Дата пачатку:
1044–1066 (ці 1050–1055), адноўлены ў 1738–1750 гг. Полацк, г., Віцебская вобласць
Кароткая даведка:
першы твор мураванага хрысціянскага храмабудаўніцтва на беларускіх землях, помнік архітэктуры XІ–XVІІІ стст., унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Сабор у імя Святой праведнай Сафіі
Назвы на іншых мовах:
The St. Sophia Cathedral (англійская); Полоцкий Софийский собор (руская);
2311 сімвал
Даведка
Полацк архітэктурны, як і ўся манументальная архітэктура Беларусі, пачаўся з Сафійскага сабора. На працягу многіх стагоддзяў храм з’яўляецца сімвалам незалежнасці, велічы, палітычнай, эканамічнай і культурнай значнасці Полацка сярод іншых гарадоў.
Ініцыятарам будаўніцтва быў легендарны полацкі князь Усяслаў Брачыславіч (Усяслаў Чарадзей). Храм XI ст. стаў месцам, дзе захоўвалася шмат культурных каштоўнасцей. Пазней тут была вялікая бібліятэка, якая складалася са збораў летапісаў, рэлігійных, свецкіх і навуковых кніг. Мелася школа, дзе пісаліся і перапісваліся кнігі, працавалі іканапісцы і майстры прыкладнога мастацтва.
Разам з Полацкам Сафійскі сабор перажыў шмат драматычных падзей, разбурэнняў і пажараў. У канцы XV – пачатку XVI ст. ён быў перабудаваны ў храм абарончага тыпу. У 1596–1839 гг. Сафійскі сабор належаў уніятам. На гэты перыяд прыпадае апошняя перабудова храма, што адбылася ў 1738–1750 гг. пад кіраўніцтвам вядомага віленскага дойліда І. Глаўбіца. У новай архітэктуры сабора ўвасобіліся ўсе лепшыя традыцыі позняга барока. У 1920-х гг. было спынена функцыянаванне Сафійскага сабора як дзеючага храма. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў ім праводзіліся богаслужэнні. Пасля вайны храм выкарыстоўвалі пад жыллё, пазней – пад склад. Значных рэстаўрацыйных работ да 1969 г. у Сафійскім саборы не праводзілася.
З прыняццем шэрагу дакументаў па ахове помнікаў і стварэнні археалагічных запаведнікаў у Беларусі ў 1969 г. пачалася рэстаўрацыя храма. Другое нараджэнне полацкай Сафіі адбылося ў 1980-я гг. Аўтарам праекта рэстаўрацыі стаў вядомы беларускі архітэктар В. Слюнчанка. У рабоце па вяртанні да жыцця храма прымалі ўдзел беларускія і літоўскія рэстаўратары, расійскія археолагі, чэшскія майстры-арганісты. Пасля рэстаўрацыі (1985) у ім працуюць музей гісторыі архітэктуры сабора (з 1987 г.) і канцэртная зала арганнай і камернай музыкі.
Храм, размешчаны на высокім пагорку, стройны і велічны, з’яўляецца ўпрыгожаннем Полацка, нагадваючы аб слаўным мінулым беларускага народа, яго духоўным багацці. Нягледзячы на тое, што шматлікія войны, выбухі і перабудовы не дазволілі захаваць першапачатковы выгляд Сафійскага сабора, ён стаў пачаткам полацкай архітэктурнай школы, росквіт якой прыйшоўся на сярэдзіну XII ст.