрокі майстэрства пад кіраўніцтвам Г.М. Бокуна хутка прынеслі рэзультаты – спартсменка стала пераможцам маладзёжнага першынства БССР, чэмпіянату СССР сярод моладзі, заваявала бронзавую ўзнагароду на чэмпіянаце свету ў Будапешце (1959). Вяршыняй яе поспеху стаў залаты медаль, здабыты ў камандных спаборніцтвах на ХVІІ летніх Алімпійскіх гульнях у Рыме (1960).
14 гадоў спартсменка выступала за зборную Савецкага Саюза і зарэкамендавала сябе незаменным і непераўзыдзеным камандным іграком. Яе партнёрамі па камандзе былі такія славутыя фехтавальшчыцы, як А.І. Забеліна, Г.Я. Гарохава, В.К. Растворава, А.Д. Бялова. У далейшай кар’еры Т.Д. Самусенка былі выступленні на алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах свету, шматлікіх міжнародных турнірах. Спартсменка стала чэмпіёнкай ХІХ (1968, Мехіка) і ХХ (1972, Мюнхен) летніх Алімпійскіх гульняў, сярэбраным прызёрам XVIII Алімпійскіх гульняў (1964, Токіа), чэмпіёнкай свету 1966 г. у асабістым першынстве, чэмпіёнкай свету 1963, 1965, 1966, 1970 гг., уладальніцай Кубка Еўропы 1967, 1969 гг. і сярэбраным прызёрам Кубка Еўропы 1968 г. у камандных спаборніцтвах, васьмікратнай чэмпіёнкай СССР.
У 1973 г. Т.Д. Самусенка завяршыла выступленні і перайшла на трэнерскую працу. У 1976–1982 і 1985–1988 гг. яна была дырэктарам спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па фехтаванні Мінскага абласнога савета спартыўнага таварыства «Чырвоны сцяг». У 1994 г. арганізавала і ўзначаліла Беларускі рэспубліканскі фехтавальны клуб «Залаты клінок». Праз год стала ініцыятарам правядзення ў Мінску міжнароднага турніру па фехтаванні імя Г.М. Бокуна. У 1994–2000 гг. з’яўлялася старшынёй Асацыяцыі ветэранаў фехтавання. За выдатныя поспехі ў спорце Т.Д. Самусенка прысвоены ганаровыя званні заслужанага майстра спорту СССР (1960) і заслужанага дзеяча фізічнай культуры Беларусі (1980). Яна ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі «За працоўную адзнаку» і «За працоўную доблесць», граматамі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.