З імем архітэктара Іагана Глаўбіца звязана стварэнне стылю віленскага барока – архітэктурна-мастацкага кірунку позняга барока ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1730–1770-я гг. Некаторыя даследчыкі лічаць Глаўбіца адзіным прадстаўніком школы віленскага барока. Іншыя, выдзяляючы яшчэ шэраг дойлідаў, сцвярджаюць, што менавіта ён з'яўляецца родапачынальнікам і найбольш яскравым прадстаўніком гэтага стылю, заўважаючы, што не ўсе яго творы можна аднесці да стылю віленскага барока. Аднак і тыя, і другія лічаць творы І. Глаўбіца сапраўднымі шэдаўрамі ў кантэксце агульнаеўрапейскай архітэктуры.
Імя І.К. Глаўбіца адкрыў нам польскі гісторык мастацтва Станіслаў Лёранц, які ў 1937 г. у Варшаве выдаў манаграфію «Ian Krzysztof Glaubitz – architect wilenski XVIII w.».
Нарадзіўся Іаган Глаўбіц каля 1700 г. Славуты архітэктар быў сынам «геометра» Крыштофа Глаўбіца з Сілезіі і свае першыя прафесійныя крокі зрабіў там жа, на будаўніцтве ў 1727–1729 гг. касцёла св. Пятра і Паўла ў Нісе пад кіраўніцтвам вядомых архітэктараў Міхаіла Клейна і Фелікса Антонія Хамершміта.
У 1737–1767 гг. Глаўбіц працаваў у Вільні, аднаўляў храмы, што згарэлі ў час пажару ў 1737 г., і будаваў новыя: касцёл св. Яна (1737), лютэранскую кірху (1737–1738), касцёлы св. Казіміра (1741–1757), св. Кацярыны (1741–1773), касцёлаў ордэнаў візітак, св. Рафала (абодва 1751), дамініканцаў на Кальварыі, капліцу Барбары, браму манастыра базыльян (1761), ратушу, палац езуітаў і інш.
На працягу свайго жыцця Глаўбіц стварыў новыя, непаўторныя па прыгажосці фасады, купалы і купальныя капліцы, пышныя познебарочныя інтэр'еры многіх віленскіх святыняў, якія карэнным чынам змянілі сілуэтную панараму і ўсё мастацкае аблічча горада, надаўшы яму надзвычайную вытанчанасць і адухоўленасць.
Вядома, што Глаўбіц часта адлучаўся з Вільні, але ніколі не пакідаў межаў Вялікага Княства Літоўскага. Архітэктурна-мастацкія прыёмы, увасобленыя ў шматлікіх працах выдатнага майстра ў Вільні, знайшлі адлюстраванне і ў храмабудаўніцтве І. Глаўбіца на землях Беларусі. Сваё творчае крэда найбольш поўна і сістэмна ён увасобіў у архітэктуры ўніяцкіх храмаў Беларусі: Полацкага Сафійскага сабора (1738–1750), Беразвецкай Петрапаўлаўскай царквы (1756–1763) і, магчыма, многіх іншых, фундаваных уніяцкім мітрапалітам Фларыянам Грабніцкім. Сафійскі сабор у Полацку (яго перабудова) храналагічна з' явіўся першым збудаваннем, у якім цалкам і паслядоўна былі ўвасоблены эстэтычныя характарыстыкі архітэктуры віленскага барока.
На тэрыторыі Беларусі Глаўбіц будаваў і перабудоўваў: Сталовіцкі касцёл Іаана Хрысціцеля, Валынецкі касцёл і кляштар дамініканцаў, Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў, Магілёўскі палац архіепіскапа, касцёл базыльян і палац мітрапаліта Ф. Грабніцкага ў Струні каля Полацка (1748–1749), касцёл у Быцешках (Слонімскі павет), інтэр'ер Лідскага Крыжаўзвіжанскага касцёла, амбон, спавядальную і алтары Слонімскага касцёла бернардзінак (1751–1764). Мастацкія прыёмы віленскага барока геніяльна адаптаваны майстрам у архітэктуры праваслаўнай Спаса-Праабражэнскай царквы ў Магілёве (1756–1762). Удзел у будаўніцтве праваслаўнага сабора адлюстроўвае шырокі спектр творчых магчымасцей дойліда.
Мяркуюць, што Глаўбіц удзельнічаў у будаўніцтве Віцебскай ратушы, Дзятлаўскага касцёла Успення Багародзіцы, Быценскага базыльянскага касцёла, Быстрыцкага Крыжаўзвіжанскага касцёла, вежы Гродзенскага касцёла бернардзінцаў, Лявонпальскага палаца (1750), плябаніі пры Гайцюнішскай капліцы (1757).
Іаган Глаўбіц пакінуў пасля сябе багатую спадчыну, але, на жаль, па меркаванні айчынных спецыялістаў, імя гэтага геніяльнага дойліда і стваральніка высокага мастацтва віленскага барока недастаткова вядома сусветнаму мастацтвазнаўству.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.