Кароткая даведка:
спартсменка і трэнер (фехтаванне на рапірах), заслужаны дзеяч фізічнай культуры Беларусі, заслужаны майстар спорту СССР, заслужаны трэнер Беларусі, чэмпіёнка ХІХ, ХХ і ХХІ летніх Алімпійскіх гульняў (1968, Мехіка; 1972, Мюнхен; 1976, Манрэаль), мнагакратная чэмпіёнка свету, Еўропы і СССР, кавалер ордэнаў Пашаны (2017), Дружбы народаў, Айчыны ІІІ ступені, "Знак Пашаны" (двойчы), сярэбранага ордэна Міжнароднага алімпійскага камітэта, ганаровая грамадзянка Мінска
Дзявочае імя:
Новікава
Варыянты імя:
Новікава Алена Дзмітрыеўна
Імёны на іншых мовах:
Belova Yelena (англійская); Novikova Yelena (англійская); Белова Елена Дмитриевна (руская); Новикова Елена Дмитриевна (руская);
4727 сімвалаў
Даведка
Каля 20 гадоў Алена Дзмітрыеўна Бялова (дзявочае Новікава) адстойвала гонар краіны на міжнародных турнірах. Энергічная, працаздольная, мэтанакіраваная, яна пераўзыходзіла многіх сваіх саперніц. Імя А.Д. Бяловай як абсалютнай рэкардсменкі па колькасці заваяваных медалёў па фехтаванні на рапірах сярод жанчын занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса.
Нарадзілася А.Д. Бялова ў г. Савецкая Гавань Хабараўскага краю (Расія). У юнацкія гады займалася баскетболам, танцамі, спевамі. Калі неспадзявана трапіла ў спартыўны зал, дзе ішло спаборніцтва фехтавальшчыкаў, то была ў захапленні ад гэтага віду спорту. Моцнае ўражанне на яе аказалі рашучыя паядынкі двух сапернікаў у прыгожых белых «рыцарскіх» касцюмах, шлемах, з бліскучымі шпагамі. У хуткім часе прыняла рашэнне наведваць фехтавальную секцыю. Заслужаны трэнер СССР Л.П. Бокун бачыла, што яе вучаніца валодае адметнымі якасцямі фехтавальшчыцы, таму старалася развіць і замацаваць іх. Педагог акрамя спецыяльных тэхнічных элементаў вучыла запамінаць свае рухі, аналізаваць завершаны бой, шмат увагі ўдзяляла псіхалогіі. Алена Дзмітрыеўна авалодвала ўсімі навыкамі з неверагоднай хуткасцю. Ужо праз два з паловай гады была ўключана ў юнацкую зборную СССР. Пяць разоў яна станавілася чэмпіёнкай СССР сярод моладзі, двойчы займала першую ступеньку на маладзёжным чэмпіянаце свету. А ў 1967 г., будучы дэбютанткай, адразу стала сярэбраным прызёрам на спаборніцтвах па праграме Спартакіяды народаў СССР і ўвайшла ў алімпійскую зборную СССР, у складзе якой былі вядомыя фехтавальшчыцы Г.Я. Гарохава, А.І. Забеліна, Т.Д. Самусенка і інш. Ні ў адным з рэйтынгаў, апублікаваных перад ХIХ летнімі Алімпійскімі гульнямі (1968, Мехіка), прозвішча Алены Дзмітрыеўны не значылася, але менавіта яна стала адзінай фехтавальшчыцай, узнагароджанай двума залатымі медалямі (у асабістым і камандным заліках). Стратэгіі А.Д. Бяловай неспадзявана імкліва весці серыю бесперапынных нападаў аказаліся не ў стане супрацьстаяць нават нядаўнія фаварыткі міжнародных турніраў. Высокая, гібкая, хуткая, спартсменка валодала бясспрэчнай вытрымкай, стрыманасцю, моцнай воляй і стойкасцю. Міжнародная федэрацыя фехтавання ўнесла А.Д. Бялову першым нумарам у спіс лепшых рапірыстак алімпійскага года. Ёй таксама прысудзілі «Прыз нечаканасці», заснаваны Міжнароднай федэрацыяй журналістаў. На радзіме фехтавальшчыцу ўзнагародзілі ордэнам Дружбы народаў. У 1968 г. яна стала заслужаным майстрам спорту СССР. Алена Дзмітрыеўна Бялова – чэмпіёнка ХХ, ХХI летніх Алімпійскіх гульняў (1972, Мюнхен; 1976, Манрэаль – у камандным, бронзавы прызёр у асабістым заліку), сярэбраны прызёр ХХII летніх Алімпійскіх гульняў (1980, Масква – у камандным заліку). Яна таксама чэмпіёнка свету ў асабістым (1969) і камандным (1970, 1971, 1974, 1975, 1977–1979) заліках; сярэбраны прызёр у асабістым заліку (1970, 1977); 14-кратная ўладальніца Кубкаў Еўропы; 21-кратная чэмпіёнка СССР, Спартакіяд народаў СССР, уладальніца Кубкаў СССР. З’яўляецца пераможцай адкрытага чэмпіянату Аўстрыі (1977), самых прэстыжных міжнародных турніраў (на прыз «Сярэбраная рапіра» – 1968, 1969, 1972, Італія; «Жанці» – 1973, 1974, 1979, Францыя; «Сем нацый» – 1976–1979, Германія) і інш. Алена Дзмітрыеўна Бялова заўсёды ставіла перад сабой вялікія задачы. Аднак за кожным трыумфам спартсменкі – тытанічная праца, уменне правільна размеркаваць свае сілы. У 1979 г. яна стала заслужаным дзеячам фізічнай культуры Беларусі, у 1994 г. заслужаным трэнерам Беларусі.
Алена Дзмітрыеўна Бялова заўсёды вельмі паспяхова сумяшчала спорт і вучобу. Скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага (1971), Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ (1983). У 1979 г. стала кандыдатам педагагічных навук, у 1993 г. прафесарам. З 1983 па 1998 г. узначальвала кафедру педагогікі і псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Яна аўтар многіх навуковых даследаванняў, навучальных дапаможнікаў і інш. Была членам выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі (1991–2000). З’яўлялася дырэктарам Вышэйшай школы трэнераў (2006–2010), старшынёй Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (2007–2011). Яна прадстаўнік Беларусі ў Еўрапейскай асацыяцыі «Жанчыны Еўропы і спорт». У 2007 г. стала ганаровай грамадзянкай Мінска. У 2015 г. уключана ў Залу славы Міжнароднай федэрацыі фехтавання.
Алена Дзмітрыеўна Бялова ўзнагароджана трафеем «За алімпійскія ідэалы» ў сувязі са 100-годдзем алімпійскага руху (1994), двума ордэнамі «Знак Пашаны», ордэнам Айчыны III ступені, сярэбраным ордэнам Міжнароднага алімпійскага камітэта (1997), медалём П’ера дэ Кубертэна (2007) і інш. З’яўляецца ганаровым дынамаўцам СССР.