Дата нараджэння:
08.06.1894 Бабруйск, г., Магілёўская вобласць
Дата смерці:
чэрвень 1941 Мінск, г.
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне філасофіі, акадэмік НАН Беларусі, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга
Варыянты імя:
Вальфсон Саламон Якаўлевіч; Вольфсан Сямён Якаўлевіч
Імёны на іншых мовах:
Вольфсон Семён Яковлевич (руская);
2970 сімвалаў
Даведка
Сямён Якаўлевіч Вальфсон залажыў асновы акадэмічнай філасофскай навукі ў Беларусі. Ён шмат зрабіў для развіцця беларускага грамадазнаўства і папулярызацыі навуковых ведаў.
Нарадзіўся ён у Бабруйску. У 1913 г. з сярэбраным медалём скончыў гімназію. Вучыўся на юрыдычным і філасофскім факультэтах Гейдэльбергскага ўніверсітэта. У час Першай сусветнай вайны працягнуў вучобу у Псіханеўралагічным інстытуце, Петраградскім, Маскоўскім, Кіеўскім універсітэтах. У 1919 г. скончыў юрыдычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Пасля атрымання дыплома вярнуўся ў Бабруйск і заняўся выкладчыцкай дзейнасцю. Прымаў удзел у стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у якім працаваў з 1921 г., чытаў лекцыі па гістарычным матэрыялізме. Быў на пасадах прафесара, загадчыка кафедры дыялектычнага матэрыялізму. У 1925‒1930 гг. з’яўляўся дэканам факультэта права і гаспадаркі ўніверсітэта. Дзякуючы вучонаму на факультэце якасна палепшылася сістэма адукацыі, быў уведзены шэраг прафесійных дысцыплін, арганізаваны кабінеты і лабараторыі для практыка-арыентаванага навучання. У 1928 г. выбраны акадэмікам Інстытута беларускай культуры. У 1931‒1938 гг. быў дырэктарам Інстытута філасофіі і права Беларускай акадэміі навук (з 1936 г. АН БССР). Адначасова ў 1931‒1933 гг. працаваў намеснікам наркама адукацыі БССР. З 1936 па 1941 г. з’яўляўся акадэмікам-сакратаром Аддзялення грамадскіх навук АН БССР. У канцы 1930-х гг. быў намеснікам галоўнага рэдактара «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі». У 1931 г. узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Вучоны загінуў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны.
Сямён Якаўлевіч даследаваў праблемы гістарычнага і дыялектычнага матэрыялізму, гісторыі філасофіі, сацыялогіі, навукі і культуры. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 60 навуковых прац. Сярод іх ‒ «Великий социалист: краткий очерк жизни Г.В. Плеханова» (1922), «Марксизм и педагогика» (1924), «Интеллигенция как социально-экономическая категория» (1926), «Матриархат и марксистская генеономия» і «Экзогамия» (1928), «Социология брака и семьи» (1929), «Сям’я і шлюб у іх гістарычным развіцці» (1937) і інш. Ён аўтар першага ў СССР падручніка для вышэйшых навучальных устаноў «Диалектический материализм» (ч. 1‒2, 1922). У 1920-я гг. разам з Б.Э. Быхоўскім даследаваў сацыялогію сямейных адносін і актуальныя пытанні рэлігіі. У манаграфіі «Сучасная рэлігійнасць» (1930) падагульніў канкрэтна-сацыялагічныя даследаванні рэлігійнага жыцця ў Беларусі з пазіцый марксіцкага атэізму. Сямён Якаўлевіч падрыхтаваў працы «Супраць расавых тэорый» (1935) і «Расовые теории германского фашизма» (1937), у якіх крытыкаваў нацызм, антысеміцкія погляды. У работах па гісторыі развіцця шлюбу і сям’і распрацаваў крытэрыі сямейнага быту і маралі, аналізаваў становішча жанчыны ў савецкім грамадстве. Вучоны даследаваў філасофію і эстэтычныя прынцыпы Г. Пляханава, матэрыялістычныя погляды М. Чарнышэўскага, аналізаваў творчасць Я. Купалы, М. Горкага, А. Пушкіна, І. Гурскага.