Кароткая даведка:
спартсмен (бокс), спартыўны дзеяч, заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён ХХІV летніх Алімпійскіх гульняў (1988, Сеул), пераможца міжнародных спаборніцтваў "Држба-84", сярэбраны (1987) і бронзавы (1985) прызёр чэмпіянатаў Еўропы, чэмпіён СССР (1987–1988), кавалер ордэна "Знак Пашаны", ганаровы грамадзянін Віцебска
Імёны на іншых мовах:
Yanovski Vyacheslav (не вызначана); Яновский Вячеслав Евгеньевич (руская);
1767 сімвалаў
Даведка
Вячаслаў Яноўскі нарадзіўся ў Віцебску. Пачаў займацца боксам у 13 гадоў пад кіраўніцтвам трэнера Валерыя Кандраценкі. У 1981 г. Вячаслаў увайшоў у склад зборнай СССР, потым спыніў заняткі боксам, аднак праз некаторы час вярнуўся да трэніровак. У 1985 г. стаў лепшым баксёрам турніру паміж СССР і ЗША, які прайшоў у Амерыцы. У той час баксёры ЗША і Кубы лічыліся непераможнымі. Вячаслаў Яноўскі правёў больш за трыццаць паядынкаў супраць кубінскіх спартсменаў, і ў трыццаці з іх атрымаў перамогу. У тым жа 1985 г. наш баксёр стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы. Нягледзячы на поспехі, у чарговы раз вырашыў пакінуць вялікі спорт і працаваць трэнерам, аднак зноў вярнуўся і стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы (1987) і чэмпіёнам СССР (1987, 1988).
У 1988 г. на Алімпіядзе ў Сеуле Вячаслаў Яноўскі выйграў усе шэсць паядынкаў і стаў адзіным беларускім баксёрам, які стаў алімпійскім чэмпіёнам.
Падчас заняткаў аматарскім боксам спартсмен правёў каля трохсот шасцідзесяці пяці паядынкаў, у двухсот сямідзесяці з іх стаў пераможцам. Пасля завяршэння Алімпіяды Вячаслаў Яноўскі вырашыў стаць баксёрам-прафесіяналам. У 1989 г. ён перабраўся ў Японію, дзе стаў шасцікратным чэмпіёнам краіны. Потым працаваў у Германіі, дзе таксама стаў чэмпіёнам. У 1997 г. пасля заяршэння прафесійнай кар’еры Вячаслаў Яноўскі вярнуўся ў родны Віцебск і стварыў свой баксёрскі клуб “Янус”. У 1997–1999 гг. ўзначальваў Беларускую федэрацыю бокса, з пачатку 2000-х гадоў працуе ў Расіі. Са студзеня 2019 г. Вячаслаў Яўгенавіч Яноўскі ўзначальвае трэнерскі савет Клуба бокса паветрана-дэсантных войск Расіі.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.