Дата нараджэння:
1684 (ці 1664) Полацкае ваяводства
Дата смерці:
18.07.1762 Полацкае ваяводства
Кароткая даведка:
уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай
Імёны на іншых мовах:
Hrebnicki Florian (польская); Грабницкий Флориан (руская); Гребницкий Флориан (руская);
1593 сімвалы
Даведка
Адным з самых уплывовых уніяцкіх дзеячаў Рэчы Паспалітай XVIII ст. з’яўляўся Фларыян Грабніцкі.
Пра пачатковы перыяд яго жыцця вядома няшмат. Нарадзіўся ён у Полацкім ваяводстве ў заможнай шляхецкай сям’і. У час вучобы ў Львоўскім папскім калегіуме прыняў манаства ў ордэне базыльян (1699). Атрымаў ступень доктара тэалогіі ў Віленскай езуіцкай акадэміі (1710), пасля чаго выкладаў філасофію ў Жыровіцкай базыльянскай школе. У хуткім часе малады святар быў прызначаны ігуменам Віленскага Троіцкага манастыра. Апрача гэтага выконваў абавязкі прадстаўніка базыльянскага ордэна па юрыдычных справах, намесніка архіепіскапа полацкага, епіскапа віцебскага (1716–1719).
У 1719 г. Ф. Грабніцкі стаў архіепіскапам полацкім. Прыняў актыўны ўдзел у рабоце Замойскага сабора 1720 г. і далейшай рэалізацыі яго рашэнняў. Праз суды намагаўся вярнуць перададзеную езуітам царкоўную маёмасць. У 1729–1730 гг. наведваў Рым, дзе быў прызначаны асістэнтам папскага трона. Актывізаваў будаўніцтва ў Полацкай епархіі каменных храмаў, манастыроў і школ пры іх, ахвяраваў уласныя сродкі і асабіста займаўся справамі аднаўлення Полацкага Сафійскага сабора ў 1738–1750 гг. У 1748 г. Ф. Грабніцкі заняў пасаду мітрапаліта кіеўскага. Выступаў супраць пераходу ўніятаў у каталіцтва, дамогся выдання папскага дэкрэта аб захаванні ўсходняга абраду (не выконваўся).
Памёр Фларыян Грабніцкі ў рэзідэнцыі Струнне (цяпер вёска ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці), пахаваны ў Полацкім Сафійскім саборы. У цяперашні час яго астанкі захоўваюцца ў Полацкім Барысаглебскім манастыры айцоў студытаў.