Дата нараджэння:
26.06.1970 Смалявічы, г., Мінская вобласць
Кароткая даведка:
спартсменка і трэнер (гімнастыка мастацкая), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіёнка ХХІV Алімпійскіх гульняў (1988, Сеул), чэмпіёнка (1987), сярэбраны (1985) і бронзавы (1987) прызёр чэмпіянатаў свету, чэмпіёнка (1988) і бронзавы прызёр (1986, 1988) чэмпіянатаў Еўропы, чэмпіёнка СССР (1985, 1987, 1988), ганаровая грамадзянка Смалявіцкага раёна, узнагароджаная ордэнам Дружбы народаў
Імёны на іншых мовах:
Lobatch Marina (не вызначана); Лобач Марина Викентьевна (руская);
2332 сімвалы
Даведка
Марына Лобач нарадзілася ў горадзе Смалявічы Мінскай вобласці. Калі дзяўчынцы было сем гадоў, да іх у школу прыйшла трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы і запрасіла на заняткі па мастацкай гімнастыцы. У той час у Смалявічах працавала малады трэнер Ірына Ляпарская, якая заўважыла Марыну Лобач і расказала аб ёй дасведчанаму трэнеру Галіне Крыленка. Марыну запрасілі на трэніроўкі ў Мінск. Штодзень дабірацца са Смалявіч да Мінска было цяжка, таму 10-гадовая спартсменка пераехала ў сталіцу. Так пачаўся шлях Марыны Лобач да сур'ёзных спаборніцтваў і вялікіх перамог.
У 1982 г. пасля выступлення на Спартакіядзе народаў СССР 12-гадовую Марыну Лобач запрасілі ў нацыянальную каманду. У 1985, 1987 і 1988 гг. яна станавілася ўладальніцай Кубка СССР, у 1985 і 1987 гг. з’яўлялася чэмпіёнкай і прызёрам чэмпіянатаў свету, у 1986 і 1988 гг. атрымлівала залатыя і бронзавыя ўзнагароды чэмпіянатаў Еўропы. У 1986 г. Марына Лобач стала сярэбраным прызёрам Гульняў добрай волі ў Маскве.
З 1980 г. мастацкая гімнастыка была ўключана ў праграму Алімпійскіх гульняў, аднак з-за байкоту XXIII Алімпійскіх гульняў у Лос-Анджалесе ў 1984 г. савецкая зборная па мастацкай гімнастыцы не прымала ўдзел у спаборніцтвах. Першай у свеце алімпійскай чэмпіёнкай па мастацкай гімнастыцы стала канадка Лоры Фанг.
У 1988 г. савецкім гімнасткам, сярод якіх была беларуска Марына Лобач, давялося выступіць на Гульнях XXIV Алімпіяды ў Сеуле. Беларуска Марына Лобач атрымала ад суддзяў максімальныя адзнакі ў кожным відзе праграмы і стала адзінай у гісторыі Савецкага Саюза алімпійскай чэмпіёнкай па мастацкай гімнастыцы.
Праз год пасля заканчэння Алімпійскіх гульняў Марына Лобач завяршыла спартыўную кар'еру. Спартсменка паспрабавала змяніць від дзейнасці і стать актрысай. Праз некалькі гадоў Марына Лобач зразумела, што не можа без гімнастыкі і стала трэнерам.
Сёння Марына Лобач – вядомы трэнер і суддзя па мастацкай гімнастыцы. У 2004 г. у Мінску на базе прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Мінскай вобласці знакамітая спартсменка адкрыла сваю школу, штогод у Мінску праводзіцца Міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.