Кароткая даведка:
спартсмен і трэнер (скачкі ў ваду з трампліна), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён ХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў (1980, Масква), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1982), чэмпіён Еўропы (1981), пераможца міжнародных спаборніцтваў "Дружба-84", мнагакратны чэмпіён СССР, кавалер ордэна "Знак Пашаны" (двойчы)
Імёны на іншых мовах:
Portnov Aleksandr (не вызначана); Портнов Александр Сталиевич (руская);
2414 сімвалы
Даведка
Аляксандр Партноў нарадзіўся ў спартыўнай сям’і: яго бацькі – Сталій Львовіч і Лідзія Міхайлаўна – былі трэнерамі па скачках у ваду. Першы скачок з трохметровай вышкі Саша зрабіў у тры гады на руках у бацькі. Бацька з дзяцінства рыхтаваў сына да высокіх нагрузак: Саша бегаў мнагакіламетровыя кросы, займаўся гімнастыкай, акрабатыкай, скачкамі на батуце.
Спачатку хлопчык трэніраваўся пад кіраўніцтвам Анатоля Андрэева. У Аляксандра добра атрымліваліся скачкі з дзесяціметровай вышкі, аднак пасля няўдалага трэніровачнага скачка перайшоў на трохметровы трамплін. З гэтага часу трэнерам юнага спартсмена стаў яго бацька Сталій Львовіч. Высокі рост Аляксандра (180 см) ствараў яму дадатковыя цяжкасці падчас выканання складаных элементаў.
У поле зроку спецыялістаў Аляксандр Партноў трапіў у 1976 г., калі стаў бронзавым прызёрам юніёрскага чэмпіянату Еўропы. У 1979 г. падчас Спартакіяды народаў СССР спартсмен выканаў адну з самых складаных адвольных праграм і заняў чацвёртае месца. Сваю ўнікальную праграму Аляксандр Партноў прэзентаваў на міжнародным турніры “Вясновыя ластаўкі” ў Мінску ў сакавіку 1980 г. і стаў пераможцам. За некалькі дзён да пачатку маскоўскай Алімпіяды Аляксандр атрымаў траўму калена, аднак вырашыў прыняць удзел у спаборніцтвах.
Пасля кваліфікацыі Аляксандр Партноў займаў другое месца і выйшаў у фінал. Падчас выканання чарговага скачка спартмен быў аглушаны шумам гледачоў, якія сачылі за спаборніцтвамі сярод жанчын на дыстанцыі 200 м брасам, і сарваў скачок. Па правілах, калі спартсмен не змог выканаць практыкаванне з-за знешніх перашкод, яму дазваляецца яго паўтарыць. Аляксандр Партноў лідзіраваў і мог бы спрасціць элементы, аднак вырашыў прадэманстраваць усё, на што здатны. У фінале ён набраў суму 614,970 балаў і стаў алімпійскім чэмпіёнам.
Спартсмен знаходзіўся ў выдатнай форме і вырашыў рыхтавацца да наступнай Алімпіяды. Аднак Алімпійскія гульні 1984 г. прайшлі без удзелу савецкіх спартсменаў. У жніўні 1984 г. на міжнародных спаборніцтвах “Дружба-84” Аляксандр Партноў зноў стаў пераможцам. У 1982, 1984, 1987 і 1988 гг. спартсмен быў чэмпіёнам СССР.
На Алімпійскіх гульнях 1988 г. Аляксандр стаў дзясятым. Пасля заканчэння спартыўнай кар’еры Аляксандр Сталіевіч Партноў працуе дзіцячым трэнерам.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.