Кароткая даведка:
помнік архітэктуры барока, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Касцёл Узвіжання Святога Крыжа; Касцёл Узвышэння Святога Крыжа
Назвы на іншых мовах:
The Cross Exaltation Catholic Church (англійская); Лидский костёл Воздвижения Святого Креста (руская); Лидский Крестовоздвиженский костёл (руская);
2770 сімвалаў
Даведка
Побач з Лідскім замкам знаходзіцца Крыжаўзвіжанскі касцёл – помнік архітэктуры барока і ракако. Размешчаны. Дзіўная гармонія з прыродай надае яму незвычайную прыгажосць. У абрысах касцёла адлюстравана шматвяковая гісторыя горада. Пабудаваны ён у 1747(65) – 1770 гг. з цэглы як фарны, верагодна, па праекце віленскага архітэктара І.К. Глаўбіца. Будынак практычна захаваў свой першапачатковы выгляд. Толькі ў час пажару 1821 г. былі страчаны дзве невялікія вежы, якія ўпрыгожвалі галоўны фасад храма.
Кампазiцыя галоўнага фасада двух’ярусная, завершана фiгурным франтонам. Плоскасцi галоўнага i бакавых фасадаў падзелены пiлястрамi. Цэнтральны неф касцёла перакрыты разам з алтарнай часткай цылiндрычным скляпеннем з распалубкамi, бакавыя – цылiндрычнымi на папружных арках. Сакрысцii перакрыты плоскай столлю на падугах. Над уваходам хоры. Iнтэр’ер упрыгожаны фрэскавай размалёўкай, скульптурай i арнаментальнай лепкай, выкананай у стылi ракако. У iм тры мураваныя алтары. Цэнтральны раскрапаваны чатырма калонамi карынфскага ордэра, размаляванымi пад мармур, i спаранымi пiлястрамi гэтага ж ордэра. Антаблемент з моцнымi раскрапоўкамi i развiтым карнiзам. Бакавыя алтары без фiгурнай разьбы. Галоўны алтар выпукла-ўвогнуты з калонамi. Памiж калонамi знаходзяцца шэра-белыя драўляныя постаці святых апосталаў Пятра i Паўла ў поўны рост. Алтарная скульптура «Укрыжаванне» размешчана на маляваным фоне з выявай Галгофы, акаймавана ракайльнай рамай. Над ёй у барочным картушы размешчаны абраз «Тайная вячэра». У завяршэнні алтара – ляпныя воблакі акаймоўваюць круглую люкарну. Аналагічна вырашаны і два бакавыя алтары. Яны ўтвараюць двух’ярусную насценную кампазіцыю на філянговым п’едэстале, на якім узняты дзве карынфскія калоны, што нясуць фігурны шчыт з пуцці і дэкаратыўнымі вазамі. Алтары выкананы ў тэхніцы штучнага мармуру. На скляпеннях у ракайльным арнаментальным абрамленні размешчаны фрэскавыя пано «Узвіжання Святога Крыжа», «Маці Божая», «Дабравешчанне», «Бязгрэшнае зачацце», «Уручэнне ключоў Св. Пятру», чатыры картушы з выявамі евангельскай сімволікі. У храме захоўваецца абраз «Маці Божая з дзіцем», які быццам прывезлі ў 1376 г. першыя місіянеры-францысканцы пры закладцы касцёла на гэтым месцы. Верх алтара аздабляюць пара анёлаў. На скляпеннi галоўнага нефа, на фасаднай сцяне арганнага хору i на скляпеннi сакрысцiй – фрэскi, якiя прадстаўляюць цыкл стварэння свету i чалавека. Калоны касцёла пакрыты фрэскавай iмiтацыяй. Падлога выкладзена мармуровымі плiтамі ў шахматным парадку. Лаўкi i спавядальнi зроблены ў стылi барока, ёсць амбон. У час службы святочна гучыць арган XIX ст. Гэты старадаўні храм невялікі сваімі памерамі, з багата аздобленым інтэр’ерам прыцягвае ўвагу не толькі мясцовых жыхароў, але і турыстаў.