Кароткая даведка:
спартсменка і трэнер (гімнастыка спартыўная), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіёнка, сярэбраны і бронзавы прызёр ХХ летніх Алімпійскіх гульняў (1972, Мюнхен), чэмпіёнка свету і СССР (1970), абсалютная чэмпіёнка Еўропы (1971), узнагароджаная ордэнам "Знак Пашаны"
Варыянты імя:
Лазаковіч Тамара Васілеўна
Імёны на іншых мовах:
Lazakovich Tamara (англійская); Лазакович Тамара Васильевна (руская);
2092 сімвалы
Даведка
Тамара Лазаковіч нарадзілася ў пасёлку Гусева Калінінградскай вобласці. У пачатку 1960-х гг. дзяўчынка разам з роднымі пераехала ў Віцебск, дзе пачала наведваць секцыю спартыўнай гімнастыкі. Першым трэнерам Тамары Лазаковіч стаў Вікенцій Дзмітрыевіч Дзмітрыеў. Дзякуючы сваім фенаменальным фізічным і асабістым якасцям – спрыту, кемлівасці, адсутнасці страху і працавітасці – юная спартсменка хутка стала адной з лепшых гімнастак краіны: на юніёрскім чэмпіянаце СССР у 1968 г. 14-гадовая спартсменка заваявала пяць медалёў. Пасля завяршэння чэмпіянату Тамара Лазаковіч і яе трэнер Вікенцій Дзмітрыеў увесь час прысвячалі напружаным трэніроўкам. У 1970 г. 16-гадовая беларуская гімнастка заняла трэцяе месца ў мнагабор'і на чэмпіянаце СССР, перамагла ў практыкаванні на бервяне і трывала замацавалася ў складзе нацыянальнай зборнай.
Наступны год стаў для Тамары Лазаковіч адным з самых удалых: спартсменка заваявала тры залатыя медалі чэмпіянату Еўропы і званне абсалютнай чэмпіёнкі, выйграла Спартакіяду народаў СССР і чэмпіянат краіны.
На XX летніх Алімпійскіх гульнях 1972 г. у Мюнхене Тамара Лазаковіч заваявала чатыры медалі – золата ў камандных спаборніцтвах, срэбра ў практыкаваннях на бервяне і дзве бронзы ў мнагабор'і і вольных практыкаваннях. Гледачы і суддзі былі ўражаны тэхнікай і адточанасцю рухаў спартсменкі, для ўсіх прыхільнікаў спартыўнай гімнастыкі Лазаковіч стала сімвалам элегантнасці і сапраўднага артыстызму. Цяжкая траўма калена, атрыманая ў 1973 г. падчас турнэ па Злучаных Штатах Амерыкі, прымусіла Тамару Лазаковіч пакінуць вялікі спорт. Пасля заканчэння спартыўнай кар’еры яна пэўны час працавала трэнерам, была інструктарам у камітэце па фізкультуры і спорце Віцебскага аблвыканкама. На жаль, ва ўзросце 38 гадоў Тамара Лазаковіч пайшла з жыцця. З сярэдзіны 1990-х гг. у Віцебску штогод праводзяцца адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па спартыўнай гімнастыцы памяці алімпійскай чэмпіёнкі Тамары Лазаковіч.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.