Кароткая даведка:
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1945)
Імёны на іншых мовах:
Искалиев Сундеткали (руская); Искалиев Сундетскали (руская); Искалиев Сундужскали (руская); Искалиев Сундуткали (руская);
2824 сімвалы
Даведка
Сундуткалі Іскаліеў нарадзіўся ў Казахстане. Пасля атрымання пачатковай адукацыі скончыў курсы шафёраў і працаваў у саўгасе.
У 1942 г. стаў чырвонаармейцам. Пасля заканчэння палкавой школы быў залічаны ў 556-ы стралковы полк 169-й стралковай дывізіі. З ліпеня 1942 г. удзельнічаў у баях, быў двойчы паранены. У чэрвені 1944 г. узнагароджаны медалём “За адвагу”.
Асабліва вызначыўся С. Іскаліеў пры вызваленні Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў час наступальнай аперацыі “Баграціён”. У другой палове чэрвеня 1944 г. перад палком, дзе служыў аўтаматчыкам С. Іскаліеў, была пастаўлена задача авалодання стратэгічна важнай вышынёй 150,9 непадалёк ад в. Лудчыцы. Гітлераўцы пабудавалі тут ўмацаваны пункт, які кантраляваў мясцовасць уздоўж Дняпра і рабіў лінію нямецкай абароны амаль непрыступнай. Штурм вышыні 150,9 быў патрэбен для адцягвання асноўных сіл ворага ад галоўнага кірунку ўдару войскаў 1-га Беларускага фронту. Камандзіры і байцы атрада ведалі, што праціўнік прыме іх дзеянні за галоўны ўдар і накіруе супраць іх вялікія сілы.
У ноч з 23 на 24 чэрвеня 1944 г. чырвонаармейцы пачалі штурм вышыні 150,9. Сундуткалі Іскаліеў у ліку першых уварваўся ў траншэю праціўніка, аднак гітлераўцы пры падтрымцы артылерыйскага, мінамётнага і кулямётнага агню перайшлі ў контратаку. Асаблівую небяспеку для нашых байцоў прадстаўляў фашысцкі дзот. Радавы Іскаліеў спрабаваў знішчыць гітлераўцаў аўтаматным агнём і гранатамі, аднак гэта яму не ўдалося. Каб дапамагчы баявым таварышам, С. Іскаліеў ахвяраваў сваім жыццём і закрыў амбразуру варожага дзота сваім целам. Дзякуючы яго подзвігу, байцы прарвалі абарону праціўніка, захапілі вышыню і ўтрымлівалі яе на працягу 20 гадзін. У той дзень супраць перадавога атрада 556-га стралковага палка вораг сканцэнтраваў сілы, якія ў 10 разоў пераўзыходзілі колькасць чырвонаармейцаў. Рота Г. Якубава, у якой змагаўся С. Іскаліеў, за дзень знішчыла больш за 250 гітлераўцаў. Выкананне гэтай задачы запатрабавала вялікіх намаганняў: 165 савецкіх байцоў загінулі і 173 атрымалі раненні.
За ўзяцце Лудчыцкай вышыні трое воінаў сталі Героямі Савецкага Саюза. Быў сярод іх і С. Іскаліеў. Радавы Іскаліеў пахаваны на воінскіх могілках ва ўрочышчы Магучы Партызан Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Імем Героя названы вуліцы ў Мінску і Быхаве.
28 чэрвеня 1984 г. на месцы былых баёў быў адкрыты мемарыял воінскай славы “Лудчыцкая вышыня”, прысвечаны воінам-вызваліцелям. На рукатворным земляным кургане ўзвышаецца сімвалічная фігура гусляра, які праслаўляе подзвіг герояў. Ля падножжа кургана знаходзіцца сцяна-стэла з гарэльефамі Герояў Савецкага Саюза, якія прымалі ўдзел у вызваленні Быхаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: Івана Барысевіча, Пятра Вінічэнкі, Сундуткалі Іскаліева, Уладзіміра Мартынава, Галактыёна Размадзэ і Гуляма Якубава.