Кароткая даведка:
спартсменка (лёгкая атлетыка, кіданне дыска), заслужаны майстар спорту Беларусі, чэмпіёнка ХХVІІ летніх Алімпійскіх гульняў (2000, Сіднэй), сярэбраны прызёр ХХVІ летніх Алімпійскіх гульняў (1996, Атланта), чэмпіёнка свету (1995, 2001), узнагароджана ордэнам Айчыны ІІІ ступені
Імёны на іншых мовах:
Zvereva Ellina (не вызначана); Зверева Эллина Александровна (руская);
3154 сімвалы
Даведка
Эліна Зверава нарадзілася 16 лістапада 1960 года ў расійскім горадзе Тула. Калі дзяўчынцы было восем гадоў, мама прывяла яе ў секцыю фігурнага катання. Пасля некалькіх гадоў заняткаў Эліна выканала нарматыў трэцяга дарослага разраду. У той жа час спартсменка наведвала велатрэк, басейн, баскетбольную і валейбольную секцыі, спрабавала сябе ў мнагабор'і. Аднак таленавіты трэнер Валерый Савельевіч Коваль змог абудзіць цікавасць Эліны Зверавай да кідання дыска, той самай дысцыпліне, якая ў будучыні зробіць яе алімпійскай чэмпіёнкай.
Нягледзячы на тое, што спартсменка неаднаразова пакідала лёгкую атлетыку, да 15 гадоў яна канчаткова засяродзілася на кіданні дыска. Ужо будучы майстрам спорту, Эліна Зверава на зборах у Адлеры пазнаёмілася з Мечыславам Аўсянікам, які запрасіў спартсменку трэніравацца да сябе ў Мінск. У 1986 годзе Эліна Зверава нарадзіла дачку і на некаторы час выпала з трэніровачнага графіка. Трэнер спартсменкі застаўся незадаволены гэтым, і сваю далейшую падрыхтоўку да галоўных сусветных стартаў спартсменка працягнула пад кіраўніцтвам свайго мужа Віктара Бочына.
У 1988 годзе Эліна Зверава тройчы пасылала дыск за 71 м, а лепшае дасягненне, паказанае на мемарыяле братоў Знаменскіх, раўнялася 71 м 58 см. Не дзіўна, што ў спартсменкі з’явіліся мары аб Алімпіядзе ў Сеуле. На Гульнях XXIV Алімпіяды 1988 года з-за траўмы, атрыманай напярэдадні, Зверава паказала толькі 5 вынік. Пазней на летнім чэмпіянаце СНД, дзе праходзіў адбор на Алімпіяду–92, Зверава перамагла з вынікам 68,82 м, аднак у алімпійскую Барселону паехалі прадстаўнікі расійскай школы лёгкай атлетыкі. У 1993 годзе, выступаючы за нацыянальную зборную Рэспублікі Беларусь, Эліна Зверава заваявала "серабро" на чэмпіянаце Еўропы і Кубку свету. На чэмпіянаце свету ў 1995 годзе ў Гётэбаргу першая ж спроба з вынікам 67,84 м прынесла спартсменцы званне чэмпіёнкі. На XXVI летніх Алімпійскіх гульнях у Атланце Эліна Зверава кінула дыск на 65 м 64 см, што дазволіла ёй заваяваць бронзавы медаль.
На працягу наступных чатырох гадоў спартсменка з трэнерам прарабілі грандыёзную працу для таго, каб да наступных Алімпійскіх гульняў выйсці на пік формы і паказаць найлепшы вынік. Узнагароджанне за працу не прымусіла сябе доўга чакаць. Усяго чатыры спробы хапіла спартсменцы, каб кінуць снарад на 68 м 40 см, што аказалася недасягальным вынікам для яе саперніц. "Золата" гульняў у Сіднэі ў 2000 годзе дасталася беларускай спартсменцы. Яна з’яўляецца таксама бронзавым прызёрам Гульняў XXVI Алімпіяды ў Атланце (1996 г.), сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы (Хельсінкі, 1994 г.) і чэмпіянату свету (Афіны, 1997 г.), узнагароджана ордэнам Айчыны ІІІ ступені (2000 г.).
Заслужаны майстар спорту Эліна Зверава прадэманстравала талент і выдатную фізічную падрыхтоўку яшчэ на двух Алімпійскіх гульнях – у Афінах у 2004 годзе і Пекіне ў 2008 годзе, дзе заняла 15 і 6 месцы адпаведна. Перад Алімпійскімі гульнямі ў Лондане ў 2012 годзе Эліна Зверава завяршыла спартыўную кар'еру і цалкам прысвяціла сябе трэнерскай працы.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.